— Часта бываю ў Аранчыцах і здараецца бачыць, як людзі перабягаюць чыгуначнае палатно ў неўстаноўленым месцы. Інакш як дурнінай падобнае не назавеш. Якія меры ўздзеяння прымяняюцца да такіх «адважных»?
Адказвае ўчастковы інспектар міліцыі Андрэй Кот:
— Сапраўды, чыгунка — не толькі зручны і запатрабаваны від транспарту, але і зона павышанай небяспекі. Знаходзячыся паблізу чыгункі, патрэбна быць вельмі пільным самому і ўважлівым да навакольных. Сумная статыстыка павінна насцярожыць як непаўналетніх, так і дарослых, напомніць, што толькі ад уважлівасці і захавання строгіх правіл паводзін залежыць іх здароўе, а часам і жыццё.
Самай распаўсюджанай прычынай траўматызму на чыгунцы з’яўляецца хаджэнне па пуцях, пераход іх у неўстаноўленых месцах. Так што выконвайце правілы самі і вучыце дзяцей бяспечным паводзінам на чыгуначным транспарце, не пакідайце малых адных і не дазваляйце ім гуляць паблізу чыгуначных пуцей!
Варта памятаць, што праход па чыгуначных пуцях або знаходжанне на іх у месцах, не вызначаных для перасячэння, цягнуць за сабой адміністрацыйную адказнасць, прадугледжаную ч. 4 арт. 18.2 КоАП Рэспублікі Беларусь у выглядзе штрафу ў памеры да двух базавых велічынь.
Ёсць на чыгунцы і іншыя небяспекі, у іх ліку — крадзяжы пакінутай без нагляду маёмасці. Грамадзяне працягваюць ігнараваць усім вядомыя ісціны, а ў выніку застаюцца без сваіх рэчаў. Засцерагчы сябе ад злачынных замахаў вельмі проста: праяўляць пільнасць і не дапускаць бестурботнасці.