Суббота, 15 марта 2025

Адказвае ўчастковы інспектар міліцыі. Крадзеж з фермы — злачынства

425

— Раней ніхто не забараняў узяць пару пачаткаў кукурузы з калгаснага поля або літр малака з фермы. Цяпер жа гэта лічыцца злачынствам. Навошта так строга ставіцца да падобных дробязяў?

Адказвае старшы інспектар прафілактыкі Ірына Сарока:

— Здаецца, што ад страты пары пачаткаў кукурузы або літра малака гаспадарка не збяднее. А калі разжыцца за яе кошт надумае не адзін работнік, а дзясятак? Да ведама, толькі ў бягучым годзе праваахоўнікі канфіскавалі ў фізічных асоб каля тоны афарбаванай саляркі, сотні кілаграмаў камбікармоў, угнаенняў, харчовых дабавак — таго, што набыць нельга, што магло быць толькі ўкрадзена. А гэта ўжо тысячы рублёў страт для сельгасвытворчасці. Падобная сітуацыя не можа пакінуць раўнадушнымі не толькі міліцыянераў, але і любога работніка аграпрадпрыемства.

Раней бытавала думка: усё вакол калгаснае… Ёй кіраваліся тыя, хто нёс мяшкамі дадому ўраджай. Цяпер жа ўсе сельгасарганізацыі — камерцыйныя кампаніі, якія падлічваюць страты і прыбыткі. І накіроўваюць заробленае на закупку новай тэхнікі і выплату заработнай платы работнікам. Вось і атрымліваецца, што нядобрасумленныя грамадзяне крадуць не ў «калгаса», а ў простых людзей, сваіх калег. І гэта строга караецца праваахоўнымі органамі.

Аддзел аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС нагадвае, што за дробны крадзеж прадугледжана адміністрацыйная адказнасць са штрафам ад 2 да 30 базавых велічынь, або грамадскія работы, або арышт. Набыццё, захоўванне, выкарыстанне ці продаж фізічнымі асобамі афарбаванага паліва штрафуюцца на суму ад 10 да 50 БВ.