Большасць садаводаў і агароднікаў маюць некаторыя веды пра кіслотнасць глебы. Ад гэтага ж залежыць, якімі культурамі засаджваць свой участак, каб атрымаць добры ўраджай. А ўсё таму, што не ўсе расліны любяць кіслую глебу. Што ж тады рабіць з павышанай кіслотнасцю? Праводзіць вапнаванне! Што гэта за звер такі? Метад хімічнай меліярацыі, працэс унясення вапнавых угнаенняў у глебу.
Чым шкодная павышаная кіслотнасць? Яна негатыўна ўплывае на рост, развіццё і ўраджайнасць раслін. Кіслае асяроддзе таксама зніжае эфектыўнасць карысных мікраэлементаў, садзейнічае развіццю шкодных бактэрый, што, у сваю чаргу, павялічвае расход угнаенняў.
Само вапнаванне можа праводзіцца як восенню, пасля збору ўраджаю, так і па вясне. Для гэтага звычайна выкарыстоўваюцца гашаная вапна, даламітавая мука, дрэўны попел, мел і іншыя вапнавыя ўгнаенні.
А як жа вызначыць, ці патрэбна праводзіць гэты агратэхнічны прыём? Калі без хімічнага аналізу, то кіслую глебу можна выявіць па белым адценні, развіцці на ўчастку дзікіх раслін — конскага шчавелю, хвашчу палявога, імху. Калі браць землі ў вытворчых маштабах, то, напрыклад, у нашым раёне вызначэннем кіслотнасці займаецца КУП «Брэсцкая праектна-вышукальная абласная станцыя хімізацыі», супрацоўнікі якой выязджаюць непасрэдна на палеткі гаспадарак, бяруць пробы і, згодна з імі, складаюць карты.
Кожнае сельгаставарыства Пружаншчыны таксама мае карту кіслотнасці сваіх зямель. А яшчэ штогод план па вапнаванні гаспадаркам складае ўпраўленне па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама. Дарэчы, у бягучым годзе гэта 3900 га. На жаль, з кожным годам дадзеная лічба павялічваецца.
Лагічна, канечне, каб гэтай работай займалася якая-небудзь адна арганізацыя. У нас гэта ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс», якое адказвае за дастаўку і ўнясенне даламітавай мукі. Менавіта гэтаму ўгнаенню аддаецца перавага ў барацьбе з павышанай кіслотнасцю ў раёне. Закупка і дастаўка яго праводзяцца за бюджэтныя сродкі. Раней, згодна з рэспубліканскай бюджэтнай праграмай «Аграрны бізнес», таксама за бюджэт райаграсэрвісам аказвалася паслуга гаспадаркам раёна па вапнаванні. Але з сёлетняга года сельгаставарыствам давядзецца раскашэліцца для таго, каб апрацаваць вызначаныя землі даламітавай мукой. Каб не адбылося нейкага непаразумення ў працэсе, паміж выканаўцам і заказчыкам заключаны дамовы. Сур’ёзныя работы патрабуюць адпаведных падыходаў.
І сама работа. Вельмі падрабязна пра яе расказала намеснік дырэктара ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс» па аграхімічным абслугоўванні Таццяна Фунт. Для ўнясення даламітавай мукі ў сельгаставарыстве ёсць два трактары «Кіравец» з размеркавальнікамі мінеральных угнаенняў на 11 тон і чатыры аўтамабілі МАЗ з 26-тоннымі цыстэрнамі. У 2024 годзе гаспадарка закупіла новы размеркавальнік РУ-7000. Цікавы момант. Аказваецца, нават адзін палетак можа быць падзелены на асобныя ўчасткі з улікам кіслотнасці глебы, на якія ўносяцца розныя аб’ёмы даламітавай мукі. Пад ціскам у сярэднім распыляецца па плошчы 4,2-4,8 тоны ўгнаення.
Непасрэдны ўдзельнік вапнавання трактарыст-машыніст Аляксандр Семянчук, з якім сустрэліся на палетку ААТ «Ружаны-Агра» каля вёскі Кавалі, за дзень апрацоўвае даламіткай 24-25 га (і ўсё, зразумела, па карце). Пасля ўнясення ўгнаення сельгаставарыствы адразу прыступаюць да ўзворвання або культывацыі. Дастаўка залежыць, як заўсёды, ад адлегласці. Калі Ружаншчына, то, па словах вадзіцеля Аляксандра Патапчука, гэта адзін-два рэйсы.
Вадзім Раўнейка.
Фота Кацярыны Масік