На чым трымаецца наша сельская гаспадарка? На слаўных і працавітых людзях, якія бездакорна выконваюць любую даручаную работу. Такіх, як трактарыст-машыніст Сяргей Цабрук з ААТ «Роўбіцкае».
Што чалавека робіць чалавекам? Можна пералічыць многа крытэрыяў. Напрыклад, жыць не толькі для сябе, але і для іншых. Дапамагаць людзям у вырашэнні праблем, падтрымліваць, калі трэба, добрым і шчырым словам. Сумленна выконваць абавязкі мужа, бацькі, сына ці дачкі. Быць гаспадаром усюды: і дома, і за яго межамі, і на рабоце. Скажаце, складана вельмі? Ніхто і не сцвярджае адваротнае. Але ёсць жа сярод нас такія людзі з адкрытай душой і спачувальным сэрцам, і многа іх. Узяць хаця б Сяргея Цабрука…
Ён не адкрыў Амерыку, не вынайшаў формулу вадароду, не пабудаваў небаскроб, не стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі. Проста Сяргей Мікалаевіч жыве па чэсці, годна нясе званне чалавека, не патрабуе для сябе лаўраў, а наадварот, заўсёды гатовы аддаць часцінку сябе на карысць іншым.
І нарадзіўся ж у звычайнай сям’і ў в. Чадзель. Але, як вядома, велізарны ўклад у выхаванне робяць бацькі. Вось і тут, бацька Мікалай Мікалаевіч і маці Ганна Якімаўна сваім прыкладам дома і на працы ў сельскай гаспадарцы паказвалі сыну правільны шлях па жыцці, каб ішло роднае дзіця па дарозе справядлівасці, узаемавыручкі, не хавала вачэй ад людзей. Ужо шэсцьдзясят гадоў крочыць па зямлі Сяргей Цабрук (ад рэдакцыі «раёнкі» самыя шчырыя віншаванні з нагоды юбілею), і слова дрэннага ніхто не скажа пра яго, паважаюць і знаёмыя, і калегі.
Дарэчы, аб апошнім — больш за сорак гадоў працоўнага стажу на адным месцы, пры адной прафесіі. Гэта вам не хухры-мухры! Яшчэ падчас вучобы ў тагачаснай Папялёўскай школе атрымаў у Шарашоўскім навучальна-вытворчым камбінаце пасведчанне трактарыста-машыніста. І ўсё. Як ні ўгаворвалі сябры і знаёмыя рвануць у горад, не пагадзіўся. Што там рабіць? Тут жа ўсё сваё, звыклае з самага маленства. Уладкаваўся ў 1983 годзе па спецыяльнасці ў калгас «Шлях Леніна» (цяпер ААТ «Роўбіцкае») і па сёння не ўяўляе сябе ні на якім іншым месцы. Родныя палеткі кожны год цягнуць да сябе. А Сяргей Цабрук і стараецца: адвозіць зерне падчас жніва, косіць, узворвае глебу, займаецца сяўбой кукурузы. Гэта, як лічыць механізатар, і ёсць сапраўднае жыццё, ад якога атрымліваеш асалоду і адчуваеш сябе самым шчаслівым чалавекам на зямлі.
Неяк непрыкметна падкралася і льготная пенсія. Здаецца, нядаўна пераехаў у Роўбіцк, сустрэў будучае шчасце ў асобе прыгожай дзяўчыны Зінаіды, стварыў сям’ю, сумесна выгадавалі двух сыноў Сяргея і Леаніда. А вось ўжо ідзі і спачывай. Не тут было, не такі чалавек Сяргей Мікалаевіч каб сядзець дома. А як жа любімая работа?! Хаця і дома заняцца ёсць чым, трымаюць з жонкай Зінаідай Іванаўнай хатнюю жывёлу. Таксама клопат, але неяк удвох спраўляюцца, сумесна пражытыя гады спрыяюць гэтаму, бо ўсё робіцца разам, без лішніх слоў.
А калі ж адпачываць целам і душой? Ужо даўно для Сяргея Цабрука фізічная праца і з’яўляецца своеасаблівым адпачынкам, бо так адчуваеш сваю патрэбнасць, заўсёды ў руху і пры справе. А для душы пяцёра ўнукаў — Вераніка, Валерыя, Паша, Міраслава і Радыён, якія наведваюцца да бабулі з дзядулем і заўсёды прыносяць з сабой цеплыню і пяшчоту. З гэтага і складаецца чалавечае шчасце, якому трэба не зайздросціць, а радавацца, што ў нашай краіне жывуць сапраўды людзі добрыя і спагадлівыя.
Для чаго патрэбна пісаць пра такіх рабацяг, як Сяргей Цабрук? Каб паказаць для прыкладу іх жыццё, працу, падзякаваць за ўнёсак у дабрабыт краіны. Яны гэтага сапраўды вартыя.
Вадзім Раўнейка
Фота Кацярыны Масік