Вторник, 21 января 2025

Адказнасць, узаемавыручка і ўзаемаразуменне… Якімі прынцыпамі кіруюцца працаўнікі МТК «Гарадняны» ААТ «Пружанскае»?

506

Любая праца патрабуе ад чалавека адказнасці за свой участак работы, узаемавыручкі і ўзаемаразумення. Толькі тады можна думаць пра станоўчы вынік, будаваць планы на будучыню. А гэта, у сваю чаргу, дае веру ў свае сілы і жаданне шчыра працаваць. Так лічаць работнікі МТК «Гарадняны» ААТ «Пружанскае» і вельмі спадзяюцца, што са зменай кіраўніцтва справы ў гаспадарцы пойдуць у лепшы бок.

З гэтымі людзьмі можна разлічваць на прыбытак. На здымку тэхнік-асемянатар Людміла Шабулдаева, жывёлавод Пётр Карнялюк, заатэхнік-селекцыянер Алена Апановіч.

Не заўсёды атрымліваецца ўсё і адразу, у некаторых выпадках патрэбны нейкі прамежак часу, каб дасягнуць жадаемага. Новы начальнік комплексу Сяргей Раманчук упэўнены, што патэнцыял ёсць, а значыць, можна разлічваць на добрыя паказчыкі і прыбытак. Ды і цяпер становішча не такое ўжо і дрэннае. Напрыклад, за І квартал бягучага года на МТК надоена 1584 кілаграмы малака, гэты паказчык у разрэзе раёна знаходзіцца недзе пасярэдзіне.

Як даглядаць маленькіх цялятак добра ведае цялятніца Таццяна Гуга.

— Колькасць дойнага статка складае 946 галоў, на выпойванні знаходзіцца 280 цялят, — гаворыць Сяргей Іванавіч. – У будучым апошнія дадуць магчымасць павысіць надоі. Абслугоўваннем комплексу ў цэлым займаецца 39 чалавек, з іх 10 аператараў машыннага даення. У штаце ёсць такія спецыялісты, як асемянатар, лабарант, ветурач, селекцыянер, якія пільна сочаць за якасцю малака і станам нашых каровак. Хочацца адзначыць работу механізатара Сяргея Бугвіна, які задзейнічаны на раздачы кармоў. Ды і астатнія таксама стараюцца, бо разумеюць, што па рабоце і зарплата.

Што датычыцца кармоў, то іх засталося на 2,5 месяца. Гэтага дастаткова, каб потым без аўралу перайсці на зялёную масу. Важна, зразумела, выкарыстоўваць збалансаваны корм, які паляпшае якасць малака. Таму на комплексе ў абавязковым парадку прымяняюцца біядабаўкі. На дадзены момант сярэднясутачны надой на карову складае 17,6 кілаграмаў, гэта не мяжа, ёсць запал – будзе рэзультат.
Няма нічога немагчымага. А зыходзячы з таго, як жывёлаводы МТК “Гарадняны” перажываюць за свой участак работы, хочацца верыць, што ў іх усё атрымаецца, і, магчыма, хутка.

Вадзім РАЎНЕЙКА, Кацярына МАСІК (фота)