Воскресенье, 12 января 2025

Адказнасць, сумленнасць, глыбокае веданне справы і патрабавальнасць. Такімі якасцямі валодае намеснік пракурора раёна Ірына Жыгалка

1 031

Органы пракуратуры — адна з важкіх апор краіны ў справе ўмацавання аўтарытэту і сілы закона.

Сярод асноўных задач гэтай службы — эфектыўная і своечасовая абарона правоў грамадзян і інтарэсаў дзяржавы, забеспячэнне адзінства прававой прасторы, барацьба са злачыннасцю і карупцыяй. Таму пракурорскіх работнікаў заўсёды вызначае высокая самааддача і адказнасць, сумленнасць, глыбокае веданне справы, прынцыповасць і патрабавальнасць.

Менавіта такімі якасцямі валодае Ірына Жыгалка, якая з верасня бягучага года працуе намеснікам пракурора раёна. Як спецыяліст, яна прайшла выдатную школу, мае багаты вопыт работы па многіх юрыдычных накірунках. Напрыклад, Ірына Віктараўна дакладна ведае асаблівасці службы судовых выканаўцаў, у якой працавала з 2004 года пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Юрыст» і акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці «Дзяржаўнае кіраванне і эканоміка».

З 2008 года Ірына Жыгалка працавала кансультантам суда Бярозаўскага раёна, дзе яна дасканала авалодала ўсімі акалічнасцямі вядзення судовых працэсаў. З кастрычніка 2010 года стала работнікам пракуратуры спачатку ў Бярозаўскім раёне, а потым — на Пружаншчыне. За кароткі час Ірына Віктараўна паспела пацвердзіць свой прафесійны ўзровень і высокі клас практычнай падрыхтоўкі. І гэта нядзіўна, бо, па яе словах, асноўнымі паказчыкамі эфектыўнасці працы пракурорскага работніка з’яўляюцца канкрэтныя факты ўзнаўлення справядлівасці, абарона парушаных правоў і свабод грамадзян, а таксама прадпрыемстваў і арганізацый.

Вераніка Манец, памочнік пракурора. Фота Кацярыны Масік