Понедельник, 2 декабря 2024

Адказна і старанна ўбіраюць азімы рапс у філіяле «Айчына» ААТ «Белавежскі»

435

Усе гаспадаркі раёна распачалі ўборку азімага рапсу. Гэтая сельгаскультура дае магчымасць таварыствам узаемавыгадна супрацоўнічаць з перапрацоўчымі прадпрыемствамі і мець прамы прыбытак.

На палетках «Айчыны».

У філіяле «Айчына» ААТ «Белавежскі» пад азімы рапс задзейнічана 750 га. 18 ліпеня гаспадарка пачала ўборку гэтай сельгаскультуры каля вёскі Жагалы.

Як адзначыў дырэктар філіяла Андрэй Голдзінаў, у першы дзень меркавалі ўбраць палетак прыблізна ў 30 га, каб праверыць тэхніку ў дзеянні, далейшыя планы на дзень — 70-80 га. На ўборцы рапсу задзейнічана сем экіпажаў з рапсавымі прыстаўкамі — адзін камбайн «Джон Дзір» і шэсць «КЗС-1218».

Андрэй Генадзьевіч таксама зазначыў, што ў бягучае жніво ў філіяле разлічваюць на ўраджайнасць у 30 ц/га, мяркуюць сабраць 2200-2300 тон насення.

Камбайнер Андрэй Клішчыц і яго памочнік Андрэй Вайцешка на камбайне «КЗС-1218» падчас уборкі азімага рапсу.

Зразумела, спадзеючыся на добры ўраджай, патрэбна прыкласці немалыя намаганні па доглядзе любой расліны. А калі гаворка ідзе пра рапс, то аграрыі ведаюць, што ён вельмі пераборлівы і не даруе неахайнасці. Таму ў «Айчыне» сур’ёзна падышлі да справы. Пры выбары гатункаў перавагу аддалі гібрыдам першага пакалення: «рохан», «куга», «мэрсэдэс» і інш. Яны больш марозаўстойлівыя, менш падвяргаюцца хваробам і даюць стабільны ўраджай пры належным доглядзе. Было праведзена чатыры інсектыцыдныя апрацоўкі рапсавых палеткаў і дзве фунгіцыдныя. У свой час правялі падкормку азотам. Усё гэта і дало магчымасць спадзявацца на нядрэнны збор ураджаю.

Рапс мае шырокі спектр прымянення: гэта і кулінарыя, і медыцына, і касметалогія, і тэкстыльная прамысловасць, і біяпаліва. А яшчэ каранёвыя выдзяленні рапсу саніруюць глебу і пераводзяць цяжкарастваральныя злучэнні фосфару ў даступныя. Гэта значыць, што ён з’яўляецца ідэальным папярэднікам для збожжавых, асабліва азімай пшаніцы.

Усё насенне азімага рапсу будзе здадзена на перапрацоўчыя прадпрыемствы. Яны, у сваю чаргу, з’яўляюцца гарантам таго, што гаспадарка будзе забяспечана шротам. А гэта, як вядома, каштоўны высокапратэінавы прадукт для кармлення сельскагаспадарчых жывёл,

Падчас уборкі азімага рапсу ў філіяле «Айчына» ААТ «Белавежскі».

Заўсёды прыемна, калі чалавек на сваім месцы, ведае сваю справу, перажывае за вынік. Размова з дырэктарам філіяла «Айчына» ААТ «Белавежскі» запэўніла ў тым, што гэтая гаспадарка зможа паказаць годны вынік падчас сёлетняга жніва.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік