Вторник, 18 марта 2025

Адбылося падпісанне Пагаднення аб сумеснай дзейнасці паміж музеем-сядзібай «Пружанскі палацык» і Ялцінскім гісторыка-літаратурным музеем

234

У Мінску прайшло культурна-дзелавое мерапрыемства «Дні Рэспублікі Крым у Рэспубліцы Беларусь», у якім прыняла ўдзел дырэктар музея-сядзібы «Пружанскі палацык» Ангеліна Маруфенка.

Момант падпісання пагаднення, якое прадугледжвае супрацоўніцтва Ялцінскага музея і Пружанскага палацыка.

У складзе афіцыйнай дэлегацыі Рэспублікі Крым, якую ўзначальвалі першы намеснік Пастаяннага Прадстаўніка Рэспублікі Крым пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі Міхаіл Саломенцаў і міністр культуры Крыма Таццяна Манежына, у беларускую сталіцу прыбыла дырэктар Ялцінскага гісторыка-літаратурнага музея Юлія Руднік.

У дзень асноўных мерапрыемстваў былі ўскладзены кветкі да манумента Перамогі ў Мінску. Удзельнікаў сустрэчы чакала прэзентацыя турыстычнага, эканамічнага і інвестыцыйнага патэнцыялу Рэспублікі Крым, прэзентацыя «Рэспубліка Крым – Паўднёвыя марскія вароты Саюзнай дзяржавы», а таксама дзелавыя перамовы.

Адбылася і важная для абодвух бакоў падзея – падпісанне Пагаднення аб сумеснай дзейнасці паміж Ялцінскім гісторыка-літаратурным музеем і музеем-сядзібай «Пружанскі палацык». З гэтага моманту ў рамках міжмузейнага супрацоўніцтва мяркуецца правядзенне сумесных відэаканферэнцый і анлайн-выстаў, абмен новымі звесткамі пра сям’ю Кляйнміхель і лічбавымі копіямі гістарычных дакументаў.

Імя графіні Кацярыны Пятроўны Кляйнміхель (Мяшчэрскай) вядома як у Ялце, так і ў Пружанах. Генерал-маёр Уладзімір Пятровіч Кляйнміхель, які набыў Пружанскую сядзібу ў 1895 годзе ў падарунак сваёй дачцэ Веры, быў камандзірам Сямёнаўскага палка, жанаты на ўнучцы знакамітага расійскага гістарыёграфа Мікалая Міхайлавіча Карамзіна Кацярыне Пятроўне Мяшчэрскай.

Графіня Кляйнміхель у Ялце заснавала Суполку сясцёр міласэрнасці «Усіх тужлівых радасць» для маламаёмных хворых на туберкулёз. Па трагічным збегу акалічнасцяў сама графіня таксама пакутавала ад гэтай страшнай хваробы.

Яна прыклала нямала намаганняў, прыцягваючы да будаўніцтва дома для Суполкі імператрыцу, многіх грамадскіх дзеячаў і дабрачынцаў, тым самым ратуючы нямала жыццяў людзей, якія прыязджалі на лячэнне ў Ялту.

Супрацоўнікі Ялцінскага музея захоўваюць памяць пра графіню Кляйнміхель. У 2001 годзе з Парыжа ў Ялту прыязджала ўнучка графа Пятра Уладзіміравіча Кляйнміхеля, з якой завязала сяброўства загадчыца аднаго з аддзелаў Ялцінскага музея Людміла Іванова. Дзякуючы гэтаму з’явілася бясцэнная кніга ўспамінаў графіні Веры Уладзіміраўны Кляйнміхель «У цені царскай кароны» пра жыццё яе сям’і, пра тое, як яе маці, графіня Кацярына Пятроўна Кляйнміхель, стварала ў Ялце першую ў гісторыі горада Суполку сясцёр міласэрнасці і многае іншае. Гэтую кнігу дырэктар Ялцінскага музея Юлія Руднік перадала ў дар Пружанскаму палацыку.

Сімвалічна, што гэтая важная для абодвух музеяў сустрэча адбылася напярэдадні 590-гадовага юбілею нашага горада, а таксама 30-годдзя музея: цяпер адкрыты новыя магчымасці для развіцця музейнай справы.

Ангеліна Маруфенка, дырэктар музея-сядзібы «Пружанскі палацык»