Среда, 17 декабря 2025

Адбылося адкрыццё персанальнай выставы творчасці Ганны Васільеўны Захарчук

586

«Фарбы душы»-пад такой назвай 4 чэрвеня ў палацавым комплексе роду Сапегаў адбылося адкрыццё персанальнай выставы творчасці Ганны Васільеўны Захарчук. Калі глядзіш на работы, прадстаўленыя тут, то адразу разумееш, чаму яна так называецца. У творах мастачкі знайшлі адлюстраванне ўсе перажыванні і пачуцці, якія аўтар трымала ў душы ў час іх стварэння.

Разам з Ганнай Васільеўнай на адкрыццё прыехала яе сяброўка Юлія. Яна падкрэсліла, чым мастак адрозніваецца ад звычайнага чалавека: уменнем бачыць прыгажосць навакольнага свету — у людзях, прадметах і ва ўсім тым, што мы часта не заўважаем. Уменне перанесці гэта ў свае работы з’яўляецца важнай часткай творчага працэсу.

Са слоў жа самой мастачкі, яе творчы шлях пачаўся ў бальніцы, дзе яна стварыла свае першыя карціны. Напачатку Ганна імкнулася ствараць складаныя і хвалюючыя работы. Але з цягам часу, калі прыйшла папраўка душы і цела, пачалося сапраўднае шчасце. У сваіх работах яна не імкнецца дасягнуць поўнай завершанасці і дэталізаванасці. Менавіта гэта дазваляе выклікаць у гледачоў трапяткія пачуцці і парывы душы.

На выставе работы размеркаваны па сектарах: алейны жывапіс, акварэль і шкло. Трэба адзначыць, што Беларусь славіцца роспісам па шкле, асабліва Бярозаўскі і Пружанскі раёны.
Выстава будзе працаваць увесь чэрвень і ліпень. Запрашаю скарыстаць гэту магчымасць, каб дакрануцца да «Фарбаў душы» Ганны Васільеўны Захарчук.


Марыя Вішнявецкая. Фота аўтара