Воскресенье, 24 сентября 2023

Адбыўся VI Пленум Пружанскага раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК

377

Прафсаюзы ў жыцці краіны. Гэтае пытанне пастаянна трымае на кантролі Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы заўсёды падкрэслівае, што прафсаюзны рух з’яўляецца паўнапраўным удзельнікам будаўніцтва краіны. Па яго словах, прафсаюзы былі і застаюцца адной з асноўных апор нашага грамадства, яны – гарант і абаронца правоў работнікаў па ўсіх накірунках. Гэтыя і іншыя аспекты ў рабоце прафсаюзнага руху разглядаліся на VI пленуме Пружанскага раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, які прайшоў на мінулым тыдні.

Работа, як і патрабавала мерапрыемства, распачалася з Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. Такі момант заўсёды дае магчымасць настроіцца на плённую працу, адчуць еднасць з прысутнымі, гонар за сваю квітнеючую краіну. Пасля быў прадстаўлены прэзідыум. Месца ў ім занялі Аляксандр Саланевіч, старшыня Брэсцкай абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК, Міхаіл Грышкевіч, старшыня Пружанскага райвыканкама, Сяргей Глушко, першы намеснік старшыні – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, Таццяна Гаманчук, старшыня Пружанскага раённага аб’яднання прафсаюзаў і Вольга Зубкова, галоўны бухгалтар Пружанскай раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК. Вызначыліся ўдзельнікі пленума і з саставамі сакратарыята, рэдакцыйнай і падліковай камісій, узгаднілі парадак дня.

Па першым пытанні аб ходзе выканання праграмы асноўных накірункаў дзейнасці Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу на 2020-2025 гады ў Пружанскай раённай прафарганізацыі і задачах на 2023 год заслухалі і абмеркавалі даклад члена прэзідыума раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Алы Марчук. Ала Сяргееўна адразу скіравала ўвагу прысутных на тое, што, сапраўды, галоўным у рабоце прафесійных арганізацый павінен быць чалавек. Суперажываць, дапамагаць яму – гэта аснова асноў. У сістэме АПК раёна прафсаюзам аб‘яднаны 6381 чалавек, у 13 арганізацыях членамі саюза з’яўляецца 100 % калектыву. Таму на гэты паказчык павінны браць раўненне і астатнія кіраўнікі прафсаюзных пярвічак. Канечне, вельмі хацелася б, каб і прыватныя прадпрыемствы не заставаліся ўбаку ад прафсаюзнага руху. Бо, як факт, дзе няма прафсаюза, там з большай верагоднасцю могуць парушацца правы работнікаў. Вялася гаворка і пра значэнне калектыўных дагавораў у забеспячэнні правоў працаўнікоў.

Таксама Ала Марчук адзначыла важнае значэнне ў рабоце прафсаюзаў АПК грамадскага кантролю, які прызваны ў тым ліку сачыць і за працоўнай дысцыплінай. Важным аспектам у рабоце з’яўляецца аздараўленне членаў прафсаюза. А здаровы работнік – заклад плённай і сумленнай працы. Таму на будучае вышэйпералічаныя накірункі таксама будуць трымацца на кантролі.

Са справаздачай рэвізійнай камісіі Пружанскай раённай арганізацыі работнікаў АПК за 2022 год выступіла яе старшыня Вольга Ляўчук. Было вырашана працягваць маніторынг па пытаннях своечасовага і поўнага паступлення прафсаюзных узносаў, ажыццяўляць пастаянны кантроль за выкананнем каштарыса даходаў і расходаў, працягваць навучанне казначэяў, старшынь рэвізійных камісій і рэвізораў прафсаюзных арганізацый.

Галоўны бухгалтар раённай прафсаюзнай арганізацыі АПК Вольга Зубкова расказала ўдзельнікам пленума аб выкананні каштарыса даходаў і расходаў за 2022 год і аб планах на 2023 год у гэтым напрамку.

Была даведзена інфармацыя і аб зменах у саставе Пружанскага раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК і яго прэзідыуме. Памяняўся састаў савета Пружанскага раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў, якія ўваходзяць у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі.

Пра работу прафсаюзных пярвічак у ААТ «Мурава», «Пружанскі райаграсэрвіс» і «Шані-аграпрадукт» расказалі іх прафсаюзныя лідары Марына Белікава, Наталля Мартынчук і Алена Талакнянік. Падчас іх выступленняў у старшыні райвыканкама Міхаіла Грышкевіча ўзнік шэраг пытанняў і прапаноў. Міхаіла Міхайлавіча цікавіла, якая стымуляцыя прапісана ў калектыўных дагаворах для таго, каб утрымаць маладых спецыялістаў на рабочых месцах, бо тэндэнцыя з адтокам моладзі з вёсак яшчэ захоўваецца. Як было адзначана, каб зрабіць заклад на будучых работнікаў, прафсаюзным актывістам патрэбна праводзіць сустрэчы з навучэнцамі школ у сельскай мясцовасці. Таксама старшыня райвыканкама параіў падтрымліваць цесную сувязь з кіраўнікамі прадпрыемстваў, сумесна вырашаць праблемы сваіх работнікаў, а недзе і самім дапамагаць людзям, браць на сябе адказнасць. Прафсаюзы павінны з’ядноўваць калектывы, паказваць сваю зацікаўленасць у кожным без выключэння. Тады людзі будуць упэўнены ў дзейснасці арганізацыі і актыўна папаўняць яе рады. 

Прыемны момант мерапрыемства: адкрытым галасаваннем Вольга Васільеўна Зубкова была абрана старшынёй Пружанскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК. З ёй быў падпісаны тэрміновы працоўны дагавор на тэрмін паўнамоцтваў прафсаюзнага органа. З гэтым мы яе шчыра віншуем. Аўтаматычна Вольга Зубкова ўвайшла ў састаў Брэсцкага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК.

І ў дадатак да прыемнага… Брэсцкі абласны прафсаюз АПК занесены на Дошку гонару ў рэспубліцы (1 месца). Значыць, ёсць чым ганарыцца, значыць, работа кіпіць, яе прызналі на самым высокім узроўні. Але спыняцца на дасягнутым, канечне, не трэба, бо жыццё не стаіць на месцы, таму прафсаюзам і надалей трэба трымаць у полі зроку чалавека, каб пры патрэбе падтрымаць яго, не пакінуць сам-насам з бядой, а недзе і парадавацца разам з ім простаму чалавечаму шчасцю.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік