
Сваімі поспехамі не перастаюць радаваць і ўжо вядомыя чытачам юныя плыўцы. Напрыканцы мінулага тыдня яны вярнуліся з узнагародамі са сталіцы.
У мінулыя выхадныя ў басейне Белдзяржуніверсітэта фізічнай культуры адбыўся трэці этап адкрытага Рэспубліканскага турніру «Дзіцячая ліга плавання». Удзельнікамі сталі як юныя плыўцы з Беларусі, так і запрошаныя расійскія спартсмены.
Адправілася на спаборніцтвы і каманда СДЮШАР № 2 г. Пружаны. Па выніках заплываў медальная скарбонка каманды папоўнілася 11 медалямі.
Часцей за ўсіх на вышэйшую прыступку п’едэстала чарговага этапу «Дзіцячай лігі плавання» падымалася Варвара Лукуць, падапечная трэнера Паўла Барана. Спартсменка заваявала залатыя ўзнагароды на пяцідзесяціметроўках вольным стылем і на спіне, была першай і па выніках мнагаборства. Яшчэ адзін медаль —бронза — у Варвары пасля заплыву на 50 м батэрфляем.
Двум спартсменкам, якія трэніруюцца пад кіраўніцтвам Сяргея Каляды, таксама пакарыліся бронзавыя ўзнагароды. Вікторыя Шут — трэцяя на 50 м батэрфляем, Арыядна Варыцкая — на дыстанцыі ў 200 м вольным стылем.
Таксама плённым стаў турнір для Цімура Дакімовіча, ён таксама ўдасканальвае спартыўнае майстэрства пад кіраўніцтвам Сяргея Каляды. Чатыры разы спартсмен станавіўся сярэбраным прызёрам — на 200 м вольным стылем і комплексным плаваннем, пяцідзесяціметроўцы брасам, а яшчэ па выніках мнагаборства. Самым жа ўдалым стаў заплыў на 200 м брасам — тут Цімур абсалютны пераможца — у яго залаты медаль.
Далей — больш, запэўніваюць у другой спартыўнай школе райцэнтра. Заключны этап «Дзіцячай лігі плавання» сезона 2023/2024 пройдзе ў маі ў Брэсце.
Уладзіслаў Шпарла
