Воскресенье, 13 октября 2024

Адбыўся пленум раённага савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, прысвечаны 35-годдзю яго ўтварэння.

336

У якасці ганаровых гасцей на ўрачыстасці прысутнічалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец і старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Дзмітрый Чайкоўскі. Менавіта яны пасля падзячных слоў ветэранам за актыўную жыццёвую і грамадзянскую пазіцыю распачалі працэдуру ўзнагароджання.

Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец уручыў старшыні Пружанскага аддзялення асацыяцыі вязняў фашызму Валянціне Засядацель. Падзячным лістом райвыканкама былі ўзнагароджаны старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі органаў унутраных спраў Пружанскага РАУС Мікалай Замковіч, ветэран працы, малалетні вязень фашысцкіх канцлагераў Соф’я Карпей, а таксама член раённага савета ветэранаў Станіслаў Лаўрыновіч.

У наступнай частцы праграмы Дзмітрый Чайкоўскі сумесна са старшынёй савета ветэранаў Уладзімірам Яцкевічам уручылі падарункі ад прафсаюзных арганізацый і ўзнагароды ад раённага савета ветэранаў старшыням ветэранскіх пярвічак Ружанскага сельвыканкама, аўтапарка №11 г.Пружаны, КУВП «Камунальнік», аграрна-тэхнічнага каледжа, раённага спажывецкага таварыства, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама і раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

Была адзначана прадуктыўная работа адказнага сакратара савета ветэранаў, прафарганізатара ад райкама прафсаюза работнікаў дзяржустаноў Таццяны Капіцы і самога старшыні савета ветэранаў Уладзіміра Яцкевіча, які на нядаўнім абласным пленуме ветэранскай арганізацыі быў узнагароджаны Ганаровай граматай абласнога савета ветэранаў.

Старшыня савета ветэранаў падзякаваў усім за аказаныя яму павагу і давер і расказаў пра асноўныя аспекты дзейнасці арганізацыі. Даніну памяці аддалі прысутныя ганароваму ветэрану Ніне Рыгораўне Васечка, якая нядаўна пайшла з жыцця.

Сёння ветэранская суполка аб’ядноўвае больш за 10 тысяч пенсіянераў у 43 пярвічных ветэранскіх арганізацыях. Пры савеце ветэранаў створаны і працуюць камітэт ветэранаў працы, камітэт ветэранаў вайны і Узброеных сіл, камісія па маральна-патрыятычным выхаванні моладзі, сацыяльна-бытавая камісія, а таксама прэс-група.

— Ветэранская арганізацыя — сур’ёзная грамадская сіла, якая стаіць на вахце інтарэсаў людзей старэйшага пакалення і хвалюецца за будучыню краіны. Цяжка пераацаніць ролю людзей з вялізным баявым і працоўным вопытам у справе патрыятычнага выхавання нашай моладзі. Члены нашай арганізацыі актыўна ўдзельнічаюць у мерапрыемствах, якія праводзяцца Таварыствам Чырвонага Крыжа, многія працуюць валанцёрамі. Таксама вялікую ўвагу мы надаём стварэнню ўмоў для культурнага адпачынку, аздараўлення, рэалізацыі творчых здольнасцей сваіх ветэранаў. Ветэранскім творчым клубам «Нам гады не бяда» пад кіраўніцтвам Святланы Несцеравай рэгулярна наладжваюцца духоўна-паэтычныя і іншыя мерапрыемствы, вечары адпачынку для людзей «залатога ўзросту», — адзначыў, у прыватнасці, Уладзімір Яцкевіч і падзякаваў за падтрымку кіраўніцтва і ідэалагічных работнікаў райвыканкама, а таксама работнікаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і старшыняў сельвыканкамаў.

Кульмінацыйным момантам праграмы стала ўручэнне пасведчанняў і знакаў «Ганаровы ветэран» члену прэзідыума савета ветэранаў Алене Крупчук і старшыні пярвічнай ветэранскай арганізацыі Пружанскага малочнага камбіната Мікалаю Куроўскаму, якія былі вельмі расчулены такой увагай да сваіх асоб.

Кожны, хто прысутнічаў на пленуме, меў магчымасць выказацца. І гэтай магчымасцю скарысталіся многія. Дзякуючы спантанным і вельмі шчырым выступленням, у якіх ветэраны дзякавалі ўсім за аказаную ім увагу і жадалі адзін аднаму моцнага здароўя, на пратакольным мерапрыемстве была створана вельмі цёплая і нязмушаная атмасфера.

Алена ЗЯЛЕВІЧ, Ніна ДЫДЫШКА, Кацярына МАСІК (фота)