Суббота, 18 мая 2024

Адборачны тур Афанасьеўскага інтэлектуальнага турніра прайшоў у Пружанах. Хто паедзе на абласны этап?

316

На базе цэнтральнай раённай бібліятэкі 8 кастрычніка быў праведзены адборачны тур Афанасьеўскага інтэлектуальнага турніру Брэсцкай епархіі. Удзел у ім прынялі каманды «Галактыка» СШ №5 г. Пружаны і «Амнезія» гімназіі.

Мерапрыемства, прысвечанае 1030-годдзю праваслаўя на беларускіх землях, наведала віцэ-консул Генеральнага консульства Расійскай Федэрацыі ў Брэсце, кіраўнік аддзялення Расійскага цэнтра навукі і культуры Юлія Сяменчанка. Яна ж узначаліла аўтарытэтнае журы, у якое таксама ўвайшлі дырэктар Пружанскай ЦБС Таццяна Гуторкіна, прадстаўнік па правядзенні Афанасьеўскага турніру ад Брэсцкай епархіі іерэй Уладзімір Свідуновіч, клірык Свята-Мікольскага храма ў Пружанах іерэй Аляксандр Мамановіч. Вёў мерапрыемства іерэй Дыянісій Папоў.

Варта адзначыць, што ўдзельнікам давялося адказаць ажно на 60 не самых простых пытанняў. Яны тычыліся гісторыі ўтварэння Полацкай і Тураўскай епархій, праваслаўных святынь, асоб, якія ўнеслі значны ўклад у духоўнае жыццё беларусаў… А ў перапынках пазітыўны настрой дарылі прысутным юныя спявачкі Ганна Кавальчук і Кацярына Падлужная.

Удзельнікі паказалі нядрэнную падрыхтоўку, валоданне тэмай, уменне разважаць і гуляць у камандзе. У выніку падарункі ад арганізатараў уручылі ўсім гульцам, але лепшай усё ж стала каманда гімназіі, яна і атрымала пуцёўку на ўдзел у Афанасьеўскім турніры, які пройдзе ў Брэсце 1 лістапада. Як “плюсік” у скарбонку пераможцаў заўважым, што «Галактыка» складалася са старшакласнікаў, тады як «Амнезія» — гэта вучні 7-8 класаў, якіх рыхтаваў настаўнік гісторыі Сяргей Саскевіч.

Лепшым гульцом быў названы капітан «Амнезіі» Аляксандр Саскевіч, асобна адзначана і адзіная сярод удзельнікаў дзяўчынка — гімназістка Лілія Момлік.

У той жа час, як адзначыў айцец Дыянісій, галоўнае ў падобных мерапрыемствах — не перамога, а менавіта атрыманне ведаў пра нашу родную зямлю, людзей, якія тут жылі, працавалі, імкнуліся перадаць культурныя і духоўныя набыткі, шчырую веру ў Бога сваім нашчадкам, а значыць, і нам, сённяшняму пакаленню.


Пасля мерапрыемства віцэ-консул Юлія Сяменчанка падзялілася з журналістам сваімі ўражаннямі.

Юлія Яўгенаўна адзначыла, што не першы раз прыязджае ў Пружаны. І заўсёды — з задавальненнем. З удзелам Расійскага цэнтра навукі і культуры ў бібліятэцы ўжо быў арганізаваны шэраг выстаў.

— Нашы народы аб‘ядноўваюць не толькі сяброўскія, роднасныя, эканамічныя, культурныя сувязі, але і агульная вера, праваслаўе. Менавіта веравызнанне гістарычна вызначыла многія напрамкі развіцця Расіі і Беларусі.

Спадзяюся, што наша карыснае партнёрства працягнецца і пасадзейнічае маральнаму, духоўнаму, патрыятычнаму выхаванню моладзі. Вельмі прыемна, што тут, у бібліятэцы, збіраюцца хлопцы і дзяўчаты, у якіх літаральна вочы гараць, якім цікава тое, што вакол іх адбываецца. Дарэчы, Пружаны — адзіны горад раённага маштабу на Брэстчыне, з якім так актыўна супрацоўнічае Расійскі цэнтр навукі і культуры. Але карысць атрымліваецца для абодвух бакоў. Напрыклад, нядаўна мы ў сябе наладзілі выставу лялек пружанскай майстрыхі Алы Хвядун. Брастаўчане атрымалі неверагоднае задавальненне ад яе работ.

— Думаю, што магчымасці супрацоўніцтва далёка не вычарпаны, — зазначае наконт гэтага дырэктар ЦБС Таццяна Гуторкіна. — Пружаншчына багата на цікавых і таленавітых людзей, і вельмі добра, што мы можам падзяліцца з іншымі радасцю ад іх творчасці, пасадзейнічаць адкрыццю новых імёнаў.

Ірына Сядова. Фота Кацярыны Масік