Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 19 жніўня сабраў нараду з кіраўніцтвам Савета Міністраў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
«Традыцыйная нарада з удзелам зацікаўленых, членаў урада і губернатараў», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка ў пачатку сустрэчы.
На разгляд кіраўніка дзяржавы вынесена некалькі важных пытанняў у сферах эканомікі і сацыяльнай палітыкі, і першае з іх — спрашчэнне працэдур будаўніцтва і крэдытавання жылля.
Якія навацыі чакаюць жыллёвае будаўніцтва
«Як мы заўсёды гаворым, Беларусь — дзяржава для народа. Таму ўсе рашэнні павінны прымацца ў інтарэсах людзей. І адной з нашых прыярытэтных задач было і застаецца забеспячэнне грамадзян жыллём. Уласны дах над галавой важны для любога чалавека. Асабліва для маладой сям’і. Гэта яе ўпэўненасць у заўтрашнім дні», — сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка раней даручаў ураду комплексна падысці да паляпшэння заканадаўства ў гэтай галіне. Ён канстатаваў, што статыстыка па ўводзе жылля другі год запар адмоўная. «У чым пытанне?» — удакладніў кіраўнік дзяржавы.
У справаздачах аналітыкаў адна з першых прычын адтоку кадраў з невялікіх населеных пунктаў — адсутнасць магчымасці набыць уласнае жыллё або хаця б засяліцца ў арганізаванае камфортнае і добраўпарадкаванае арэнднае жыллё.
«Сёння трэба надаць новы імпульс жыллёваму будаўніцтву ў вёсцы, у тым ліку індывідуальных дамоў, будаўніцтву прадпрыемствамі арэнднага жылля для сваіх работнікаў. Урадам прапанаваны комплекс навацый: ад спрашчэння падключэння да інжынернай інфраструктуры індывідуальных дамоў да пашырэння фінансавай падтрымкі маладым сем’ям (да 31 года)», — расказаў Прэзідэнт.
Усе навацыі былі разгледжаны экспертным саветам пры Савеце Рэспублікі, у Камітэце дзяржкантролю і Адміністрацыі Прэзідэнта. Аднак, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, агульнай згоды па дакументах не дасягнута.
Кіраўнік дзяржавы спытаў у міністра архітэктуры і будаўніцтва, ці сапраўды ўсе меры, якія прапануюцца, спрашчаюць працэдуры будаўніцтва (каб не атрымалася бачнасць замест вырашэння пытання), ці дазволіць абноўленае заканадаўства разгарнуць жыллёвае будаўніцтва і як у гэтых працэдурах задзейнічаны банкаўскі сектар, ці будзе ў запланаванай падтрымкі дастатковае фінансаванне.
Як у Беларусі прапануюць кансалідаваць транспартныя сістэмы
Другой тэмай нарады стала ўдасканаленне транспартнай інфраструктуры. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што больш як год таму да яго звярнуўся інвестар з прапановай аб стварэнні адзінага нацыянальнага аператара. Планавалася аб’яднаць пад яго крылом усе існуючыя ў краіне інтэлектуальныя транспартныя сістэмы (платныя дарогі, парковачную сістэму, вагагабарытны кантроль, сістэму фотафіксацыі парушэнняў).
«Было даручана вельмі падрабязна прапрацаваць гэту тэму ва ўрадзе. Зразумела, выключна ў дзяржаўных інтарэсах. Прынамсі, каб было лепш, чым цяпер, і гэта выяўлялася ў фінансах. Паколькі, калі праводзіць ужо лічбавую трансфармацыю транспартнай інфраструктуры, то самым перадавым і зручным для людзей спосабам», — падкрэсліў Прэзідэнт.
У прыклад ён прывёў сітуацыю з паркоўкамі, назваўшы яе «поўным хаосам». У самым населеным нашым горадзе — Мінску — нямала аматараў запхнуць сваю машыну куды хочаце. Нават пры наяўнасці платных зон, размешчаных па ўсім цэнтры, ёсць такія грамадзяне, якія аўтамабіль там паставяць, але не заплацяць, гэта значыць плацежнай дысцыпліны няма. І прапаноў па яе ўстанаўленні таксама няма», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.
«Таму галоўнае пытанне такое: ці сапраўды адзіны нацыянальны аператар умацуе дарожную і грамадскую бяспеку, а таксама зможа павысіць фінансавую і тэхналагічную дысцыпліну? Калі так, то які аб’ём інвестыцый спатрэбіцца для рэалізацыі праекта? Якія тэрміны акупнасці? Ці падлічаны будучыя паступленні ў бюджэт? — абазначыў шэраг пытанняў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, пакуль выразнага і зразумелага адказу на іх няма. У сувязі з гэтым Прэзідэнт даручыў далажыць, якія выгады нясе краіне прапанаваная кансалідацыя сістэм, наколькі дакладныя прагназуемыя інвестарам эканамічныя эфекты або ў яго «бізнес-плане» галоўны фактар росту — гэта павышэнне тарыфаў.
«Чакаю тлумачэнняў, за кошт чаго можна дасягнуць эканоміі бюджэтных сродкаў, аб якой заяўляе інвестар», — дадаў кіраўнік дзяржавы.
Як у жывёлагадоўлі пазбавіцца ад нарматыўнага выбыцця жывёлы
Сярод пытанняў, вынесеных на абмеркаванне на ўзроўні кіраўніка дзяржавы, было пытанне са сферы сельскай гаспадаркі, якое выклікае занепакоенасць, — выбракоўка буйной рагатай жывёлы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў аграпрамысловы сектар Беларусі пастаянна ўкладваюцца каласальныя сілы і сродкі. Нядаўна запушчаны чарговы віток мадэрнізацыі.
Прыкладаемыя намаганні даюць пэўны эфект. Ёсць дадатная дынаміка ў жывёлагадоўлі: у бягучым годзе вытворчасць малака павялічылі на 6,5 працэнта, жывёлы і птушкі — амаль на 4,5 працэнта.
«Аднак за гэтымі лічбамі стаіць страшная колькасць загінулага пагалоўя», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. Паводле даных Камітэта дзяржкантролю, амаль паўсюдна асноўнае выбыццё — з-за хвароб. Толькі за паўгода загінула 70 тыс. галоў. Сярод іх цялят ад нараджэння да паўгода — больш за палову, амаль 40 тыс.
«Гэта абуральная безгаспадарчасць. Калі некалі ў мужыка ў вёсцы карова гінула, гэта было трагедыяй сусветнага маштабу. Цяпер чамусьці прывыклі хавацца за нарматывамі і стандартамі. Жудасць! Якія яшчэ нарматывы (асабліва ў Магілёўскай вобласці) па падзяжы жывёлы», — крытычна заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт запатрабаваў, каб быў толькі адзін зразумелы стандарт — здаровая жывёла, якая ўтрымліваецца ў добрых умовах. І тады не будзе выбыцця — ні нарматыўнага, ні звышнарматыўнага.
Асаблівую ўвагу кіраўнік дзяржавы звярнуў на пытанне камплектавання малочнатаварных комплексаў, якіх па краіне пабудавана нямала. «Каго мы там доім? Калі карову, то чаму з казіным удоем?» — спытаў Аляксандр Лукашэнка.
У ходзе нарады міністр сельскай гаспадаркі прадметна далажыў аб стане спраў па выбракоўцы буйной рагатай жывёлы і аб тым, якія меры прымаюцца для камплектавання малочнатаварных комплексаў высокапрадукцыйным пагалоўем.
Якімі відамі дзейнасці дазволяць займацца рамеснікам
Адной з тэм мерапрыемства ў кіраўніка дзяржавы стала ажыццяўленне рамеснай дзейнасці. Прэзідэнт нагадаў, што ў гэтым годзе прыняты абноўлены закон па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці, з якога вынікае, што рамеснікі становяцца часткай прадпрымальніцкай супольнасці.
«Па прапанове ўрада з 1 кастрычніка гэтага года можна стаць рамеснікам выключна па ўстаноўленым пераліку відаў дзейнасці. Гэты пералік павінен быць у бліжэйшы час вызначаны ўрадам», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Таксама плануецца падпісанне адпаведнага ўказа кіраўніка дзяржавы. У сувязі з гэтым Прэзідэнт пацікавіўся, якія менавіта змяненні прапануюцца і чым абумоўлены гэты выбар, ці абмяркоўваліся гэтыя змяненні з насельніцтвам.
«Трэба звярнуць увагу, ці не створыць прапанаванае рэфармаванне перадумовы для пераходу часткі рамеснікаў, напрамкі дзейнасці якіх выпадуць з пераліку, у ценявы сектар», — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. У ліку пытанняў, якія абазначыў Прэзідэнт, — захаванне культурнай спадчыны Беларусі і патрабаванне ў ходзе пераўтварэнняў не страціць якое-небудзь рэдкае рамяство.