Вторник, 22 апреля 2025

Ад якіх хвароб можна засцерагчы хатніх сабак і катоў, а таксама іх гаспадароў? Адказвае ветэрынар Алена Астудзіна

1 685

Газета неаднойчы звяртае ўвагу ўладальнікаў хатніх жывёл на неабходнасці іх вакцынаваць. Але па-ранейшаму адны робяць гэта без пярэчанняў, а іншыя — не лічаць патрэбным забіваць галаву “рознымі глупствамі”. Пачынаецца год – і мы ў чарговы раз звяртаемся да ветэрынарнага ўрача раённай ветстанцыі Алены Астудзінай з пытаннямі наконт вакцынацыі хатніх гадаванцаў.

— Алена Міраславаўна, шмат увагі апошнім часам медыкі звяртаюць на вакцынацыю людзей. А чым адрозніваецца вакцынацыя для жывёл?
— Любая вакцына, калі казаць коратка, — гэта антыген у выглядзе інактываванага ці аслабленага мікраарганізма. Яго ўводзяць для таго, каб арганізм умеў распазнаваць гэты антыген і выпрацоўваць свае антыцелы. Калі ў вакцынаваны арганізм трапляюць патагены (ужо не аслабленыя, а сапраўдныя вірус або бактэрыя), ён распазнае “ворага” і знішчае яго. Так што вакцынацыя жывёл адрозніваецца толькі пералікам хвароб, якія для іх актуальны.

— Калі хатні гадаванец не гуляе па вуліцы, ці абавязкова мучыць яго прышчэпкамі?
— Усе хатнія жывёлы, незалежна ад таго, гуляюць яны па вуліцы ці не, павінны прайсці абавязковую вакцынацыю.
Нагадаю, што ў Беларусі абавязковай з’яўляецца вакцынацыя супраць шаленства. Гэтае захворванне невылечнае, перадаецца ў тым ліку і чалавеку. Пры заражэнні ў хворага няма шанцаў выжыць. Менавіта таму дадзеная вакцынацыя замацавана на заканадаўчым узроўні. На жаль, не ўсе ўладальнікі хатніх жывёл разумеюць небяспеку.
Ёсць і прышчэпкі, якія робяцца па жаданні гаспадара. З неабавязковых назаву, напрыклад, вакцыну ад дэрматамікозу (лішаю). Ад яго існуюць як агульныя вакцыны для сабак і катоў, так і асобныя для кожнага віду жывёл. Дарэчы, захворванне таксама можа перадавацца чалавеку, але яно не такое небяспечнае, як шаленства.

— Ад якіх хвароб робяць прышчэпкі сабакам?
— Самыя распаўсюджаныя захворванні — гэта чума сабак, адэнавірусныя гепатыт і энтэрыт, парвавірусны энтэрыт і каранавірус. Чуму сабак цяпер можна сустрэць вельмі рэдка, паколькі вакцынацыя ад яе праводзіцца ўжо даўно і пераносчыкі з’яўляюцца вельмі рэдка. Самае небяспечнае захворванне – гэта парвавірусны (гемарагічны) энтэрыт, пры якім вірус паражае кішэчнік. Выжывальнасць пры заражэнні невакцынаванай жывёліны вельмі невысокая.

— Вакцынацыя катоў нечым адрозніваецца?
— Найбольш часта ў катоў сустракаецца панлейкапенія, якую інакш называюць тыфам ці чумой катоў. Гэта віруснае захворванне, роднаснае сабачаму парвавіруснаму энтэрыту. Чалавеку яно не перадаецца, а вось каты, нават калі перахварэлі ў лёгкай форме, застаюцца вірусаносьбітамі. Вірус рынатрахеіту паражае дыхальныя шляхі, кальцывірозу — слізістыя абалонкі рота і носа. Хламідыёз – гэта бактэрыяльнае захворванне. Самая першая яго прыкмета — у ката пачынаюць гнаіцца вочы.
На сто працэнтаў, вядома, любая вакцына не абараняе, але яна максімальна зніжае рызыку заражэння. Дарэчы, існуе меркаванне, што хварэюць толькі пародзістыя жывёлы, а ў дваровых добры імунітэт. Але гэта не так, вірусу няма розніцы, чый арганізм паражаць.

— Як неабходна рыхтаваць свайго гадаванца да вакцынацыі?
— Варта памятаць, што прышчэпкі робяць толькі здаровым жывёлам. Адзіная вакцына, якая з’яўляецца лячэбнай і можа ўводзіцца хвораму гадаванцу, — гэта вакцына ад дэрматамікозу.
Таксама абавязкова перад вакцынацыяй правесці дэгельмінтызацыю (пазбавіць ад глістоў). Дарэчы, праводзіць гэтую працэдуру трэба раз у тры месяцы нават у жывёлін, якія не выходзяць на вуліцу.

— Як арганізм жывёлы можа рэагаваць на прышчэпку?
— Вакцынацыя — гэта міні-хвароба. Як і ў чалавека, у жывёліны можа з‘явіцца санлівасць, млявасць. Такі стан можа доўжыцца дзень-два. Гэта норма. Калі недамаганне зацягнецца, то неабходна звярнуцца да ўрача. Могуць мець месца і пабочныя эфекты. Самы распаўсюджаны — гэта рэакцыя на месцы ўвядзення вакцыны. Палохацца не трэба, звычайна прыпухласць на месцы ўколу праходзіць сама сабой. Ускладненні часцей сустракаюцца ў жывёл-алергікаў. Так-так, сярод хатніх гадаванцаў, як і сярод людзей, таксама ёсць схільныя да алергій. Больш падвержаны ім дэкаратыўныя пароды сабак і катоў. Таму перад вакцынацыяй ветэрынар абавязкова распытвае гаспадара аб наяўнасці алергічных рэакцый у гадаванца, а пасля прышчэпкі вядзецца назіранне за жывёлай, каб пры неабходнасці своечасова ўвесці антыгістамінныя ці гарманальныя прэпараты.

— У якім узросце пажадана рабіць прышчэпку?
— Мінімальны тэрмін першай вакцынацыі — два месяцы. І вось тут могуць быць дзве сітуацыі. Калі кацяняты ці шчаняты нарадзіліся ад вакцынаванай кошкі або сабакі, то на працягу першых месяцаў жыцця (да вакцынавання) яны атрымліваюць з малаком маці яе антыцелы. Калі ж кашачая ці сабачая мама невакцынаваная, то малыя адразу ж могуць захварэць.

— Ці можна вакцынаваць дарослых жывёл?
— Вядома, любую справу лепш рабіць своечасова. Але няма ніякіх супрацьпаказанняў для вакцынацыі ў любым узросце.

Вольга ВАДЗЯНОВІЧ