Пагадзіцеся, што ў навагоднія святы і дарослыя, і дзеці чакаюць цудаў, усмешак і падарункаў. І калі малыя ў поўным захапленні ад візіту Дзядулі Мароза і Снягуркі, то для сталых людзей на першае месца выходзіць звычайная ўвага і простае чалавечае добрае слова.
Павіншаваць пажылых грамадзян у Пружанскім раёне не забываліся ніколі, пра гэта сведчыць і маса журналісцкіх артыкулаў. Цяпер жа віншаванні стануць традыцыйнымі ва ўсёй краіне, і імя новай традыцыі — рэспубліканская акцыя «Ад усёй душы». Заўтра, 14 студзеня, яна завяршаецца ў нашай краіне.
Новая акцыя, без перабольшання, зазірнула ва ўсе куточкі нашага раёна. Адным з вялікай колькасці мерапрыемстваў было віншаванне сталых людзей на Пружаншчыне.
У чацвер адправіліся віншаваць пажылых людзей у райцэнтры намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Нэлі Педчанка, а таксама ўдзельнікі вакальнага гурта «Забава» аўтаклуба. А старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец, старшыня Мокраўскага сельвыканкама Вольга Грышкевіч, першы сакратар раённай арганізацыі ГА «БРСМ» Ульяна Апаляйчук разам з прадстаўнікамі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і работнікамі Кляпацкага СДК накіраваліся ў аг. Клепачы.
Заўсёды здзіўляешся жыццёвай сіле, аптымізму і стойкасці сталых людзей. Вось і ў чарговы раз: кожны новы адрас — новая гісторыя даўжынёй у 85 і больш гадоў. Менавіта яны — людзі залатога ўзросту Пружаншчыны — з гонарам прайшлі ўсе выпрабаванні. І няхай сёння падводзіць слых ці зрок, менавіта паважанае пакаленне — прыклад для пакалення падрастаючага.
Такім прыкладам быў і застаецца Яўген Ціханавіч Галякевіч — першы, да каго нам пашчасціла завітаць. Шмат пакаленняў пружанцаў з цеплынёй успамінаюць гэтага настаўніка, а ён у свае амаль 90 (юбілей рыхтуецца адзначаць у лютым) не губляе аптымізму. Кажа, што самае галоўнае сёння — спакой, жадае, каб усе людзі жылі мірна і дзякуе «раёнцы» за навіны і родную мову.
А вось Вольга Майсееўна Тарасевіч сёлета адзначыць 85-гадовы юбілей. Словы віншаванняў і песню «Мы вам жадаем» ад гурта «Забава» слухала са слязьмі на вачах. Ёсць што ўспомніць і што расказаць ёй і пра свой жыццёвы шлях, пра перыяд, калі была вязнем. Зараз жанчына жыве ў дачкі — вядомага ў раёне настаўніка замежнай мовы Веры Радзівончык і, нягледзячы на здароўе, стараецца не падаць духам.
Гэтае ж пажаданне мы адрасавалі Марыі Ільінічне Шкадавай — шматдзетнай матулі, якая літаральна ў кроку ад векавога юбілею. Яго адзначыць у снежні гэтага года. Скажу адразу: жанчына паабяцала, што абавязкова будзе сустракаць гасцей на сваім дні нараджэння. Гэтаму паважанаму чалавеку Руслан Васільевіч перадаў ёлачку, зробленую рукамі выхаванцаў ЦТДМ. Уручыў паштоўку ад раённага Савета дэпутатаў і раённай арганізацыі ГА «БРСМ» і салодкія падарункі — іх атрымалі і іншыя адрасаты. А карэспандэнту было вельмі прыемна бачыць свежы выпуск «Раённых будняў» на тумбачцы ў пакоі Марыі Ільнічны.
«Я вельмі багатая бабуля», — расказала Ванда Людвікаўна Шанюк. Высветлілася, што ў жанчыны, якая ў красавіку адзначыць 85-годдзе, дзве дачкі і ажно шасцёра праўнукаў. З вялікай радасцю яна прымала віншаванні і падарункі.
Пабывалі мы таксама ў Марыі Ануфрыеўны Самайловіч. У 2023-м жанчыне будзе 80, здароўе падводзіць, а вось такія віншаванні — нагода ўсміхнуцца і зарадзіцца энергіяй для жыцця.
Такі ж юбілей адсвяткуе сёлета Марыя Мікалаеўна Ліцкевіч. Так, нядаўна перанесла інфаркт, але сілы ўсміхацца знаходзіць. І, спадзяёмся, яшчэ шмат разоў жанчына сустрэне на парозе дома гасцей з віншаваннямі ў рамках дадзенай акцыі. Дарэчы, людзі, пра якіх мы расказалі, — толькі невялікая частка тых, каго ў гэты дзень віншавалі.
Руслан Васільевіч справядліва адзначыў, што сталыя жыхары Пружаншчыны не застаюцца без увагі прадстаўнікоў выканаўчай улады, дэпутацкага корпуса, прафсаюзных і грамадскіх арганізацый. Нядаўна адзінокім людзям дапамаглі валанцёры БРСМ, а напярэдадні 2023-га віншаванні прымалі пацыенты Сухопальскай бальніцы сястрынскага догляду, не абмінаюць іх увагай і ў новым годзе.
— Спадзяюся, што акцыя стане штогадовай, а яе маштабы будуць пашырацца. Самае галоўнае для людзей сталага пакалення — гэта ўвага. Яны шчыра чакаюць, каб да іх проста прыйшлі, пагутарылі, павіншавалі. І мы ніколі не павінны забываць пра гэтых людзей, будзем віншаваць іх і старацца аказваць неабходную дапамогу, — сказаў намеснік старшыні райвыканкама.
Яшчэ больш інфармацыі пра дабрачынную акцыю чытайце ў нумары за 14 студзеня на старонцы 3.
Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара і Кацярыны Масік
Фотаальбом з віншавальных мерапрыемстваў: https://ok.ru/budni/album/953577829768