Пятница, 5 декабря 2025

Ад усёй душы і чыстага сэрца

762

У перыяд навагодніх свят калядны баль «Шчаслівага Новага года і Калядаў» для людзей «залатога» ўзросту прайшоў у Палацы культуры.

Арганізатарамі святочнага мерапрыемства выступілі Палац культуры сумесна з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

У гэты святочны вечар у зале панавала казачная атмасфера. Мяркуючы па незвычайным знешнім выглядзе яго ўдзельнікаў, яны доўга і скурпулёзна рыхтаваліся да гэтай сустрэчы. Яркія вячэрнія шаўковыя сукенкі, маскі і парыкі стваралі ўражанне чароўнага дзейства. Многія прадстаўнікі старэйшага пакалення апынуліся на балі ўпершыню, а вось сям’я Вашкевічаў — пастаянныя ўдзельнікі масавых мерапрыемстваў для людзей «залатога» ўзросту. Лізавета Сяргееўна разам з мужам Мікалаем Іванавічам імкнуцца заўсёды знаходзіцца ў цэнтры падзей, як кажуць, выходзяць «у свет», каб сябе паказаць і на іншых паглядзець.

— Гэты калядны баль для нас асаблівая падзея. Калісьці, шмат гадоў таму, мы пазнаёміліся менавіта зімой, і ў нас заўсёды ў такія святы самыя цёплыя ўспаміны аб нашай сустрэчы. Мы разам радуемся, разам усё пераадольваем, і заўсёды хочацца падарыць гэты ўзнёслы настрой іншым, — расказваюць муж і жонка.

На працягу ўсяго вечара музычныя нумары прадстаўлялі калектывы і сольныя самадзейныя артысты тэрытарыяльнага цэнтра, а таксама ўдзельнікі вакальных студый Палаца культуры. Па агульным настроі гасцей балю было бачна, што жаданне збірацца разам і раптоўны юнацкі запал, які дэманстравалі ўдзельнікі ў гульнях і забавах, дапамагаюць хоць на нейкі час забыцца пра цяжкасці і прысвяціць час сабе і сваім сябрам.

— Усе дарослыя ў Новы год становяцца крышачку дзецьмі, і ўсе мы таксама чакаем цудаў. Вось адзін з іх адбыўся менавіта сёння. І зусім не важна, колькі гадоў у пашпарце, але жаданне аб’ядноўвацца, разам адпачываць з узростам толькі ўзмацняецца. Гэта выдатная нагода прывесці сябе ў парадак, прыбрацца, каб зарадзіцца бадзёрасцю і энергіяй на ўвесь бягучы год, — падкрэсліў старшыня раённай арганізацыі ветэранаў Уладзімір Яцкевіч.

У сваю чаргу, удзельнікі мерапрыемства падзякавалі арганізатарам за цудоўны баль і пажадалі адзін аднаму новых, яркіх, незабыўных уражанняў у 2025 годзе.

Ірына Велясевіч. Фота Кацярыны Масік