Сямейныя скандалы ў агульнай колькасці разглядаемых у судзе выпадкаў з’яўляюцца лідарамі. У асноўным усе яны вырашаюцца ў рамках адміністрацыйнага права, таму што ўчынкі не нясуць цяжкіх наступстваў.
Мінулагодняя статыстыка па Брэстчыне зафіксавала амаль 7,9 тысяч фактаў бытавога насілля з прычыненнем душэўных пакут (ч. 2 арт. 10.1 КаАП), а яшчэ 672 факты — з прычыненнем цялесных пашкоджанняў без кароткачасовага расстройства здароўя (ч. 1 арт. 10.1 КаАП). У Пружанскім раёне — адпаведна 112 і 32 адміністрацыйныя справы.
Здаецца, навошта такія «дробныя» сваркі даводзіць да судовых пасяджэнняў, маўляў, хто каго любіць, той таго чубіць. А значыць, пасварацца — памірацца. Аднак дзяржава нездарма надае падобным канфліктам у сямейна-бытавых адносінах павышаную ўвагу, якая праяўляецца ў заканадаўчых нормах. Здараецца, што сваркі заканчваюцца больш трагічна, і не толькі для дарослых, але і дзяцей. Тады ўжо прымяняецца крымінальнае заканадаўства з больш сур’ёзнымі наступствамі, якія часам кардынальна змяняюць сямейныя сувязі.
У рамках адміністрацыйнага заканадаўства абодвум бакам спрэчкі даецца магчымасць прымірыцца нават падчас судовага пасяджэння. Як правіла, палова падобных гісторый заканчваецца менавіта так: летась у 72 выпадках працэс быў скончаны па такой прычыне.
Так адбылося і падчас разгляду справы на выязным пасяджэнні суда, што прайшло на базе малочнага камбіната. 3-за неадэкватных паводзінаў свайго сужэнца міліцыю выклікала жонка. Зачыншчык сваркі быў у нецвярозым стане і праваахоўнікі забралі яго ў райаддзел міліцыі. Па факце быў складзены адміністрацыйны пратакол, абставіны якога і былі разгледжаны раённым судом.
Вінаваты поўнасцю прызнаў, што быў няправы, хаця «абвінаваціў» у здарэнні алкаголь, а не ўласную цягу да спіртнога. Галава сям’і паабяцаў, што возьмецца за розум і больш такога не паўторыць. А жонка… Жанчына заўсёды спадзяецца на цуд, што «чорная паласа» скончылася і далей пойдзе спакойнае жыццё. Вось і зараз яна даравала брыдкія словы, крыўду, паверыла. Як аказалася, у чарговы раз, што засмучае менавіта ў гэтай сітуацыі.
Крыху больш за месяц таму мужчына ўчыніў сямейны скандал, зноў жа ў нецвярозым стане. Жонка таксама была вымушана звяртацца па дапамогу да міліцыянераў, і зачыншчык сваркі таксама абяцаў выправіцца і не паўтараць. Суд не мае права ўмешвацца і перашкаджаць жаданню бакоў прымірыцца. Аднак для тых, хто раскайваецца ў сваіх учынках не «ад шчырага сэрца», а проста ў жаданні як мага хутчэй спыніць гэту ганебную працэдуру, варта нагадаць некаторыя акалічнасці.
Калі рэгулярныя сямейныя скандалы бярэ на кантроль пракуратура, па чыёй ініцыятыве распачынаецца адміністрацыйны працэс, то ён даводзіцца да лагічнага завяршэння — прыцягнення да адказнасці вінаватага. Акрамя таго, у дачыненні да зачыншчыка канфлікту, які за свае ўчынкі трапляе ў поле зроку праваахоўных органаў у стане алкагольнага ап’янення неаднаразова, можа быць вынесена рашэнне аб накіраванні ў лячэбна-працоўны прафілакторый. У дадатак за сістэматычную бойку ўзбуджаецца крымінальная справа з адпаведным пакараннем.
А яшчэ звернем увагу канфліктуючых бакоў на псіхалагічны стан дзяцей. У прыватнасці, у разгледжанай сям’і выхоўваюцца трое малых, старэйшыя з якіх ужо ўсведамляюць, што адбываецца паміж бацькамі. Кожны такі сямейны скандал наносіць сур’ёзную шкоду дзіцячаму мысленню, мяняе яго светаўспрыманне, фарміруе іншыя сацыяльныя каштоўнасці. I ў будучым можа адбыцца, як гаворыць народная мудрасць, што ад кахання да нянавісці — адзін крок…
Вадзім Мазоль, старшыня раённага суда