Калі пра жыхара г.п. Ружаны Валерыя Жыеўскага сказаць, што ён сабраў сабе міні-трактар, то наўрад ці здзівіш каго-небудзь такой навіной. Але калі падрабязней расказаць пра гэта, то ўпэўнены: нават вопытныя канструктары не павераць, што падобнае магчыма.
Сапраўды, сёння аніякай складанасці сабраць свой культыватар, мотаблок і нават трактар няма. Запчасткі можна набыць любыя, алгарытмы зборкі даступны ў інтэрнэце. А калі задацца мэтай абысціся толькі ўласнай кемлівасцю? Менавіта на такое і адважыўся Валерый.
Ён вырас у вёсцы, бацька і маці ўсё жыццё працавалі і карміліся з зямлі. Хлопец, колькі памятае сябе, дапамагаў дарослым, канём араў поле, палоў грады, збіраў ураджай.
— Калі пачалася «механізацыя» і коней стала менш, я таксама задумаўся над тым, каб замяніць ручную працу механізмамі, — успамінае Валерый. — І першым сабраў вось гэты агрэгат.
Гэта ўжо потым ён даведаўся, што «прыдуманы» механізм даўно ўжо выкарыстоўваецца пад назвай электраплуг. І можна было не вынаходзіць веласіпед, а знайсці парады ў спецыяльнай літаратуры ці ў інтэрнэце. Хаця патрачанага часу не шкадуе: атрымаў карысны вопыт, які спатрэбіўся пазней. За электраплугам Валерый Жыеўскі распрацаваў уласныя баронкі, культыватары і іншае навясное абсталяванне. А потым вырашыў сабраць уласны міні-трактар.
Нам ён прадэманстраваў вынік амаль гадавой работы.
— Для гэтай тэхнікі я набыў толькі рухавік і пакрышкі, усё астатняе зрабіў уласнаручна.
Безумоўна, Валерыю ёсць чым хваліцца. Напрыклад, трэць выкарыстаных запчастак ён знайшоў літаральна на сметніках: выменьваў непатрэбнае ў знаёмых, шукаў на пунктах па зборы металалому. Як успамінае яго жонка Іна Андрэеўна, усялякую жалязяку прыносіў дахаты: калі не для карысці, то на абменны фонд. Прыборы кантролю і кіравання, падвеска, апоры, сайлент-блокі збіраў Валерый ад расійскіх і еўрапейскіх аўтамабіляў. А некаторыя рэчы вырабляў самастойна. Напрыклад, прыдумаў, як, можна сказаць, у хатніх умовах адліць каленвал і многае іншае.
Разам з гэтым, здзіўляе яшчэ адна акалічнасць. Валерый Жыеўскі за плячыма з адукацыі мае толькі прафесійна-тэхнічную падрыхтоўку. Ёсць пэўны жыццёвы вопыт: працуючы дальнабойшчыкам, навучыўся самастойна выпраўляць паломкі аўто, якія здараліся «ў чыстым полі». Аднак той узровень ведаў, што прыменены ў зборцы міні-трактара, павінен быць значна вышэйшы. Напрыклад, патрэбна ведаць вышэйшую матэматыку, бо без складання формул у распрацоўцы пераломнай тэхнікі не абысціся. Так-так, Валерый сабраў сабе менавіта такую мадэль, каб можна было развярнуцца літаральна на «пятачку». У такім варыянце трэба правільна вылічыць цэнтр, дазволены вугал нахілу, размеркаванне круцільнага моманту на колы (а яны ўсе вядучыя). А яшчэ трэба ведаць асновы супраціўлення матэрыялаў, так званы «сапрамат»: як спалучыць двухміліметровы метал са швелерам, пазбегнуць залішняй вібрацыі…
— Я — не матэматык і не інжынер, да ўсяго даходзіў на практыцы. Напрыклад, спачатку сабраў драўляную мадэль у поўную велічыню. На ёй і вылічваў цэнтр, падбіраў спалучаемыя дэталі. Не скажу, што ўдалося пазбегнуць памылак, нярэдка даводзілася ўсё «бамбіць» і складаць па-новаму.
Пачаў зборку Валерый Жыеўскі ў лістападзе мінулага года, а ў красавіку бягучага правёў пробны запуск на ачыстцы двара ад нечаканага снегу. Міні-трактар справіўся без напругі, а значыць, і ў сельгасработах стане незаменным памочнікам.
На нашу заўвагу, што такога прыгажуна нельга пакідаць без «імя», канструктар зазначыў, што яно ёсць — малы трактар на 16 «конікаў», або МТ-16. Мы ж параілі дадаць яшчэ адну літару — прозвішча канструктара, каб у выніку атрымалася МТЖ-16.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік