![](https://www.budni.by/wp-content/uploads/2024/12/20241220_IMG_5439_0355.jpg)
На мінулым тыдні на базе ДЮСШ № 1 прайшло адкрытае зімовае першынство раёна па лёгкай атлетыцы, якое было прымеркавана да 85-годдзя ўтварэння Брэсцкай вобласці.
Удзел у спаборніцтвах прынялі юныя спартсмены не толькі з Пружанскага, але і Кобрынскага, Івацэвіцкага, Баранавіцкага, Бярозаўскага раёнаў і г. Брэста. Першынство праводзілася сярод юнакоў і дзяўчат у трох узроставых групах — 2012, 2013, 2014 гадоў нараджэння і маладзей.
У праграму першынства ўваходзілі спаборніцтвы па скачках у даўжыню, кідку набіванага мяча з-за галавы дзвюма рукамі і бегу на кароткую і доўгую дыстанцыі. У кожнай з дысцыплін былі вызначаны прызёры і пераможцы, галоўным жа дасягненнем з’яўлялася перамога ў мнагабор’і, дзе ўлічваліся вынікі па ўсіх прадстаўленых вышэй відах праграмы.
Па выніках спаборніцтваў сярод лепшых аказаліся адразу некалькі спартсменаў, якія прадстаўляюць наш раён і ДЮСШ № 1 г. Пружаны ў розных узроставых катэгорыях. Так, у самых малодшых юнакоў у мнагабор’і сярэбраны медаль дастаўся Івану Арцемуку (СШ № 4 г. Пружаны), а ў дзяўчат на другім месцы размясцілася Адэліна Князева (СШ № 3 г. Пружаны).
У сярэдняй узроставай групе ў хлопцаў на трэцяй прыступцы п’едэстала размясціўся Ілья Вайтовіч (Магілявецкая СШ), а чэмпіёнам стаў Арсеній Касміна (Параслянская СШ — ДЮСШ 1 г. Пружаны). У гэтай жа катэгорыі сярод дзяўчат серабро выйграла Дар’я Аблаўшка (СШ № 1 г. Пружаны — ДЮСШ № 1 г. Пружаны).
![](https://www.budni.by/wp-content/uploads/2024/12/20241220_IMG_5553_0390.jpg)
Што ж да старэйшай групы, то ў хлопцаў трэцяе месца заняў Мікіта Варона (Ружанская СШ), а ў дзяўчат бронзавы медаль заваявала Сафія Дулько (СШ№ 1 г. Пружаны — ДЮСШ № 1 г. Пружаны), крыху вышэй размясцілася Сафія Арцямук (СШ № 4 г. Пружаны).
Дарагія юныя атлеты, няхай вашы дасягненні на гэтых спаборніцтвах стануць толькі пачаткам вашага шляху да новых вышыняў і рэкордаў, а ўпартасць і працавітасць заўсёды вядуць вас да перамог!
Руслан Басак. Фота Кацярыны Масік