Суббота, 18 января 2025

Ад астаткаў рыбалоўных прылад да пабітых бутэлек. Вадалазы прыступілі да «размінавання» акваторый раёна

701

Нягледзячы на тое, што вясна нас пакуль не радуе цяплом і купацца могуць толькі тыя, хто практыкуе «маржаванне», адказныя службы актыўна рыхтуюцца да адкрыцця чарговага купальнага сезона. Адным з абавязковых мерапрыемстваў з’яўляецца праверка вадалазамі дна акваторыі ўсіх вызначаных для купання вадаёмаў.

Даволі часта ў гарачы сезон чытачы «раёнкі» задаюць пытанне, чаму не даюць дазвол на купанне ва ўсіх вадаёмах, абураючыся забаронай і штрафнымі санкцыямі за парушэнне абмежаванняў. Маўляў, раней такога не было. Трэба ведаць, што звязана гэта з патрабаваннямі бяспекі. І, як даказваюць вынікі абследаванняў дна вадалазамі, такая мера з‘яўляецца вельмі неабходнай.

Кожны раз напярэдадні адкрыцця купальнага сезона на Пружаншчыну выклікаюцца спецыялісты кобрынскага выратавальнага атрада, якія маюць спецыяльныя гідракасцюмы. Яны і праводзяць вадалазныя работы на вызначаных для адпачынку водных аб’ектах. І штогод збіраюць вялікі «ўраджай». Напрыклад, у возеры каля аг. Лінова сёлета знойдзена да дзясятка кілаграмаў небяспечных прадметаў — ад астаткаў рыбалоўных прылад да пабітых бутэлек. Калі падчас купання наткнуцца на іх, то цяжкая траўма забяспечана. Можна толькі ўявіць сабе, што сабралася на дне тых вадаёмаў, дзе абследаванне не праводзілася. Чаму не праверыць усе? Відавочна, што гэта нерэальна, у першую чаргу зыходзячы з фізічных магчымасцей выратавальнага атрада. За змену яны паспяваюць абследаваць максімум два водныя аб’екты, бо кожны метр дна акваторыі літаральна прасейваецца рукамі вадалазаў. Як адзначае старшыня раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах Юрый Амельянчук, можна ўжо музей адкрываць, дзе экспанатамі будуць выстаўляцца небяспечныя знаходкі. І падобная выстава будзе папаўняцца штогод, бо адпачываючыя пакідаюць пасля сябе нямала «дабра». Людзі пры гэтым часта нават не задумваюцца пра тое, што ствараюць небяспеку іншым.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік