Среда, 15 января 2025

Аб’явы ў «раёнцы» дапамагаюць знайсці работу

344

Ганна Аляксандраўна, жыхарка г. Пружаны:

— Майму сяброўству з газетай — 23, ужо амаль 24 гады! Як толькі прыехала на адпрацоўку на Пружаншчыну, так і пазнаёмілася з ёй, стала выпісваць. Зараз у асноўным знаёмлюся са свежымі нумарамі на працы.

Больш за ўсё цікавяць інтэрв’ю з прадстаўнікамі ўлады, тлумачэнні змен у заканадаўстве, з задавальненнем чытаю пра штосьці новае ў жыцці розных устаноў. Люблю праглядаць аб’явы — дзякуючы ім двойчы знайшла работу. Так што мне сапраўды ёсць за што падзякаваць «Раённым будням», і, карыстаючыся магчымасцю, я гэта з задавальненнем раблю.

Калі выбіраць паміж друкаванай і электроннай версіяй, то аддам перавагу першай. Уласна, як і друкаваным кнігам. Хаця часам праглядаю «раёнку» ў інтэрнэце. Прыемна, што газета цяпер каляровая. А яшчэ матуля, якая жыве ў Арабніках і таксама выпісвае газету, любіць вашы конкурсы. Памятаю, як збірала вазу з фрагментаў, калі падарункам быў бычок. На жаль, тады не пашанцавала.

Дык няхай нам усім шанцуе ў 2024-м! Здароўя, дабрабыту, аптымізму жадаю пружанцам, поспехаў усім, і няхай наш горад квітнее!