Вторник, 22 апреля 2025

Аб’ядноўваючы мінулае і будучыню моладзі

473

На мінулым тыдні ў Пружанскім раёне прайшоў абласны семінар для штатных супрацоўнікаў грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі». Мерапрыемства аб’яднала актыўных і мэтанакіраваных удзельнікаў, настроеных на абмен вопытам, абмеркаванне ключавых пытанняў і пошук новых шляхоў развіцця маладзёжнага руху. У ім прыняў удзел першы сакратар Брэсцкага абласнога камітэта ГА «БРСМ» Юрый Сегянюк.

Мерапрыемства пачалося ў сучаснай канферэнц-зале гасцінічна-турыстычнага комплексу «Мікалаеўскі». Тут удзельнікі засяродзіліся на самых актуальных пытаннях, дзяліліся вопытам і прапаноўвалі ідэі для развіцця маладзёжнага руху. На парадку дня былі такія важныя тэмы, як арганізацыя студэнцкіх атрадаў, кадравая работа, эфектыўнае функцыянаванне пярвічных арганізацый ГА «БРСМ» і прымяненне сучасных тэхналогій.

Удзельнікі не толькі абменьваліся прафесійнымі ведамі, але і актыўна абмяркоўвалі, як інавацыі могуць дапамагчы ў прыцягненні моладзі і паляпшэнні ўмоў працы.

Першы дзень семінара завяршыўся акцыяй, у рамках якой удзельнікі абнавілі агароджу вакол помніка загінуўшым воінам у вёсцы Мокрае, тым самым выказваючы ўдзячнасць і павагу гераічнаму подзвігу абаронцаў сваёй краіны.

Ранак другога дня пачаўся з кранальнага мітынгу-рэквіема каля помніка ахвярам фашысцкага тэрору ў вёсцы Казлы. Падзея, напоўненая глыбокім смуткам і шчырай павагай, дазволіла ўдзельнікам адчуць трагедыю, якая здарылася і на гэтай зямлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Старшыня Мокраўскага сельвыканкама Вольга Грышкевіч пранікнёна расказала пра трагічную гісторыю спаленай вёскі, якая нікога не пакінула абыякавым.

Важнай падзеяй стала і адкрыццё таблічкі з QR-кодам «Лічбавая зорка», размешчанай каля мемарыяла. Гэты праект, які ажыццяўляецца па ініцыятыве БРСМ, робіць мінулае даступным для кожнага: вельмі хутка можна даведацца пра гісторыю памятнага месца, пагрузіцца ў яе глыбіню.

У завяршэнні мітынгу яго ўдзельнікі ўсклалі кветкі да помніка.

— Цяперашні год асаблівы. 80 гадоў таму наша краіна ў складзе Савецкага Саюза здабыла Вялікую Перамогу. Сённяшняя моладзь па-вінна з гонарам стаяць на варце гістарычнай памяці. Гэта наша гарантыя таго, што падзеі той страшнай вайны ніколі не паўтарацца. Мы павінны захоўваць мір і працаваць дзеля лепшай будучыні, — падкрэсліў першы сакратар Брэсцкага абласнога камітэта ГА «БРСМ» Юрый Сегянюк.

Фінальная частка семінара была прысвечана духоўнаму і культурнаму ўзбагачэнню. Удзельнікі наведалі храм святых апосталаў Пятра і Паўла ў в. Мокрае.

Завяршэннем дня стала экскурсія ў музей-сядзібу «Пружанскі палацык», дзе госці не толькі атрымалі асалоду ад прыгажосці гістарычнай спадчыны, але і адчулі непаўторны дух гэтага месца.

Варта адзначыць, што ўдзельнікі семінара былі пад вялікім уражаннем і дзякавалі за яго арганізацыю прымаючаму боку, а таксама першаму сакратару Пружанскага раённага камітэта ГА «БРСМ» Ульяне Апаляйчук.

Удзельнікі падзеі падзяліліся сваімі меркаваннямі:

Лізавета Чамармазовіч, другі сакратар Брэсцкага абласнога камітэта ГА «БРСМ»:

— Фармат семінара ў гэтым годзе незвычайны: мы ўпершыню праводзім яго па-за межамі Брэста. Выбар месца быў усвядомленым: Пружаншчына славіцца гасціннасцю і вопытам правядзення падобных мерапрыемства. Мы былі ўпэўнены, што ўдзельнікам будзе камфортна, і не памыліліся. Тут стваралася атмасфера, якая спрыяе прафесійнаму развіццю і абмену вопытам.

Кацярына Місцюкевіч, першы сакратар Баранавіцкага гарадскога камітэта ГА «БРСМ»:
— Выязны фармат правя-дзення абласнога семінара стаў сапраўдным адкрыццём! Упэўнена, што гэтая ідэя знайшла водгук не толькі ў мяне, але і ва ўсіх удзельнікаў. Пружаншчына, з яе дзіўнай гісторыяй і мноствам славутасцей, уражвае. Гэта не проста адукацыйнае мерапрыемства, а паглыбленне ў культуру, духоўнае ўзбагачэнне і рэальная дапамога раёну праз удзел у працоўнай акцыі.

Мікіта Машэй, другі сакратар Баранавіцкага гарадскога камітэта ГА «БРСМ»:
— Падобныя семінары для нас неверагодна важныя: гэта магчымасць абменьвацца вопытам і па-глыбляць веды. Мерапрыемства ў Пружанскім раёне падарыла не толькі новую інфармацыю, але і ўнікальную магчымасць убачыць, як арганізавана работа з моладдзю ў гэтым раёне. Мы чэрпаем натхненне тут, каб потым прымяняць усё лепшае ў сябе.

Арцём Шыкеля, першы сакратар Пінскага раённага камітэта ГА «БРСМ»:
— Такія мерапрыемствы – гэта традыцыя, якая аб’ядноўвае нас для абмену думкамі, вопытам і абнаўлення прафесійных ведаў. У гэтым годзе ўсё было асабліва захапляльна! Пружанскі раён уразіў сваёй прыроднай прыгажосцю і спакойнай атмасферай, якая ідэальна падыходзіць для плённай працы і адпачынку. Семінар прайшоў на вышэйшым узроўні, а ідэя праводзіць іх у новых месцах — бліскучае рашэнне, якое дазваляе адкрываць для сябе дзіўныя куточкі нашай вобласці.

Руслан БАСАК. Фота Кацярыны МАСІК