Чым прыцягвае «сыр у пастцы»? А заманьвае ён менавіта сваёй даступнасцю. Вось такі спосаб выманьвання грошай і выкарыстоўваюць розныя махляры. Напрыклад, падчас летніх водпускаў не ўсе праводзяць час у адпачынку, некаторыя імкнуцца падзарабіць «на халтурах». Чым і карыстаюцца розныя махляры.

Днямі ў розных інтэрнэт сродках масавай інфармацыі з’явіліся аб’явы кшталту «Патрабуюцца часовыя работнікі». Працаўладкаванне прапануецца на збор ягад, нарыхтоўку лясной прадукцыі, нават на ўборку памяшканняў спартыўных збудаванняў. Звязвае ўсе гэтыя прапановы толькі адно — абяцанне вялікіх заробкаў, нярэдка да 150 рублёў за дзень. Што і прыцягвае патэнцыяльных ахвяр, адной з якіх ледзь не стала чытачка «раёнкі».
Жанчына расказала сваю гісторыю «працаўладкавання», на якое ў тэлефоннай размове яна дала згоду. Потым праз тэлефонныя месенджары ад яе запатрабавалі пералічыць 20 рублёў на афармленне дакументаў, што неабходна для пачатку работы. Пры гэтым не тлумачылася, якім чынам, віртуальна і без пашпарта, будзе складацца дагавор часовага працаўладкавання.
Як высветлілася, мала ў каго так спрацавала інтуіцыя, як у нашай чытачкі. У выніку ў сетцы з’явіліся папярэджанні падманутых. А разлік махляроў вельмі просты. Сума падману нязначная, з-за чаго многія пагаджаюцца на перавод грошай. А пасля таго, як становіцца вядома пра махлярства, не ўсе звяртаюцца да праваахоўнікаў. Аднак прыбыткі падманшчыкаў хутчэй за ўсё будуць лічыцца тысячамі рублёў.
Распазнаць махлярства вельмі проста. Дастаткова не заключаць фінансавыя пагадненні «па тэлефоне», усе абставіны любой здзелкі павінны пацвярджацца пісьмовымі дакументамі.
Алег Сідарэнка
