Суббота, 18 мая 2024

Абы адчапіліся? Што не так з домам на Кастрычніцкай у Пружанах

567

Ёсць такі выраз «адчапнога». Пад ім разумееца тое, калі чалавек выконвае работу так, абы адчапіліся. Але такое дзеянне, як правіла, спрацоўвае ў зваротны бок.

Так было і з выкананнем заявак, якія паступілі ад жыльцоў дома 60 А, што па вуліцы Кастрычніцкай у Пружанах, камунальнай службай раёна. Як расказалі мне жанчыны, якія ў гэтым доме з’яўляюцца старажыламі, амаль тры гады яны дабіваліся таго, каб засыпалі яміну, якая у дажджлівае надвор’е запаўняецца вадой. Нарэшце іх пачулі. Засыпалі, але як — можаце пабачыць на здымку.

З большага залілі ганак у трэці пад’езд, але толькі зверху, Дзіркі, якія пад ганкам, і якія аблюбавалі бяздомныя каты і сабакі, і куды нядобрасумленныя грамадзяне могуць выкінуць смецце, так і засталіся.  Не залілі ёмкую дзірку за ўваходнымі дзвярыма ў пад’езд. Як расказала нам пастаянная падпісчыца газеты, жыхары гатовыя выдаткаваць некаторыя грошы для рамонта ў пад’ездзе. Дзверы жанчына пафарбавала на свае сродкі. Дарэчы, сам дом не такі і стары. Быў пабудаваны ў 1990 годзе, але выгляд мае даволі непрыглядны…

Калі ж будзем рабіць не з большага, не цяп-ляп, а сур’ёзна і грунтоўна? Пытанне застаецца адкрытым.

Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік