Зноў напоўнілася водарам свежавыпечаных булачак, тортаў і іншай кандытарскай прадукцыі, а галоўнае, усмешкамі задаволеных пакупнікоў знакамітая пружанская «Кулінарыя».
У аўторак яна для ўсіх адчыніла свае дзверы пасля маштабнага рамонту, і цяпер любімы многімі жыхарамі і гасцямі горада магазін проста не пазнаць.
Дык што ж абнавілася? Літаральна ўсё! Пачынаючы з мая, на аб’екце працавала брыгада будаўнікоў райспажыўтаварыства. З іх дапамогай поўнасцю змянілі інтэр’ер: цяпер ён — у адзінай з рэстаранам «Пружаны» стылістыцы. Акцэнтаў дадаюць тэматычныя карціны і сувеніры на паліцах.
Вітрыны перанеслі і размясцілі ўздоўж іншай, даўжэйшай, сцяны. Размеркавалі і зоны: асобная — з паліцамі з хлебабулачнымі вырабамі, яшчэ адна — з цукеркамі і алкагольнымі напоямі, трэцяя — з марожаным і тортамі. Іх, дарэчы, пакупнікі могуць узяць у рукі, разгледзець і толькі пасля ісці з выбраным таварам на касу.
Пятая зона — зусім новая: гэта стойка, за якой наведвальнікі могуць выпіць гарбаты або кавы.
Так, у кулінарыі, якая цяпер вельмі нагадвае сучасную кавярню, ёсць і кавамашына, таму аматарам эспрэса ці латэ, канечне ж, сюды.
Ну і як жа без абнаўлення асартыменту? Пра навінкі мы папрасілі расказаць тэхнолага кандытарскага цэха Ганну Залогу.
— Побач з ужо любімымі пірожнымі, якія выдатна зарэкамендавалі сябе, наведвальнікі нашай кулінарыі цяпер могуць убачыць і паспрабаваць яркія дэсерты ў шклянцы — трайфлы, з’явіліся таксама ламінгтоны — так званыя брусочкі ў какосе. Купіць у нас пасля рамонту можна знакамітыя дэсерты «Паўлова», мусавыя пірожныя, а яшчэ капкейкі (іх пакуль толькі дзве разнавіднасці, але ў будучым плануем разнастаіць асартымент).
Думаю, што наведвальнікаў парадуе новае пірожнае «мурашнік». Яно падобнае на «бульбу», але, калі апошняе гатуецца на бісквітнай аснове, першае — з пясочнага цеста. Яшчэ адна навінка — знакамітая «карзінка», але са смакам вяршкоў. Разнастаілі мы і асартымент заварных пірожных, — расказвае і паказвае тэхнолаг.
Пасля такога аповеду карэспандэнта так і цягнула набыць смачныя дэсерты. Але спярша — размова з пакупнікамі. Так, Кацярына Рычкова разам з маленькім сыночкам Глебам усе два месяцы, пакуль ішоў рамонт, з нецярпеннем чакалі адкрыцця гэтай гандлёвай кропкі. «Кулінарыя — проста супер! Змянілася да непазнавальнасці. Але галоўнае, што засталося нязменным, — свежасць і якасць кандытарскіх вырабаў. З задавальненнем будзем сюды прыходзіць!» — зазначае субяседніца.
Дзясятку з плюсам абноўленаму магазіну паставіла пастаянная пакупніца Алена Крупчук. «Вельмі чакала. Я проста ў захапленні! Усё ідэальна. Заўсёды бяру піражкі, пірожныя, торцікі, навінкі. Цяпер буду прыходзіць яшчэ часцей!» — кажа яна.
Падзяляе радасць пакупнікоў, якія завіталі ў кулінарыю ў дзень яе адкрыцця, і Ірына Жук. «Вельмі прыемна было зайсці і ўбачыць такі вялікі асартымент. Упэўнена, што парадуе ён і дарослых, і дзетак. Маё любімае — наша пружанскае пірожнае «бульба», яго заўсёды набывае і мая сястра, якая прыязджае ў наш горад у госці. Увогуле, многае, што прадаецца тут, нагадвае дзяцінства», — дзеліцца ўражаннямі жанчына.
Варта адзначыць таксама, што разам з кулінарыяй рамонт вёўся ў цэху па аздабленні тортаў і кабінеце экспедыцыі. У новай прыгожай форме, з бэйджамі са стылізаваным гербам Пружан, а галоўнае, з усмешкай, сустракаюць наведвальнікаў прадаўцы. Яны рады бачыць вас штодзень з 7.30 да 19.00 гадзін. Абавязкова завітайце ў пружанскую «Кулінарыю» і самі ацаніце падарунак, які райспажыўтаварыства зрабіла Пружанам у іх юбілейны год.
Уладзіслаў Шпарла. Фота і відэа аўтара
Фотаальбомы глядзіце па спасылках: https://vk.com/album-23306785_294995360 і https://ok.ru/budni/album/965082762888