Прайшло пасяджэнне Пружанскага раённага выканаўчага камітэта, удзел у рабоце якога прыняў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун.
Адкрываючы пасяджэнне, старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч агучыў пытанні, вынесеныя на разгляд: «Аб выніках выканання прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Пружанскага раёна ў студзені-верасні 2022 года», «Аб стане машынных двароў, падрыхтоўцы сельскагаспадарчай тэхнікі да правядзення палявых работ 2023 года».

З дакладам па першым пытанні выступіла намеснік старшыні райвыканкама Святлана Ханавец (інтэрв’ю са Святланай Мікалаеўнай чытайце ў адным з наступных нумароў «раёнкі»).
Пасля дакладу Міхаіл Грышкевіч выказаў свае погляды на стан спраў, напрыклад, адносна заработнай платы работнікаў шэрагу прадпрыемстваў. Міхаіл Міхайлавіч выказаў занепакоенасць тым, што ўзровень зарплаты ў сферы гандлю Пружаншчыны знаходзіцца на 19 месцы ў вобласці, у сферы транспарту — на 15-м (але тут кіраўнік раёна зрабіў агаворку, што зноў пацягнуў уніз «Кааптранс», які адносіцца да гандлёвай галіны).
Прамысловасць таксама не вельмі высока па ўзроўні заробкаў паднялася — толькі 9 месца сярод раёнаў Брэстчыны. Ролю ў гэтым адыграў шэраг прадпрыемстваў раёна. На ўсіх іх працуюць над тым, каб супрацоўнікі зараблялі дастойна, аднак асобна Міхаіл Грышкевіч звярнуў увагу на неабходнасць павышэння заработнай платы на заводзе радыёдэталей: тут есць і рэнтабельнасць, і аб’ёмы вытворчасці. «Зарплата павінна быць менавіта заробленай», — падкрэсліў кіраўнік раёна.
Давялося трымаць адказ за невыкананне некаторых прагнозных паказчыкаў кіраўнікам сельгаставарыстваў: ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс», ААТ «Пружанскае».
Свой каментарый па невыкананні росту вытворчасці валавай прадукцыі гэтымі таварыствамі даў і намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Уладзімір Гракун. Ён адзначыў, што ў гэтым годзе былі спрыяльныя ўмовы надвор’я. Таксама Брэсцкая вобласць — лідар па вытворчасці малака. Але калі некаторыя гаспадаркі будуць зніжаць якасць прадукцыі, то гэтае лідарства можна і згубіць. Трэба прыкласці ўсе намаганні, каб працаваць добра, рабіць вынікі са сваіх памылак.
Па другім пытанні выступіў загадчык сектара механізацыі, аховы працы, транспартнай і пажарнай бяспекі Аляксандр Ільін.
З яго даклада вынікала, што аўтсайдэрамі па падрыхтоўцы сельскагаспадарчай тэхнікі да правядзення палявых работ 2023 года таксама сталі вышэй азначаныя сельгаставарыствы.

Як затым адзначыў Уладзімір Гракун, адно выцякае з другога. Не дасягнуты патрэбны вал вытворчасці, няма за што набыць запчасткі, а значыць, тэхніка не будзе ў час падрыхтаванай. Гэта паўплывае і на якасць сяўбы, і на ўраджай.
Напрыканцы пасяджэння кіраўнікі шэрагу прадпрыемстваў раёна задавалі намесніку міністра розныя пытанні, уносілі слушныя прапановы, якія Уладзімір Уладзіміравіч занатаваў і паабяцаў іх разгледзець і пастарацца рэалізаваць.
Віктар Ільюшчанка. Фота аўтара