На мясцовых сходах грамадзян на тэрыторыі сельскіх Саветаў не толькі падводзяцца вынікі зробленага, але і вывучаюцца патрэбы грамадзян, каб вырашыць узнікшыя праблемы. Гэтак было і падчас правядзення сходу ў в.Смаляны. Акрамя старшыні Ліноўскага сельвыканкама Т.М.Мардань, на сустрэчу з мясцовымі жыхарамі прыехалі намеснік старшыні райвыканкама В.М.Зубко, выконваючы абавязкі дырэктара ААТ “Айчына” П.Т.Жук, намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях А.А.Зарэцкі, участковы інспектар А.В.Жук.
Паведамляючы аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця за першае паўгоддзе, старшыня сельвыканкама адзначыла, што ў населеных пунктах сельсавета выконваюцца ўсе ўстаноўленыя нарматывы абавязковых дзяржаўных мінімальных стандартаў у жыллёва-камунальнай гаспадарцы, адукацыі, сувязі, транспарце, гандлі і бытавым абслугоўванні.
Падрабязна Таццяна Мікалаеўна спынілася на рабоце па добраўпарадкаванні населеных пунктаў.
— У прыватнасці, — зазначыла яна, — у мінулым годзе грамадзянамі пабудавана 1850 метраў новых і адрамантавана 1950 метраў старых агароджаў. Пасаджаны каля ста дрэў і дзясяткі тысяч кветак. Былі ліквідаваны несанкцыянаваныя сметнікі ў вёсках Кутнявічы і Куплін. Сёлета такія сметнікі ліквідаваны ў вёсках Варотнае, Ткачы, Аранчыцы. Вывезлі 20 МАЗаў смецця! І работы па навядзенні парадку ў вёсках працягваюцца. Паступова зносяцца трухлявыя дамы: за першае паўгоддзе ўбралі 17. Але на тэрыторыі сельсавета яшчэ налічваецца 264 пустуючыя і трухлявыя дамы. А значыць, работы хопіць усім…
Спадзявацца найперш на сябе раіў намеснік старшыні райвыканкама В.М.Зубко, калі расказваў аб выніках работы пятага Усебеларускага сходу і адказваў на пытанні людзей.
— Менавіта са спадзяваннем на сябе, — сказаў ён, — многія бяруцца за апрацоўку зямлі, маюць ураджай — і адпаведны прыбытак.
Як аказалася, добра вядомы прадстаўнікам раённай і мясцовай улады і праблемы вяскоўцаў. Не першы год яны ўздымаюць пытанне асфальтавання ўчастка дарогі паміж Загор’ем і Смалянамі, а таксама падсыпкі дарогі Смаляны – Алішавічы. І хоць праблема пакуль не вырашаецца па прычыне адсутнасці грошай, надзея на змяненне сітуацыі ёсць. Дарога Загор’е — Смаляны ўключана ў план мадэрнізацыі мясцовых аўтамабільных дарог на 2016-2019 гады, а значыць, як спадзяюцца вяскоўцы, усё ж будзе заасфальтавана.
Вялікія надзеі на тое, што не застануцца людскія праблемы па-за ўвагай мясцовага сельгаспрадпрыемства, жыхары вёскі ўскладаюць і на выконваючага абавязкі дырэктара ААТ “Айчына” П.Т.Жука. І кіраўнік ад іх не адмахваецца. Работы па зносу трухлявых дамоў сельгаспрадпрыемства прадоўжыць не толькі ў Загор’і, але і ў іншых вёсках сельсавета.
І ўсё ж няма большай каштоўнасці, чым чалавечае жыццё і здароўе. Пра гэта таксама гаварылі на сходзе. А.А.Зарэцкі і А.В.Жук нагадалі аб неабходнасці папярэджання надзвычайных сітуацый і гібелі людзей, гаварылі аб прафілактыцы злачынстваў і правапарушэнняў.
Галіна Каляда