Понедельник, 2 декабря 2024

Абласныя «Дажынкі-2022»: высокая ацэнка працы хлебаробаў Пружаншчыны (+ вялікі фотарэпартаж)

703

3 верасня гарадскі пасёлак Целяханы Івацэвіцкага раёна атрымаў ганаровае званне сталіцы абласнога свята «Дажынкі-2022». Асноўнымі яго героямі сталі хлебаробы. А лепшымі з лепшых названы Ляхавіцкі, Драгічынскі і Пружанскі раёны, якія занялі адпаведна першае, другое і трэцяе месцы ў спаборніцтве.

Брэстчыне ёсць чым ганарыцца. Аграрыі вобласці ўнеслі ў агульны беларускі каравай важкі ўклад: больш за 1,3 мільёна тон намалацілі зерневых і зернебабовых без уліку кукурузы. Аб гэтым гаварылася ў Пасланні Прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Лукашэнкі, якое зачытаў падчас урачыстай часткі свята Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што важкі і па-сапраўднаму дастойны каравай — гэта вынік зладжанай работы ўсяго аграпрамысловага комплексу Брэсцкай вобласці. «Ён сімвалізуе лепшыя якасці працаўніка вёскі — любоў да роднай зямлі і адданасць сваёй справе, руплівасць і ўпартасць, веру ў сябе і ўменне працаваць у камандзе. Ад душы дзякую вам за адказнае стаўленне да вырашэння важнейшай дзяржаўнай задачы па забеспячэнні харчовай бяспекі рэспублікі», — падкрэсліў у Пасланні Аляксандр Лукашэнка.

Дэлегацыю Пружанскага раёна гаспадары гасцінна сустракалі ў горадзе Косава. Старшыні райвыканкама Міхаілу Грышкевічу паднеслі каравай з мукі новага ўраджаю.

А добра падрыхтаваны да свята гарпасёлак Целяханы сустракаў гасцей музыкай, спевамі, шматлікімі інсталяванымі пляцоўкамі, на якіх размясціліся рамеснікі па дрэву, гліне, металу і інш. Тут можна было набыць і пакаштаваць усё, што душа пажадае.

Традыцыйна свята пачалося з урачыстага шэсця хлебаробаў і прадстаўнікоў раёнаў Брэстчыны. Кожны з іх меў свае адметнасці ў адзенні. Напрыклад, пружанцы на гэты раз апранулі саламяныя капелюшы і льняныя шалікі з беларускім арнаментам і надпісам: «Пружанскі раён. Дажынкі-2022».

Вельмі прыемна было ісці ў калоне і чуць, як вядучыя свята расказваюць пра наш раён: ён самы першы намалаціў 100 тысяч тон зерневых і зернебабовых, высокую адзнаку працы нашым хлебаробам даў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Гэта вельмі дарагога варта. Але гэтыя дасягненні не сталі выпадковымі: працаўнікі Пружаншчыны прыкладалі ўсе намаганні, каб сабраць ураджай у вызначаныя тэрміны і якасна.

Галоўныя падзеі адбываліся на цэнтральнай пляцоўцы свята. Тут ішло ўшанаванне працаўнікоў уборачнай. Кожны з выступоўцаў гаварыў добрыя словы ў адрас герояў свята. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Сергяенка ў сваім звароце да прысутных зазначыў, што Брэсцкая вобласць традыцыйна займае лідыруючыя пазіцыі як у раслінаводстве, так і ў жывёлагадоўлі, а таксама ў перапрацоўцы сельгаспрадукцыі. Сёння Брэстчына вырабляе пятую частку зерня краіны, столькі ж рапсу, цукровых буракоў, 17% ільну, чацвёртую частку малака. Прадукцыя вобласці вядомая і карыстаецца вялікай папулярнасцю далёка за межамі нашай рэспублікі.

«Сёлета вы першымі выйшлі на мільён тон зерня, першымі праводзіце «Дажынкі-2022» у гэтым цудоўным месцы. Адметна тое, што чатыры раёны вашай вобласці (з 19 раёнаў краіны) пераадолелі 100-тысячны рубеж намалотаў, — сказаў Ігар Пятровіч. — У чым жа складнікі поспеху? У выразнай арганізацыі працы, жалезнай дысцыпліне, захаванні тэхналогіі вытворчасці, гераічнай працы нашых людзей. Заслуга таксама яшчэ і папярэдніх пакаленняў працаўнікоў, якія складалі эканамічны патэнцыял вашай вобласці і нашай краіны ў цэлым».

Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка ў сваю чаргу адзначыў: «У гэтым годзе пытанне паспяховай уборкі з’яўляецца стратэгічным у сувязі са склаўшайся сітуацыяй на сусветным харчовым рынку. Сёння добры ўраджай — гэта аснова харчовай бяспекі і суверэнітэту. Асобыя чаканні і адказнасць былі ўскладзены на нашую Брэсцкую вобласць. Мы не падвялі, выклаліся па-максімуму, дастойна адстаялі гонар Брэстчыны як першага рэгіёна».

Юрый Вітольдавіч ад усёй душы выказаў падзяку ўсім, хто дастойна працаваў, хто забяспечваў добры ход уборачнай кампаніі. Губернатар уручыў шматлікія ўзнагароды. Адзначым, што Пружанскі раён уваходзіць у тройку пераможцаў у спаборніцтве па вытворчасці зерня. Узнагароду з рук губернатара атрымаў старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч. Атрымаў віншаванні Міхаіл Міхайлавіч і з нагоды дня нараджэння.

У лік узнагароджаных губернатарам пружанцаў таксама ўваходзілі дырэктар філіяла «Айчына» ААТ «Белавежскі» Андрэй Голдзінаў, дырэктар ААТ «Велікасельскае Агра» Васіль Севасцьянчык, галоўны інжынер гэтага ж таварыства Сяргей Дудко, выкладчыкі Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа Юрый Шабуня, Аляксандр Саковіч, майстар вытворчага навучання гэтай установы адукацыі Вадзім Студзянічнік, навучэнцы Арцемій Анаційчук, Аляксандр Чайчыц, Уладзімір Казека, Міхаіл Жук, Ілья Шчэрба, Дзмітрый Дудзіч.

Таксама ўзнагародзіў Юрый Шулейка старшыню райвыканкама Міхаіла Грышкевіча і дырэктара ААТ «Ружаны-Агра» Андрэя Бурдука як пераможцаў абласнога агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні машынных двароў і гатоўнасці машынна-трактарнага парка да палявых работ.

Эстафету ўзнагароджанняў працягнуў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаіл Русы. Ён уручыў Падзяку майстру вытворчага навучання Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа Аляксандру Ніканчуку.

А першы намеснік старшыні аблвыканкама Валянцін Зайчук сярод старшых аператараў зернесушыльных комплексаў, якія занялі другія і трэція месцы, узнагародзіў і старшага аператара ЗСК ААТ «Ружаны-Агра» Дзмітрыя Лазара.

Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Ігар Брыло ўручыў Ганаровыя граматы дырэктару ААТ «Мурава» Пятру Білецкаму і дырэктару ААТ «Велікасельскае Агра» Васілю Севасцьянчыку — за перамогі сельгаставарыстваў у рэспубліканскіх аглядах-конкурсах. Нямала ўзнагарод прадстаўнікі нашага раёна атрымалі таксама ад канцэрнаў, холдынгаў.

Пасля афіцыйнай урачыстай часткі адбыліся канцэрты майстроў мастацтваў з Беларусі і Расійскай Федэрацыі.

На вуліцах жа гарпасёлка Целяханы працягваўся гандаль, праходзілі забаўляльныя праграмы і іншыя мерапрыемствы. Нашы заслужаныя працаўнікі раёна вярталіся дамоў з добрым настроем.

А эстафету свята хлебаробаў прыняў Ганцавіцкі раён: менавіта ў гэтым райцэнтры пройдуць «Дажынкі-2023».

Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік

Фотаальбомы з абласных «Дажынак-2022» глядзіце ў нашых групах: https://vk.com/album-23306785_286356965 і https://ok.ru/budni/album/946530280584