На базе Пружанскага раёна на мінулым тыдні адбыўся абласны выязны семінар па пытаннях прафілактыкі парушэнняў падлеткамі адміністрацыйнага заканадаўства.
У ім прынялі ўдзел намеснікі старшынь камісій па справах непаўналетніх раённых адміністрацый Брэстчыны. Наш рэгіён стаў базавым для правядзення такога абмену вопытам нездарма, у прыватнасці арганізатары мерапрыемства адзначалі высокі ўзровень праводзімай работы ў адпаведным накірунку, прымяненне неардынарных падыходаў у вырашэнні праблем і шчыльнае ўзаемадзеянне па гэтым не толькі адказных, але і ўскосных ведамстваў. У чым удзельнікі выязнога форума пераканаліся ўвачавідкі.

Спецыялістаў вітаў намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч, які падкрэсліў важнасць як самога мерапрыемства, так і работы камісій па справах непаўналетніх у цэлым.
— Ролю і вынікі кантролю таго шляху, на якім адбываецца грамадскае і грамадзянскае станаўленне падрастаючага пакалення, вызначыць толькі будучыня, — зазначыў Руслан Васільевіч. — І для нас зараз галоўнае — заўважыць магчымыя памылкі, каб пазбегнуць іх.
Таксама намеснік старшыні райвыканкама азнаёміў гасцей з некаторымі напрацоўкамі ў дадзенай рабоце, а таксама з дасягненнямі эканомікі і сацыяльнага жыцця нашага рэгіёна.

Першай прымала ўдзельнікаў семінара СШ №1 імя ЧБВА. На працягу некалькіх гадзін педагагічны калектыў школы дзяліўся з гасцямі падыходамі, што прымяняюцца тут у выхаванні дзяцей.
І паказаць першай гарадской было што. Дырэктар установы Святлана Станкевіч падрабязна расказала пра сістэму работы школы па арганізацыі занятасці падлеткаў у вольны час. Яна паказала спартыўную пляцоўку на адкрытым паветры і патлумачыла яе загружанасць.

Увагу прыцягнуў працуючы працяглы час і даволі папулярны сярод школьнікаў STEM клас разам з гуртком «Робататэхніка», выхаванцы якога разам з кіраўніком Мікалаем Дубінчуком збіраюць і нават самастойна праграмуюць робатаў. Для духоўнага выхавання ў школе ўжо пяты год дзейнічае праваслаўны клуб «Каўчэг», якім кіруе Алёна Кот, абапіраючыся на важкую падтрымку настаяцеля Свята-Праабражэнскага храма протаіерэя Ігара Мрыхіна.
Педагог-псіхолаг СШ №1 Вольга Цабрук расказала спецыялістам пра асаблівасці рэалізацыі праекта «Апрабацыя мадэлі стварэння сяброўскага і падтрымліваючага асяроддзя ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі».

Не менш насычанай праграма абмену вопытам была і ў дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы. Намеснік дырэктара сярэдняй спецыяльнай адукацыйнай установы Святлана Міляшэвіч падзялілася напрацоўкамі ў фарміраванні культуры вольнага часу моладзі. Пра дзейнасць маладзёжнага атрада аховы правапарадку «Легіён», работа якога даўно наладжана ў каледжы, расказаў яго кіраўнік Віктар Сушко. Прыцягнулі ўвагу гасцей і тыя мерапрыемствы, што ладзяцца ў КАВОРКІНГ-цэнтры, які з’яўляецца платформай для рэалізацыі ініцыятыў навучэнцаў: арганізатарам прасторы Марыне Карунас і Арцёму Петраню задалі нямала пытанняў.
Другая палова семінарнага дня таксама была багатай на карысную інфармацыю, якую падрыхтавалі для гасцей Ружанскія ўстановы.
Педагогі мясцовай школы прадэманстравалі напрацоўкі ва ўзаемнай рабоце ўстановы з арганізацыямі дадатковай адукацыі, грамадскімі аб’яднаннямі, прадпрыемствамі гарадскога пасёлка ў плане баўлення вольнага часу і працоўнай занятасці падлеткаў. Дырэктар Ружанскай СШ Аляксандр Юрэня падзяліўся папярэднімі вынікамі і будучымі планамі, а яго калега —дырэктар Ружанскага шматпрофільнага цэнтра Алена Солавава прадэманстравала работу «Клуба маладога чалавека: пятая працоўная чвэрць».
Фінальнай часткай азнаямленчага мерапрыемства стала наведванне музея «Ружанскі палацавы комплекс роду Сапег», супрацоўнікі якога таксама робяць немалы ўклад у арганізацыю вольнага часу школьнікаў.
Як паведаміла намеснік старшыні КДН Пружанскага райвыканкама Ірына Грышкевіч, вынікам форуму стаў абмен кантактамі і дамовы пра перспектывы больш шчыльнага супрацоўніцтва на міжраённым узроўні.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік