Пятница, 5 декабря 2025

Абласны семінар «Дзень поля» правялі на базе «Велікасельскага Агра»

391

Мала расліну пасадзіць, за ёй патрэбны належны догляд. Інакш цяжка разлічваць на багаты ўраджай. Асабліва калі ўзяць пад увагу наш зменлівы клімат: то дажджы заліваюць, то завіруха, то холад, то сонейка занадта грэе. Ды і зямля мае свой рэсурс. Не забываем, канечне, пра шкоднікаў і захворванні, якія з кожным годам прагрэ-сіруюць. Каб пазбегнуць гэтых негатыўных момантаў, і выкарыстоўваюцца розныя прэпараты для абароны раслін.

Пра іх эфектыўнасць, тэрміны выкарыстання ў мінулы чацвер і гаварылі ўдзельнікі абласнога семінара «Дзень поля», што арганізавалі камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама і кампанія «BASF» у Рэспубліцы Беларусь, якая і спецыялізуецца ў тым ліку на абароне раслін. Да ўдзелу ў семінары былі запрошаны галоўныя аграномы і аграномы па абароне раслін сельгаставарыстваў Брэстчыны, спецыялісты інспекцый па насенняводстве, каранціне і ахове раслін і кампаній, якія займаюцца распрацоўкай адпаведных прэпаратаў. Усім была ўручана навуковая літаратура па доглядзе сельгаскультур.

Асноўная ж частка мерапрыемства прайшла на палетках ААТ «Велікасельскае Агра», дзе былі размешчаны стэнды са схемамі абароны сельгаскультур і тлумачэннем эфектыўнасці таго ці іншага прэпарата. Вітаў прысутных галоўны аграном гаспадаркі Сяргей Капіца, які і пажадаў усім плённай працы ў Дзень поля. Паспелі ахапіць сем палеткаў: з азімым і яравым ячменем, кукурузай, гарохам, азімым трыцікале, азімай пшаніцай і азімым рапсам. На кожным начальнік Пружанскай раённай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Ігар Гаманчук падрабязна расказваў прысутным пра выкарыстоўваемы ў ААТ «Велікасельскае Агра» насенны матэрыял, яго апрацоўку і наступны догляд раслін. У сваю чаргу прадстаўнік кампаніі «BASF» прадставіў сваю прадукцыю, расказаў пра яе перавагі ў барацьбе з хваробамі сельгаскультур.

Што можна дадаць? Канечне, выбар таго ці іншага прэпарата ўсё роўна застаецца за самімі гаспадаркамі. Як думаецца, галоўнае — гэта рэзультат. Таму жадаем сельгаставарыствам усёй вобласці здаровых усходаў і багатых ураджаяў.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік

Больш фота глядзіце ў альбомах у нашых групах https://vk.com/album-23306785_302918448 і https://ok.ru/budni/album/979559345032