Воскресенье, 12 января 2025

Абласны конкурс «Аграмайстэрства» прайшоў на базе Пружанскага каледжа. Нашы — у ліку лепшых! (+многа фота)

333

Сельская гаспадарка нашай краіны заўсёды мела патрэбу ў добра падрыхтаваных спецыялістах, якія віртуозна карыстаюцца тэхнікай, а яна, мы ж ведаем, кожны год удасканальваецца, прымяняюцца сучасныя тэхналогіі для дасягнення высокіх ураджаяў і годных вынікаў у працы. Таму ў Беларусі велізарная ўвага ўдзяляецца развіццю рабочых прафесій, пастаянна выяўляюцца лепшыя па сваёй спецыяльнасці. Гэтаму ўжо каторы год спрыяе абласны конкурс «Аграмайстэрства» сярод навучэнцаў і майстроў вытворчага навучання па прафесіі «Трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці», які праходзіць на базе Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа.

Не стаў выключэннем і год бягучы. На мінулым тыдні наш каледж зноў сустракаў гасцей з розных куткоў Брэстчыны. На Пружаншчыну завітала 10 каманд з розных прафесійных аграрных устаноў адукацыі вобласці.

Падчас урачыстага адкрыцця мерапрыемства дырэктар ПДАТК Дзмітрый Чайкоўскі адзначыў, што конкурс прафесійнага майстэрства — заклад паспяховай падрыхтоўкі будучага спецыяліста. Гэта магчымасць гучна заявіць аб сабе, падзяліцца адкрыццямі і спазнаць нешта новае ў сваёй прафесіі: век жыві — век вучыся.

Дзмітрый Уладзіміравіч пажадаў усім удзельнікам удачы ў спаборніцтвах, у поўнай меры паказаць свае веды і ўменні, годна прадставіць сваю навучальную ўстанову.

Калі перамагае сяброўства — гэта добра. Але спаборніцтва — гэта спаборніцтва: пераможцы павінны быць вызначаны. У склад судзейскай калегіі ўвайшло восем чалавек ад розных устаноў, а ўзначаліў журы начальнік аддзела механізацыі, аховы працы, транспартнай і пажарнай бяспекі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама Віктар Дзенісюк. У сваім звароце да прысутных Віктар Іванавіч падкрэсліў, што кваліфікаваныя кадры — вялікая падмога ў рабоце любой галіны эканомікі, а асабліва ў сельскай гаспадарцы. Бо ў нашай краіне штогод вырабляецца і закупляецца новая тэхніка, каб працаваць на ёй, патрэбны сур’ёзныя навыкі як у тэорыі, так і на практыцы.

І дадзены конкурс спрыяе таму, каб выявіць лепшых у сваёй прафесіі, паказаць, наколькі віртуозна можна кіраваць тым жа трактарам. Бо праца, напрыклад, у полі, па словах загадчыка кабінета Брэсцкага абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра прафесійнай адукацыі Аляксандра Аляпкіна, патрабуе ўсёй адказнасці і карпатлівасці, яна вельмі важная для дзяржавы. Вырошчваннем хлеба мы займаемся адвеку. І калі ёсць штодзень духмяная буханка на стале — значыць аграрыі ў чарговы раз добра спрацавалі, жытнёвая скарбонка краіны поўная. Дзякуем у тым ліку і механізатарам.

Не будзем забываць, канечне, і пра канцэртныя нумары, якімі радавалі прысутных навучэнцы Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа. Усе яны сугучна ўклаліся ў тэматыку мерапрыемства: і шчырыя словы пра родную краіну, і нацыянальныя касцюмы, і народныя танцы.

І вось ён, хвалюючы момант, — жараб’ёўка, пасля якой удзельнікі конкурсу адправіліся паказваць свае тэарэтычныя і практычныя веды па прафесіі. Зразумела, не абышлося і без інструктажу па тэхніцы бяспекі, жыццё і здароўе кожнага ўдзельніка конкурсу — на першым месцы.

Распачалося само мерапрыемства з тэарэтычнага тура, дзе канкурсанты паказвалі свае веды па ўстройстве трактароў і правілах дарожнага руху. Што да практыкі, то было і ваджэнне машынна-трактарнага агрэгата, узворванне, дзе журы асаблівую ўвагу ўдзяляла глыбіні баразны, прамалінейнасці, граматнай рабоце з плугамі.
Адна справа ездзіць, зусім іншае — тэхнічнае абслугоўванне, рэгуліроўка і ўстараненне няспраўнасцей колавага трактара. Заўсёды ў павазе работнік, які самастойна можа выправіць паломку, абслужыць сваю тэхніку.

Спаборніцтвы працягваліся тры дні — з аўторка па чацвер мінулага тыдня, а ў пятніцу былі падведзены вынікі абласнога конкурсу «Аграмайстэрства».

Дык вось. Сярод навучэнцаў і майстроў вытворчага навучання па прафесіі «Трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці» галоўнае ўпраўленне па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама ўзнагародзіла дыпломамі І ступені і грашовымі сертыфікатамі на 150 рублёў майстра вытворчага навучання УА «Маларыцкі дзяржаўны аграрны каледж» Дзмітрыя Навумчыка і навучэнца УА «Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж» Міхаіла Палешчука.

Дыпломы ІІ ступені і па 125 рублёў атрымалі майстар вытворчага навучання УА «Івацэвіцкі дзяржаўны аграрны каледж» Аляксандр Пропер і навучэнец з УА «Маларыцкі дзяржаўны аграрны каледж» Уладзіслаў Валашчук.

На трэцюю прыступку ўзняліся і атрымалі па 100 рублёў майстар Віктар Вайцюк з Драгічына і Мікіта Місавец, навучэнец Высокаўскага дзяржаўнага аграрнага каледжа.

У камандным заліку прызавыя месцы размясціліся наступным чынам: першае — УА «Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж», другое — «Маларыцкі дзяржаўны аграрны каледж» і трэцяе — «Пінскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж імя Кляшчова».

Таксама за высокую якасць выканання асобных заданняў конкурсу галоўнае ўпраўленне па адукацыі аблвыканкама ўзнагароджвала пахвальнымі водзывамі. Як аказалася, на высокім узроўні тэорыяй валодае навучэнец Мікіта Зданоўскі з Драгічына. Юрый Глушэня — навучэнец з Івацэвіч — віртуозна водзіць машынна-трактарны агрэгат. Канкурсант Яўгеній Токараў, які навучаецца ў Лунінецкім дзяржаўным аграрным каледжы, можа многае расказаць аб камплектаванні машынна-трактарнага агрэгата. Для навучэнца з Навамышскага дзяржаўнага аграрнага каледжа Вадзіма Дуко зусім не праблема абслужыць трактар. Узараць якасна, каб не было сорамна, — гэта да майстроў Мікалая Федзечкі з Пінска, Мікалая Аргера з УА «Пінскі дзяржаўны аграрны каледж» і навучэнца-пінчука Антона Свірыдовіча.

Застаецца павіншаваць з перамогамі наш каледж. І пажадаць усім удзельнікам конкурсу не спыняцца на дасягнутым, надалей адточваць сваё майстэрства і помніць: работа на зямлі заўсёды была і будзе пачэснай і запатрабаванай.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік

Больш фота — у альбомах: https://vk.com/album-23306785_298378053 і https://ok.ru/budni/album/969691823496