Пятница, 23 мая 2025

Абласны конкурс «Аграмайстэрства» ў Пружанах: прадстаўнікі каледжа — лепшыя!

408

На мінулым тыдні на базе УА «Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж» прайшоў абласны конкурс «Аграмайстэрства» сярод навучэнцаў і майстроў вытворчага навучання па прафесіі «Трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці». І гэта, заўважым, стала добрай традыцыяй для нашай навучальнай установы.

Што значыць быць патрэбным сваёй краіне, сваім людзям? Канечне, жыць сумленна, абавязкова прыносіць карысць, старацца прымножыць багацце Радзімы. А яшчэ добра вучыцца і старанна вучыць. І для апошняга ў нас створаны ўсе магчымасці. Не проста, напрыклад, хадзіць на заняткі, каб атрымаць спецыяльнасць і закінуць потым дыплом у шафу, а імкнуцца кожны дзень да ведаў, быць прыкладам у вучобе. З любоўю да справы і ўсёй адказнасцю ставіцца да працы настаўнікам, быць ва ўсім прыкладам для падрастаючага пакалення. Вось на конкурсе і сабраліся лепшыя прадстаўнікі адзінаццаці прафесійных устаноў Брэстчыны, каб сябе паказаць і на людзей паглядзець.

Конкурс пачаўся з вітання яго ўдзельнікаў. Дырэктар Пружанскага каледжа Дзмітрый Чайкоўскі адзначыў, што добрыя спецыялісты патрэбны ў любой галіне эканомікі, асабліва ў сельскай гаспадарцы. Бо араць, сеяць і ўбіраць ураджай — справа вельмі важная для нашай рэспублікі, і рабіць усё патрэбна па тэхналогіі, з веданнем таго, чым займаешся. І яшчэ адно, дух спаборніцтва — гэта стымул для прафесійнага росту, ёсць магчымасць праявіць сябе, нечаму і навучыцца. Баявога задору і добрага настрою пажадаў усім Дзмітрый Чайкоўскі.

Хто будзе сачыць за правядзеннем тураў і падлічваць балы ўдзельнікаў, каб выявіць самага-самага? Журы з васьмі чалавек, узначаліў намеснік начальніка аддзела механізацыі, аховы працы, транспартнай і пажарнай бяспекі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама Юрый Белазораў.

— На зямлі працаваць — вялікая навука і нялёгкая. І трэба вельмі скрупулёзна яе вывучаць, не баяцца рабіць памылкі, бо на іх людзі і вучацца. А сёння кожны механізатар у некаторым сэнсе інжынер. Патрэбна быць усебакова развітым чалавекам, каб кіраваць сучаснай тэхнікай, мець уяўленне пра яе аснашчэнне, змагчы парамантаваць пры неабходнасці. А яшчэ быць адданым прыхільнікам сельскай гаспадаркі. Таму жадаю ўдзельнікам конкурсу пазітыўных эмоцый, цікавых знаёмстваў і жаданых перамог, — наказ ад Юрыя Уладзіміравіча.

Цёплыя словы ў адрас тых, хто не баіцца ў будучым цяжкай працы на зямлі, гучалі і з вуснаў дырэктара ДУ «Рэгіянальны цэнтр метадычнага забеспячэння прафесійнай адукацыі Брэсцкай вобласці» Андрэя Кавалеўскага.

Навучэнец каледжа Максім Лёліч — не элітная моладзь, а сапраўдная, якой і ганарыцца наша краіна.

А цяпер да іспытаў, якія пачаліся з тэарэтычнага этапу. Перш чым сесці за баранку любой тэхнікі, патрэбна ведаць яе ўстройства, каб не пераблытаць педаль тормазу і газу, а таксама — Правілы дарожнага руху, без якіх і на дарогу не выедзеш. Максімальную колькасць балаў (80) разам з прадстаўнікамі Ганцавіцкага, Лунінецкага і Івацэвіцкага каледжаў набраў і Максім Лёліч, навучэнец 3-га курса па спецыяльнасці «Тэхнічнае абслугоўванне і рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі» нашай сярэдняй спецыяльнай установы.

Пасля гэтага Максіма ўжо было не спыніць. Ён адзін змог набраць максімальныя 50 балаў у практычным туры «Ваджэнне машынна-трактарнага агрэгата» на трактары «Беларус-82» з прычэпам 2-ПТС-4. Каб тэхніка не падводзіла, яе абавязкова трэба абслужыць, падрэгуляваць, а пры неабходнасці і адрамантаваць. І тут Лёліч даказаў, што рукі ў яго на сваім месцы. 77 са 100 — нішто сабе вынік разам з Маларытай і Пінскам, прытым што больш ніхто і не набраў. Трэба падчапіць плуг і правесці папярэднюю рэгуліроўку агрэгата на зададзеную глыбіню? Калі ласка, звяртайцеся да навучэнца Пружанскага каледжа, ён вам усё пакажа і раскажа, першае месца на гэтым этапе конкурсу ўжо пэўна гаворыць, што хлопец валодае высокімі ведамі ў справе. І ўжо было зусім не важна, што не ўвайшоў Максім у тройку лідараў падчас выканання ўзворвання глебы. У суме 453 балы вывелі юнака ў індывідуальным заліку на першае месца. Вось бы нам паболей такой рукастай і галавастай моладзі! У такіх маладых людзей можна верыць: яны не толькі захаваюць набытае, але і прымножаць багацце сваёй краіны. Канечне, вялікі дзякуй за годнага чалавека бацькам Максіма і педагогам каледжа, якія рыхтавалі навучэнца да конкурсу, усялялі веру ў свае сілы і магчымасці.

Дарэчы, у Пружанскім каледжы сапраўды працуюць прафесіяналы сваёй справы, якія на вышэйшым узроўні валодаюць не толькі тэорыяй, але і практыкай. Трохі (142 балы са 150) не дацягнуў да максімальнай колькасці на ўзворванні глебы майстар вытворчага навучання Аляксандр Ніканчук. І зноў першае месца! Падабралася ж каманда, адзін аднаго не падвялі, не пасарамацілі родную ўстанову і, што казаць, уцерлі нос астатнім удзельнікам!

Віншуем нашу каманду з першай прыступкай п’едэстала (596 балаў). Сапраўды ганарымся імі і жадаем не здаваць пазіцый, а замацоўваць іх на наступных конкурсах.

Заўсёды трэба верыць у свае сілы, прымаць спакойна памылкі, каб потым іх выправіць, ніколі не хвалявацца, а рабіць усё мерна, з веданнем справы. І ў выніку вас будзе чакаць перамога, а з ёю — і слава. Каманда нашага каледжа гэта даказала на сваім прыкладзе.

Вадзім Раўнейка

Фота Кацярыны Масік