Пятница, 14 июня 2024

Абласны фестываль-конкурс «ProfSkills»: якія вынікі ў Пружанскага каледжа?

312

На базе Палаца культуры Бярозы на працягу чатырох дзён праходзіў абласны фестываль-конкурс прафесійнага майстэрства сярод навучэнцаў, студэнтаў і маладых рабочых «ProfSkills». Яго мэтай ставілася фарміраванне станоўчага іміджу прафесійнай адукацыі, павышэнне прэстыжу рабочых прафесій і ўзроўню інфармаванасці грамадскасці аб установах прафесійнай адукацыі. У мерапрыемстве прынялі ўдзел і навучэнцы Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа. І вярнуліся з конкурсу пераможцамі.

Удзельнікі фестывалю-конкурсу мелі магчымасць на практыцы паказаць веды і навыкі ў 42 намінацыях на выбар. Навучэнцы каледжа прадстаўлялі сваю навучальную ўстанову ў кампетэнцыях «Аграномія» і «Тэхнічнае абслугоўванне сельскагаспадарчай тэхнікі».

Не фармальна паўдзельнічалі, а раскрылі ўсе свае здольнасці, праявілі напорыстасць, пры гэтым захавалі спакой і вытрымку. І рэзультат не прымусіў чакаць. З вялікім адрывам ад сапернікаў хлопцы занялі першыя месцы. Сярод аграномаў не было роўных навучэнцу 2-га курса Міхаілу Астапчыку, лепшым механікам прызнаны таксама другакурснік Максім Лёліч. Пераможцам уручылі медалі, каштоўныя падарункі і грашовыя прэміі. А гэта ўжо вялікі стымул для таго, каб не спыняцца на дасягнутым, а рухацца толькі ўперад, да новых вяршынь у сваім жыцці.

У чалавека ад нараджэння ўжо закладзены таленты. Іх трэба толькі раскрыць. Так і ў нашым выпадку. Падзяку за падрыхтоўку да конкурсу Міхаіл Астапчык адрасуе выкладчыкам Вользе Ільяшэвіч, Таццяне Жогал, Вользе Якута і Аксане Карпей. Жаночы калектыў не проста даў грунтоўныя веды навучэнцу, але і скіраваў толькі на перамогу, усяліў веру ў свае сілы. Удзячны і Максім Лёліч за сур’ёзнае стаўленне да сваіх службовых абавязкаў майстрам вытворчага навучання Аляксандру Пстыгу, Аляксандру Ніканчуку і выкладчыку Анатолю Мацэюку. Дзякуючы ім, навучэнец на высокім узроўні паказвае тэарэтычныя веды на практыцы, можа абслужыць тэхніку і віртуозна ёй кіраваць.

Што чакае хлопцаў далей? За ўсё жыццё не скажу. А вось праз год, прыблізна ў маі 2025-га, Максім і Міхаіл павінны прыняць удзел у рэспубліканскім конкурсе пад аналагічнай назвай, які пройдзе ў Мінску, у індустрыяльным парку «Вялікі камень».

Чаго пажадаць навучэнцам каледжа? Няхай і надалей вас не пакідае ўдача, заўсёды будзьце ўпэўненымі ў сваіх сілах. І помніце, што за вас у любым выпадку перажываюць не толькі бацькі, але і ўвесь калектыў навучальнай установы. Удачы вам ва ўсіх пачынаннях!

P.S. Паважаныя абітурыенты, калі вы маеце жаданне стаць навучэнцамі Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа і атрымліваць паўнавартасныя веды, навучальная ўстанова шчыра запрашае ў свой дружны калектыў!

Вадзім Раўнейка. Фота прадастаўлена каледжам