Пятница, 23 мая 2025

Абласны этап «Уладар сяла-2024»

333

Сям’я. Як многа закладзена ў гэтым слове. Гэта муж і жонка, якія кахаюць і падтрымліваюць адзін аднаго. Гэта дзеткі, якіх бацькі любяць і песцяць, ускладаюць спадзяванні на прадаўжэнне роду. Але нельга прамінуць добрым словам і бабуль з дзядулямі, якія заўсёды побач, гатовыя словам і справай дапамагчы, і з унукамі пабавіцца.

А яшчэ шчаслівая сям’я — упэўненасць кожнай дзяржавы ў заўтрашнім дні, яе працвітанні. Моцныя і дружныя ячэйкі грамадства жывуць не толькі ў вялікіх і малых гарадах, але і ў вёсках па ўсёй нашай непаўторнай Беларусі. Пацвярджэнне — штогадовы сельскагаспадарчы праект «Уладар сяла» сярод маладых сем’яў, які праводзіцца пад патранажам БРСМ. Яму сёлета споўнілася 15 гадоў. Абласны этап «Уладара сяла» ў суботу прайшоў на базе Ружанскага палацавага комплексу роду Сапегаў.

А папярэднічаў гэтаму мерапрыемству адбор сем’яў у кожным раёне вобласці. На цудоўнае сямейнае свята ў Ружаны з’ехаліся прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў Брэстчыны, акрамя Столінскага і Ганцавіцкага. Нашу прыгожую старонку прадстаўляла сям’я Аляксандра і Аліны Бурко з дзеткамі Мікітам, Іванам і Дыянай, якая пражывае ў аг. Лінова.

Пачалі з запальных танцаў ад народнага ансамбля танца «Спадчына» гарадскога Палаца культуры, пазнаёміліся з журы, правялі жараб’ёўку. І панеслася!

У госці да кожнай сям‘і

Гэта пра першы конкурс «Сардэчна запрашаем да нас!». Усяго хапіла! Падчас знаёмства з сем’ямі былі і песні, і танцы пад гармонік і бубны. Нават паглядзелі абрад «Уваход у новую хату». Дзеткі чыталі вершы пра шчаслівае дзяцінства. Стылізаваныя хаткі ўпрыгожылі абразамі і карцінамі, вышыванымі ручнікамі, сямейнымі фотаздымкамі і букетамі васількоў. А як прыгожа выглядалі бацькі і іх дзеткі ў нацыянальных касцюмах! І канечне, частаванне — сапраўдны кулінарны цуд ад гаспадынь. Якая ж багатая беларуская кухня! Чаго там толькі не было! Калі ласка, каўбаскі смажаныя, вэнджаныя. А можа катлетак паспрабуеце ці бульбачкі духмянай з кропам, блінцоў з розным начыннем, рыбы сушанай, а яшчэ і пах шашлыкоў казытаў нос. Запіць жадаеце? Шаноўныя, усё для вас: і медавуха, і чаёк з самавара, морсы і квасы! І салодкасцяў хапала на выбар гурманаў. Для журы гэты конкурс аказаўся самым складаным: паспрабуй вызнач пераможцу, калі столькі смакаты на сталах!

«Хлеб усяму галава!»

У другім туры сем’і прадстаўлялі на суд караваі, якія патрэбна было спячы самастойна і не пазней, чым за суткі да мерапрыемства. Улічвалася тэматыка афармлення і начынне, якое змяшчаў у сабе выраб. Такой прыгажосці даўно не даводзілася бачыць, нават трох’ярусныя былі, упрыгожаныя выпечанымі каласкамі і кветкамі! А колькі цёплых слоў гучала пра духмяны хлеб — не пералічыць. Бо, сапраўды, для нас, беларусаў, хлеб не толькі крыніца спажывання, але і сімвал дабрабыту: ёсць пахучая буханка на стале — значыць усё будзе добра.

Адным словам, дранікі!

У трэцім туры муж і жонка, размеркаваўшы абавязкі, пяклі на калодзе гэтую нацыянальную страву. Улічваліся і спрыт у прыгатаванні, і, зразумела, смак. Справіліся хутка, падавалі з густам, нават на звычайнай дошцы. Божа, які ж водар стаяў у наваколлі! Таму і жадаючых пакаштаваць дранікаў было хоць адбаўляй! Некалькі мінут — і прыбіраць са сталоў ужо няма чаго.

Муж і жонка — талака

Сямейнае жыццё — гэта калі разам хату будуем, дзетак гадуем і… дровы рыхтуем. Чым і займаліся ў наступным конкурсе сямейныя пары. Удваіх распілоўвалі, пасля чаго мужчыны па-майстэрску рассякалі чуркі, якія іх найлепшыя палавінкі акуратна складвалі. І нічога страшнага, што ў некага дадзеная работа выклікала некаторыя складанасці. Бо і ў жыцці не заўсёды ўсё гладка, галоўнае, каб пераадольваць цяжкасці разам, не пакідаць блізкага чалавека ў бядзе.

Касіў Ясь канюшыну…

І рабіў гэта звычайнай касой. Нашыя ж працавітыя гаспадары рыхтавалі сена бензакосамі. Прагрэс, нічога не зробіш. Наколькі ж розныя ўсе мы: нехта з ходу рынуўся, як кажуць, у бой, другі больш памяркоўна паставіўся да справы, трэці больш увагі ўдзяліў не спрыту, а якасці выканання работы. Падвядзём вынік: на ўсіх гэтых падворках каровы галоднымі не застануцца.

І ў горы, і ў радасці

Апошні конкурс «Працуем у камандзе». Абяцаў на вяселлі насіць на руках — выконвай, праўда, у нашым выпадку, вазі на тачцы. Чым і займаліся першачаргова: мужы ганялі са сродкамі перасоўвання вельмі віртуозна, ніхто сваё любімае шчасце не згубіў і ні з кім не памяняўся. Дзеці — верныя памочнікі. Вось яны і дапамагалі сваім бацькам, у якіх былі завязаны вочы, расфасаваць па відах агародніну. Жонка на хвілінку зайшла да суседкі, а муж вельмі «стаміўся». Трэба адзін аднаго выручаць. Таму і спавівалі хлопцы немаўлят, а дзяўчаты забівалі ў калоду цвікі. І ўсё было так чынна і ладна.

І вось кульмінацыя

Стомленыя, але задаволеныя сабой прадстаўнікі чатырнаццаці раёнаў чакалі на сцэне прысуду журы, якому выпала незайздросная роля ў вызначэнні пераможцаў. Падзякі за ўдзел у конкурсе і каштоўныя падарункі ўсім канкурсантам уручыў старшыня журы начальнік аддзела па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Дзмітрый Навічук, які пажадаў усім сем’ям дабрабыту, поспехаў ва ўсіх пачынаннях і жадання ісці толькі наперад, бачыць у кожным дні толькі пазітыў і натхненне. Не з пустымі рукамі на свята завітаў і галоўны тэхнічны інспектар працы Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Сяргей Канюшка. Другі сакратар Брэсцкага абласнога камітэта БРСМ Лізавета Чамармазовіч уручыла Падзяку Пружанскаму райвыканкаму ў асобе першага намесніка старшыні — начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Сяргея Глушко за арганізацыю свята.

Але хто падымецца на п’едэстал? Павіталі бронзавага прызёра, сям’ю Аляксандра і Іны Тышчук з Кобрынскага раёна. А дапамагалі ім каваць перамогу сын Мікалай і дачка Сафія. Прадстаўнікі Брэсцкага раёна Вадзім і Алеся Забалоцкія з дзеткамі Максімам і Даніілам узняліся на другую прыступку. І абсалютныя пераможцы, якія і будуць прадстаўляць Брэсцкую вобласць на рэспубліканскім конкурсе «Уладар сяла», — Аляксандр і Крысціна Гаўрылік з Баранавіцкага раёна, нязменнай памочніцай у якіх стала дачушка Ганна. Віншуем з перамогай!

Няма нічога немагчымага. Таму, маладыя людзі, стварайце трывалыя сем’і, нараджайце дзетак, прымайце актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, будзьце прыкладам для ўсіх і ва ўсім. І хто ведае, можа, у недалёкім будучым, і вы станеце непасрэдным удзельнікам «Уладара сяла» ці нават пераможцам конкурсу.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік

Фотаальбомы глядзіце тут: https://vk.com/album-23306785_303072494 і https://ok.ru/budni/album/980110403208