Среда, 21 февраля 2024

Абед з дастаўкай у поле! Паглядзелі, як арганізавана харчаванне механізатараў у ААТ «Ружаны-Агра»

563

У зладжаным ланцужку пасяўной і ўборачнай кампаніі харчаванне механізатараў — вельмі важнае звяно. А работнікаў сельскагаспадарчых сталовак на цалкам законных асновах можна лічыць удзельнікамі сезонных палявых работ.

У ААТ «Ружаны-Агра» з гэтым згодны на ўсе сто працэнтаў і дадаюць, што добры работнік — сыты работнік. У сельгаставарыстве загадзя прадумваюць алгарытм ахопу механізатараў гарачым харчаваннем, каб падчас правядзення непасрэдна вызначаных работ не было збояў. Пры гэтым улічваюць, што карміць патрэбна сытна, смачна, з захаваннем санітарных патрабаванняў.

Сталовая ААТ «Ружаны-Агра» ў Ружанах.

У гаспадарцы для забеспячэння работнікаў падчас пасяўной і ўборачнай кампаніі харчаваннем функцыянуе дзве сталовыя — у г.п. Ружаны і в. Калазубы, дзе непасрэдна гатуюцца стравы. Для таго, каб аператыўна развезці ежу, задзейнічана чатыры аўтамабілі, з кожным на палеткі выязджае кухонны работнік-раздатчык. І справа гэтая зусім не лёгкая, як можа падацца, бо трэба разлічыць час ад’езду ад сталовай, адлегласць да месца працы кожнага механізатара і колькасць такіх кропак прыпынку. Таму «сталовая на колах» адпраўляецца ў дарогу прыблізна ў 11.30 і заканчвае сваю работу ў 15.00.

Пасля рамонту памяшканне сталовай стала выглядаць яшчэ лепш.

Тут, канечне, варта ўлічваць, што ААТ «Ружаны-Агра» — адна з буйнейшых гаспадарак не толькі раёна, але і рэспублікі. Акрамя таго, сельгаставарыства дапамагае ў плане харчавання і філіялу «Аграэнерга Зеляневічы» РУП «Брэстэнерга», адгружаючы туды на дадзены момант 30 порцый са сталовай у г.п. Ружаны. Дарэчы, гэты пункт харчавання, вельмі прыгожы пасля рэканструкцыі, на месцы можа абслужыць да 30 чалавек. Тут працуе ветлівы персанал.

Выконваючая абавязкі загадчыцы сталовай у гарадскім пасёлку Ірына Гарус расказала карэспандэнтам «раёнкі», што меню загадзя было распланавана і ўзгоднена з дырэктарам таварыства Андрэем Бурдуком. Тут стараюцца, каб яно было рознабаковым і адпавядала тэмпературнаму рэжыму. Напрыклад, падчас спякоты падаюць халаднік. Разумеюць, што праца механізатара — у нечым заклад будучага добрага ўраджаю.

Механізатар Мікалай Сапун і раздатчыца Надзея Сямёнава.

Тое, што кормяць смачна і сытна, пацвярджае і Мікалай Сапун, з якім карэспандэнты сустрэліся непадалёк ад Ружан, дзе механізатар на трактары «Фэндт» быў задзейнічаны на касьбе травы.

А раздатчыца Надзея Сямёнава прадэманстравала меню на той дзень: гарохавы суп, каша ячная з падліўкай, салата з агуркоў і памідораў, сок яблычна-вінаградны. З упэўненасцю можна сказаць: такая порцыя і сіл можа надаць, і настрою да канца рабочага дня.

Добрай падмогай у гэтай справе з’яўляецца той факт, што таварыства мае свой забойны цэх і цэх па вырабе мясных прадуктаў. Таксама ў Калазубах працуе пякарня. Пакуль што толькі для сваіх патрэб, а ў будучым магчымы выхад і на больш шырокае кола пакупнікоў.

Калі гаварыць пра плату за абеды, то трэба адзначыць, што яна сімвалічная — 1,5 рубля, астатнюю суму бярэ на сябе гаспадарка. А ўдзельнікаў жніва ў сельгаставарыстве яшчэ і вячэрай частуюць, у спякотнае надвор’е абавязкова падвозяць пітную ваду ці мінералку.

Для чалавека вельмі важна, каб пра яго клапаціліся. Тады хочацца зрабіць прыемнае ў адказ, выканаць даручаную работу як мага лепш. А гэта, у сваю чаргу, заклад поспеху ў любой справе.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік