Воскресенье, 20 апреля 2025

Абараніць правы спажыўцоў

303

Любы грамадзянін можа звярнуцца ў суд па абарону сваіх правоў, у тым ліку спажывецкіх. Безумоўна, ёсць магчымасці дасудовага вырашэння спрэчных пытанняў паміж прадаўцом і пакупніком, але, як сведчыць статыстыка, не ўсе ўзважана карыстаюцца імі.

Варта адзначыць, што часцей за ўсё некарэктна паводзіць сябе гандлёвы бок. Хаця, як высвятляецца падчас працэсаў, прадаўцы выдатна ведаюць, што пацярпелы кліент можа звярнуцца па дапамогу ў суд. Дарэчы, варта ведаць, што спажыўцы падчас абароны сваіх правоў у судовым парадку пры падачы іскавай заявы вызваляюцца ад платы дзяржаўнай пошліны.

Дзве адпаведныя справы былі разгледжаны раённым судом у дачыненні да аднаго прадпрымальніка. Жыхар г. Кобрына адкрыў уласную справу па вырабе мэблі па індывідуальных заказах кліентаў. Дакладней, ён займаўся зборам заказаў і перанакіраваннем іх сапраўднаму вытворцу. Менавіта гэтымі яго паслугамі і скарысталіся дзве пружанскія сям’і.

Прынцып эканамічнага супрацоўніцтва падаваўся даволі простым. Сумесна з заказчыкам складаўся праект будучага гарнітура, падпісвалася дамова, у якой агаворваўся тэрмін выканання (у дадзеным выпадку ён складаў 60 дзён). У дадатак выканаўца браў папярэднюю аплату ў памеры 50 і больш працэнтаў ад фінальнага кошту мэблі.

З гэтага моманту пакупнікі пачалі чакаць і спадзявацца. Вось толькі іх чаканні і спадзяванні не скончыліся праз два ўстаноўленыя месяцы.
Спачатку прадпрымальнік адгаворваўся складанасцямі з пастаўкамі матэрыялаў, з адсутнасцю менавіта тых фасадаў, што жадалі заказчыкі. Пры гэтым апошнія пагаджаліся знізіць свае патрабаванні, падбіралі іншыя варыянты з таго, што нібыта было ў наяўнасці. Праходзіў час — і сітуацыя зноў паўтаралася. Калі ж пакупнікі страцілі цярпенне і папрасілі паказаць хаця б каркас зробленага гарнітура, то прадпрымальнік і гэта не змог зрабіць.

Пацярпелыя спажыўцы вымушаны былі звярнуцца па абарону сваіх правоў у суд. Варта дадаць, што адказчыку па іскавых заявах была дадзена магчымасць дасудовага ўрэгулявання спрэчных пытанняў. Але ж ён скарыстаўся ёю зноў толькі для адгаворак, не прыводзячы ніякіх доказаў канкрэтных дзеянняў па выпраўленні сітуацыі.

У выніку на пасяджэнні суд прыняў бок заяўнікаў і вынес рашэнне аб поўнай кампенсацыі выдаткаў пацярпелым. А яны ўключалі ў сябе не толькі вяртанне папярэдняй аплаты ў памеры 3-4 тысячы рублёў, але і кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 1,5-2 тысячы рублёў. І трэба прызнаць, што заяўнікі аднесліся яшчэ памяркоўна, бо кожнаму з іх давялося чакаць справядлівасці больш за пяць месяцаў.

Ці можна прадухіліць падобныя сітуацыі? Як паказвае практыка, адрозніць сумленнага выканаўцу ад безадказнага або наогул падман-шчыка вельмі складана. Магчымы такі варыянт: перад падпісаннем дагавору прапануйце прадаўцу ўнесці пункт аб няўстойцы пры парушэнні ўмоў заказу або невыкананні сваіх абавязкаў. І вызначыць даволі адчувальную кампенсацыю маральнай шкоды. Адказны выканаўца, які ўпэўнены ў сваіх магчымасцях, пагодзіцца на такі крок, таму што ён не стварае яму пагрозы. Ну, а той, хто адмовіцца, не варты вашай увагі. Сёння канкурэнцыя даволі развіта ў любой эканамічнай сферы нашага жыцця.

Вадзім Мазоль, старшыня раённага суда