Воскресенье, 13 июля 2025

Аб узнёслым і надзённым

590
Узнагарода дырэктару ААТ «Ружаны-Агра» Андрэю Босаку

Узнагароды за прыгажосць
Газета паведамляла аб падвядзенні вынікаў і пераможцах конкурсу на лепшае афармленне будынкаў і прылеглых тэрыторый да навагодніх святаў.

На апошнім пасяджэнні райвыканкама на мінулым тыдні прайшло ўзнагароджанне лепшых у сваіх намінацыях. Узнагароды ўручыў старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч.

Трэба адзначыць, што сярод прадпрыемстваў, арганізацый, сельвыканкамаў адзначаліся і прадстаўнікі асабістых падворкаў, у тым ліку і сельскіх населеных пунктаў. Віншуем з узнагародамі. Астатнім рэкамендуем раўняцца на лепшых і падаваць свае заяўкі для ўдзелу ў конкурсе.

Прычыны і ўмовы кіберзлачыннасці
На пасяджэнні райвыканкама было разгледжана пытанне «Аб эфектыўнасці прымаемых мер, накіраваных на прафілактыку і процідзеянне кіберзлачыннасці, выяўленне прычын і ўмоў, якія садзейнічаюць яе здзяйсненню». З дакладам па гэтым пытанні выступіў начальнік аддзела крымінальнага вышуку райаддзела ўнутраных спраў райвыканкама Сяргей Курмыса.

Чаму гэтае пытанне мы вырашылі вынесці асобна і больш дэталёва раскрыць тэму? Справа ў тым, што, нягледзечы на шматлікія паведамленні ў сродках масавай інфармацыі ды і шмат дзе яшчэ, колькасць падманутых рознага віду махлярамі не скарачаецца, а павялічваецца. Мяркуйце самі: на тэрыторыі Пружанскага раёна з 1 студзеня па 31 снежня 2024 года зарэгістравана 66 злачынстваў, за такі ж перыяд 2023 года — 46. Амаль напалову колькасць узрасла. З агульнай колькасці здзейсненых злачынстваў толькі 12 раскрыта, што складае 18,2%. З іх па артыкуле 212 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (крадзеж шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі) здзейснена 18, па артыкуле 209 таго ж кодэкса (махлярства ў сферы высокіх тэхналогій) — 39, па артыкуле 208 (вымагальніцтва) — 2, па артыкуле 222 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (выкарыстанне плацежнага элемента) — 3. Аналізуючы злачынствы і іх схемы, было ўстаноўлена, што 54 разы адбывалася абналічванне грашовых сродкаў, 35 — пераводы ў замежны банк, астатнія разы — залічэнне на крыптакашалёк, букмекерскую арганізацыю, мабільны нумар, крыптабіржу.

У адносінах да мужчын здзейснена 22 злачынствы, жанчын — 44. Узрост пацярпелых: да 18 гадоў — 1 чалавек, ад 18 да 30 — 10, ад 30 да 45 — 15, ад 45 да 60 — 25 і звыш 60 гадоў — 16 чалавек. Самая вялікая колькасць тых, хто трапіў на кручок махляроў, былі пенсіянеры — 16 чалавек, дэкрэтнікі — 15 і беспрацоўныя — 11 чалавек. Большая колькасць пацярпелых — уладальнікі картак ААТ «Беларусбанк» — 33 чалавекі і ААТ «Белаграпрамбанк» — 26.

Па паведамленні Сяргея Курмысы, за год у працоўных і навучальных калектывах было праведзена 585 выступленняў на вышэйназваную тэматыку, 514 паведамленняў, папярэджанняў і іншай інфармацыі было размешчана ў сетках інтэрнэт, распаўсюджана шмат лістовак, нагляднай агітацыі. Работа праведзена немалая, інфармацыі для ўсіх хапала. Але, нягледзячы на гэта, ахвяры добраахвотна даюць сябе падмануць. Праўда, і злачынцы не карыстаюцца састарэлымі тэхналогіямі падману, кожны раз яны ўдасканальваюць сваё майстэрства. З таго ж і жывуць на шырокую нагу.

А яшчэ Сяргей Віктаравіч расказаў пра выпадкі «лахатронных» дзеянняў злачынцаў і якія сумы страцілі пацярпелыя, гэта ад 100 рублёў да 35 тысяч. Што цікава, людзі гатовы плаціць за «катоў у мяшках», ёлкі, якіх у вочы не бачылі, запчасткі да аўтамабіляў, а яшчэ спрабуюць павялічыць свой капітал шляхам укладання немалых сродкаў у мыльныя бурбалкі і паветраныя замкі. Не будзьце сквапнымі, майце тое, што ёсць, хочаце болей — працуйце. А яшчэ запомніце раз і назаўсёды: ні адзін праваахоўнік, супрацоўнік банка і іншая дзяржаўная асоба не будзе тэлефанаваць вам з дапамогай месенджараў, сацыяльных сетак і прапаноўваць прадыктаваць нумар карткі, а тым больш, сакрэтнага трохзначнага кода на яе зваротным баку, пералічыць некаму грошы і, наогул, рабіць маніпуляцыі з фінансамі. Перш чым расстацца са сваімі зберажэннямі, праверце інфармацыю некалькі разоў, патэлефануйце родным і блізкім. Няхай лепш вас палічаць дзіваком, чым вы застаняцеся ні з чым.

Падчас абмеркавання разгледжанага пытання намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч прапанаваў звярнуцца да банкаўскіх работнікаў і разгледзець магчымасць замарожвання на нейкі час выдачы банкаўскага крэдыту. Так робіцца, напрыклад, у Расійскай Федэрацыі. Не адразу банк аддае грошы, а робяцца ўсебаковыя праверкі. Кліенту ёсць магчымасць падумаць, а не рабіць глупствы з гарачай галавы. Прапанова слушная, спадзяюся, што банкіры яе прымуць.

Скажу адно: страціць грошы вельмі лёгка, а вось вярнуць іх — амаль немагчыма. Не дайце сябе падмануць.

Віктар Ільюшчанка