Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 18 студзеня правёў нараду з кіраўніцтвам Савета Міністраў. На разгляд кіраўніка дзяржавы было вынесена некалькі навацый, якія закранаюць розныя сферы эканомікі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Прэзідэнцкія нарады такога фармату сталі ўжо традыцыйнымі: перад прыняццем важнейшых рашэнняў кіраўнік дзяржавы абмяркоўвае з урадам і ініцыятарамі новаўвядзенняў неабходнасць і мэтазгоднасць вынесеных на яго разгляд прапаноў.
Аб навацыях у сферы ацэначнай дзейнасці
Нараду пачалі з абмеркавання праекта ўказа, якім прапануецца ўвесці шэраг навацый у сферы ацэначнай дзейнасці, а таксама ў выпадках продажу маёмасці ўласнікамі з недружалюбных краін.
Цяпер у Беларусі працуюць сотні арганізацый, якія маюць права праводзіць ацэнку розных матэрыяльных каштоўнасцей. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што тут, як і ў іншых сферах эканомікі, павінны працаваць выключна высокапрафесійныя эксперты.

«Што называецца, з добрай рэпутацыяй, якім дзяржава і людзі могуць давяраць правядзенне ацэнкі. Толькі аб’ектыўна праведзеная ацэнка дае магчымасць прымаць правільныя кіраўніцкія рашэнні. Тым больш калі гэта датычыцца рыначнага кошту дзяржаўнай (лічы, народнай) маёмасці або будучых даходаў бюджэту», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Галоўнае патрабаванне кіраўніка дзяржавы да ўводзімых навацый — празрыстасць і кантралюемасць.
Аб падыходах да продажу маёмасці ўласнікамі з недружалюбных краін
«Далей. Урад прапануе праяўляць больш гібкасці (не ведаю, колькі тут яшчэ можна нагінацца) у пытаннях продажу маёмасці іншаземцамі з недружалюбных краін і прадугледзець выпадкі, калі такое магчыма. Немагчыма ніколі. Але ўрад знаходзіць, што немагчыма, але калісьці, у нейкіх момантах магчыма. Паслухаем, у якіх. Зразумела, каб абараніць нашу эканоміку ад бязладдзя Захаду ва ўмовах усё большага санкцыйнага націску, мы прынялі шэраг сістэмных дакументаў, і сёння ніводны акцыянер або ўласнік, які мае грамадзянства недружалюбнай краіны, не мае права без спецыяльнага дазволу ўрада і ўзносу ў бюджэт распрадаваць маёмасць, агаляючы асноўныя фонды эканомікі», — нагадаў Аляксандр Лукашэнка.
“Мы дамовіліся: ніякай маёмасці мы нікому не прадаём, не перадаём, калі ў выніку санкцый або якіх-небудзь іншых прычын іншаземцы, якія маюць тут уласнасць, прадпрыемствы, кампаніі, сыходзяць з нашага рынку. Як я гаварыў, да пабачэння — мы разбяромся самі. І, як паказвае той жа «Макдональдс», мы цудоўна ў гэтым разабраліся: людзі з задавальненнем ходзяць туды», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.
«Таму прадметна хачу абмеркаваць мэтазгоднасць прыняцця падрыхтаваных урадам прапаноў аб дазволах на продаж маёмасці іншаземцамі», — сказаў Прэзідэнт.

Як растлумачыў міністр эканомікі Юрый Чабатар, калі цяпер кампанія з замежным капіталам (з недружалюбнай дзяржавы) захоча сысці з рынку, прадаўшы свой актыў Беларусі, то ёй неабходна будзе заплаціць пошліну ў памеры не менш як 25 працэнтаў і потым атрымаць дазвол урада. Ад гэтага падыходу адмаўляцца не збіраюцца, але неабходна ўнесці пэўныя карэкціроўкі, паколькі гэта правіла часам негатыўна ўплывае на бягучую дзейнасць арганізацый у банкаўскай, лізінгавай і будаўнічай сферах.
Напрыклад, банк выдае грамадзяніну крэдыт пад залог нерухомай маёмасці. І калі гэта маёмасць у выніку пераходзіць да банка, ён яе павінен прадаць, каб кампенсаваць свае страты ад нявыплачанага крэдыту. Але, прадаўшы маёмасць, банк павінен заплаціць яшчэ 25 працэнтаў пошліны. У выніку ўсё гэта так ці інакш кладзецца ў будучым на плечы яго кліентаў — звычайных людзей.
Такая ж сітуацыя і з замежнымі забудоўшчыкамі: паводле дзеючых правіл, яны могуць прадаваць людзям пабудаванае жыллё толькі разам з выплатай пошліны. Але напэўна забудоўшчык проста кампенсуе свае дадатковыя выдаткі павялічаным коштам квадратнага метра, і ў выніку ўсё зноў ляжа на плечы пакупнікоў.
«Калі гэты замежны банк (а ён фактычна замежны) плануе працаваць у Беларусі, іх трэба паставіць у роўныя ўмовы з нашымі банкамі, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — А заўтра гэты банк згорне дзейнасць…»
«Тады ўключаецца правіла ўказа, і ён можа сысці толькі пры дазволе ўрада, пры тым, што ён заплаціць не менш як 25 працэнтаў», — уключыўся ў размову старшыня Камітэта дзяржкантролю Васіль Герасімаў.Аб процідзеянні вываду капіталу з Беларусі
Другім пытаннем парадку дня нарады стала процідзеянне вываду капіталу. І гэта тэма, па сутнасці, вынікае з папярэдняй.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь, абкладзеная бар’ерамі і забаронамі, жыве і працуе ў складаных эканамічных умовах: «Санкцыі — традыцыйная і шматразова адпрацаваная практыка націску так званых сусветных лідараў на непажаданыя ім краіны. На жаль, гэта, калі можна так сказаць, модны эканамічны трэнд. Такім чынам і Штаты, і Еўрапейскі саюз даўно распраўляюцца з канкурэнтамі».
У той жа час, заўважыў кіраўнік дзяржавы, у Беларусі інвестарам прапануюцца адны з найлепшых умоў: прэферэнцыі, ільготы, інфраструктура і, зразумела, кампетэнцыі. «Прыходзь і працуй. Але не дзеля нажывы за кошт нашага народа. А калі нехта паспрабуе, ёсць механізмы процідзеяння і пераконвання», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Тым не менш прадстаўнікі дзяржаўнага кантролю дакладваюць аб фактах адтоку сродкаў у недружалюбныя краіны і нават аб мэтанакіраваным вывадзе прыбытку за межы Беларусі. «Ёсць кампаніі — нашы, не нашы. Атрымалі прыбытак, грошы нейкія і вывелі за межы Беларусі, размясцілі на рахунках. Грошы, заробленыя нашымі людзьмі, выводзяцца за межы Беларусі і там працуюць на розных нягоднікаў, якія ўводзяць супраць нас санкцыі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
«Таму сёння я хачу пачуць вычарпальную інфармацыю аб тым, чаму ўзнікаюць такія прэцэдэнты. Паколькі на практыцы загараджальныя меры павінны ўключацца імгненна і без усялякага прамаруджвання. Як арганізавана гэта работа ў губернатараў? Вы ж перш за ўсё зацікаўлены ў інвестыцыях і бездэфіцытным бюджэце», — дадаў кіраўнік дзяржавы.
Аб гарманізацыі заканадаўства з Расіяй
Яшчэ адной тэмай нарады стала карэкціроўка мытнага заканадаўства. Паводле інфармацыі ўрада, змяненні неабходны для гарманізацыі заканадаўства Беларусі і Расіі. «Гэта значыць, у рамках выканання саюзнай праграмы. Але ў працэсе ўніфікацыі нельга ўшчамляць інтарэсы дзяржавы», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт нагадаў, што, калі прымалася рашэнне аб уніфікацыі заканадаўства дзвюх краін, у тым ліку ў мытнай сферы, гучалі прапановы «ледзь ці не стварыць адно міністэрства або мытны камітэт». «Мы катэгарычна ад гэтага адмовіліся і дамовіліся, на Вышэйшым дзяржсавеце (Саюзнай дзяржавы. — Заўвага БЕЛТА) у тым ліку, што мы створым адзіную групу, якая будзе ўносіць рэкамендацыі, бачыць, як ажыццяўляецца мытны кантроль і гэтак далей, не пазбаўляючы дзяржавы гэтых паўнамоцтваў і функцый. Гэта сведчыць аб тым, што мы, Расія і Беларусь, суверэнныя, незалежныя дзяржавы. І з гэтага трэба зыходзіць, прымаючы тыя ці іншыя рашэнні», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што адносіны дзвюх краін, якімі добрымі яны ні былі б, павінны ўдасканальвацца. Але пры любых змяненнях, новаўвядзеннях трэба памятаць у першую чаргу аб суверэнітэце і незалежнасці. «Сістэма агульная, падобная, але павінны быць дзве суверэнныя, незалежныя дзяржавы», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
А што датычыцца асобных выказванняў, у тым ліку ў сродках масавай інфармацыі, аб тым, што Беларусь нібыта страчвае сваю самастойнасць, Прэзідэнт заявіў аб іх абсалютнай беспадстаўнасці. «Усялякія там вяканні і пісанні (я толькі што агляд прачытаў, што «ўсё, Беларусь страчвае суверэнітэт»)… Мы нічога не страчваем. Вы бачыце, што на гэтай суверэннай тэрыторыі, якая належыць нашаму народу, прымаем рашэнні толькі мы і дзейнічаем толькі выключна ва ўмовах, якія выгадны для нас», — канстатаваў Прэзідэнт.
«Усе новаўвядзенні павінны стымуляваць рост беларускай эканомікі, выводзіць яе на якасна новы ўзровень. Гэта важнейшая задача для ўсіх дзяржаўных інстытутаў, і мытня не з’яўляецца выключэннем», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка спытаў ва ўрада, ці сапраўды прапанаваныя змяненні адпавядаюць патрабаванням часу, як улічваюцца запыты беларускай эканомікі і як новаўвядзенні паўплываюць на работу Мытнага камітэта Беларусі? «Ці ўсе ініцыятывы ўлічаны і ці не ўпусцілі мы чаго-небудзь важнага?» — удакладніў ён.
Аб дзяржаўнай падтрымцы
Прэзідэнту прапанавалі аказаць дзяржпадтрымку дзвюм бударганізацыям і падрыхтавалі праект адпаведнага дакумента. «Я гэты дакумент з калена не падпісаў. У мяне ўзнікла адно пытанне, — растлумачыў кіраўнік дзяржавы. — А што, яны апынуліся ў нейкіх надзвычайных умовах? Іншыя трэсты і будаўнічыя кампаніі працуюць добра і ў іх няма гэтых праблем? Ці гэта толькі пачатак?»
Аляксандр Лукашэнка нагадаў пра вядомы выраз, што выратаванне тапельцаў — справа рук саміх тапельцаў. «Як толькі яны пачнуць сябе ратаваць і ў гэтых адносінах рушаць наперад, тады мы будзем іх падтрымліваць і аказваць дапамогу і падтрымку», — сказаў Прэзідэнт.
Ён падкрэсліў, што ў будаўнічых арганізацый дастаткова магчымасцей, каб працаваць і зарабляць, ёсць значная колькасць аб’ектаў не толькі на ўнутраным, але і на знешнім рынках. «Не хочаш у Беларусі, у суседняй Расіі выгадныя кантракты, вялізныя грошы. Ідзі працуй, зарабляй. Чаго вы прыйшлі ў бюджэт прасіць грошы?» — спытаў кіраўнік дзяржавы.
«Пытанне сур’ёзнае, — прадоўжыў ён. — У заяўленых вамі арганізацыях працаўладкаваны каля 3,5 тыс. чалавек. Важна ведаць: толькі гэтыя дзве кампаніі апынуліся ў цяжкім становішчы або ёсць і іншыя? Чаму мы вылучаем гэтыя кампаніі?»
Аляксандр Лукашэнка таксама спытаў у адказных асоб ва ўрадзе, якія меры прымаліся для аднаўлення плацежаздольнасці і стабілізацыі фінансавага стану арганізацый, што маюць патрэбу ў дзяржпадтрымцы.

Аб стварэнні новага спадарожніка дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі
Адной з важных тэм у парадку мерапрыемства стала стварэнне расійска-беларускага касмічнага апарата дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што праект адпаведнага ўказа паступаў ужо на яго разгляд і ўраду было даручана больш дэталёва прапрацаваць пытанне фінансавання. «Лішніх трат быць не павінна. Ад стварэння гэтага касмічнага апарата павінна быць максімальная эканамічная аддача», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Ён звярнуў увагу, што сам працэс стварэння апарата не ўяўляе асаблівых складанасцей, гэта можна выканаць, вобразна кажучы, узяўшы расійскую платформу і ўстанавіўшы на яе беларускае абсталяванне. «Гэта не пытанне. Пытанне толькі ў тым, наколькі гэта нам патрэбна, якая ад гэтага будзе эканамічная аддача і хто будзе плаціць», — растлумачыў беларускі лідар.
«Разглядаць праект трэба не толькі з пункту гледжання нацыянальнай бяспекі, але і як перспектыўны напрамак двухбаковага навуковага супрацоўніцтва, якое дазволіць развіваць кампетэнцыі і беларускага, і расійскага боку. А ў будучым прынясе яшчэ большую аддачу нам і нашым партнёрам», — дадаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся, як ідуць справы з выкарыстаннем нашага першага апарата дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, рэсурс якога быў прадоўжаны, і спадарожніка сувязі. Прэзідэнт спытаў аб эканамічнай эфектыўнасці абодвух апаратаў, наколькі сябе акупілі гэтыя праекты.