Понедельник, 16 февраля 2026

Аб гарантыях бяспечнага адпачынку, набыцця пуцёвак і інавацыях у сферы аздараўлення

503

Лета — гэта час канікулаў, прыгод і бесклапотнага адпачынку для дзяцей. Адным з лепшых спосабаў правесці летнія месяцы з карысцю і задавальненнем з’яўляюцца дзіцячыя аздараўленчыя лагеры. Яны прапануюць не толькі адпачынак ад школьных будняў, але і ўмацаванне здароўя, развіццё навыкаў, новыя знаёмствы і шмат яркіх уражанняў. Гэта цэлая прыгода, якая запомніцца на ўсё жыццё.

На мінулым тыдні спецыяльная камісія наведала аздараўленчыя лагеры раёна з мэтай кантролю гатоўнасці да летняга сезона. Па выніках работы былі выдадзены заключэнні аб гатоўнасці двум стацыянарным летнікам і выхаваўча-аздараўленчаму лагеру «Дружба» з дзённым знаходжаннем на базе раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі» да работы ў перыяд летніх канікулаў 2025 года. Крыху раней, у канцы красавіка, усім дзённым выхаваўча-аздараўленчым лагерам выдадзены заключэнні аб адпаведнасці ўмоў знаходжання дзяцей на базе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі патрабаванням да бяспекі і якасці паслуг лагераў.

Аб гарантыях бяспечнага адпачынку, набыцця пуцёвак і інавацыях у сферы аздараўлення мы пагутарылі з метадыстам раённага вучэбна-метадычнага кабінета Ганнай Гарбачовай.

— Колькі дзіцячых аздараўленчых лагераў сёлета будзе працаваць у Пружанскім раёне?

— Ужо ў першыя дні чэрвеня 23 выхаваўча-аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем, 6 лагераў працы і адпачынку, а таксама два выхаваўча-аздараўленчыя лагеры «Дубок» і «Юны турыст» расчыняць свае дзверы для юных адпачывальнікаў. У кожным лагеры распрацавана свая сістэма аздараўлення, ад 5 да 6 змен. А каб дзецям было цікава, усе змены будуць тэматычнымі, напрыклад, ваенна-патрыятычная, па бяспецы жыццядзейнасці, турыстычная і г.д.

— Якія новаўвядзенні для дзяцей і бацькоў з’явіліся ў гэтым годзе?
— Першая навіна — змена будзе доўжыцца 15 дзён. Другая заключаецца ў тым, што законныя прадстаўнікі непаўналетніх, якія не навучаюцца ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, але дасягнулі на дзень заезду ў лагер узросту шасці гадоў, выкупляюць пуцёўку па поўным кошце.

— Мы ведаем, што ўстаноўлены планавыя аб’ёмы аздараўлення дзяцей у перыяд летніх канікулаў за кошт сродкаў рэспублі-
канскага бюджэту. Колькі дзетак плануецца аздаравіць за сезон у нашым раёне?

— Гэтыя сродкі накіраваны на зніжэнне кошту пуцёвак у выхаваўча-аздараўленчыя і спартыўна-аздараўленчыя лагеры. У нас плануецца аздараўленне 610 дзяцей у аздараўленчым лагеры «Дубок» у 5 змен (па 122 чалавек у кожную), 100 дзяцей у аздараўленчым лагеры «Юны турыст» у 4 змены (па 25 чалавек у кожную). 848 дзяцей плануецца аздаравіць у 23 выхаваўча-аздараўленчых лагерах з дзённым знаходжаннем і дадаткова 50 дзяцей ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў — у шасці лагерах працы і адпачынку на базе школ. Таксама з 1608 дзяцей плануецца аздараўленне 38 дзяцей, якія выхоўваюцца ў прыёмных і апякунскіх сем’ях, 15 дзяцей-інвалідаў, 75 дзяцей, у сем’ях якіх устаноўлена наяўнасць крытэрыяў і паказчыкаў сацыяльна небяспечнага становішча, а яшчэ 20 непаўналетніх ва ўзросце да 14 гадоў, у адносінах да якіх праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа. У перыяд з 19 чэрвеня па 3 ліпеня 2025 года 5 навучэнцаў Пружанскага раёна па заяве бацькоў аздаровяцца на базе філіяла Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці, у Маладзёжным патрыятычным цэнтры.

— Што датычыцца набыцця пуцёвак. Як гэта будзе здзяйсняцца ў гэтым годзе?

— Кіраўнікам прадпрыемстваў, арганізацый рэкамендавана кампенсаваць за ўласныя сродкі і сродкі прафсаюзаў кошт бацькоўскай платы за пуцёўкі ў аздараўленчыя лагеры да 100 працэнтаў, шматдзетным і малазабяспечаным сем’ям —100 працэнтаў (адзін раз у год у летні перыяд). Старшынямі камісій па аздараўленні і старшынямі прафкамаў прадпрыемстваў і арганізацый раёна праведзена работа па выкупе пуцёвак у выхаваўча-аздараўленчыя лагеры з кругласутачным знаходжаннем. Таксама па рашэнні райвыканкама сем’ям, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, а таксама выхаванцам сацыяльна-педагагічнага цэнтра, дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, дзецям-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў будзе забяспечана 100% кампенсацыя аплаты за пуцёўку пры накіраванні іх у лагеры з кругласутачным знаходжаннем.

Права на атрыманне пуцёўкі ў выхаваўча-аздараўленчы лагер за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту маюць дзеці, якія асвойваюць змест адной з адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі або адукацыйных праграм спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі і не маюць медыцынскіх супрацьпаказанняў да аздараўлення.

— Якім чынам рыхтуюцца кадры для работы ў аздараўленчых лагерах?

— Паколькі адпачынак хлопчыкаў і дзяўчынак павінен быць не толькі цікавым, але і бяспечным, у сярэдзіне мая на базе СШ № 1 адбыўся семінар «Арганізацыя летняга адпачынку і аздараўлення дзяцей і падлеткаў у 2025 годзе». Разгледжаны асноўныя аспекты правіл бяспечных і адказных паводзін выхаванцаў у перыяд летніх канікулаў, пытанні арганізацыйна-метадычнага суправаджэння. Асаблівая ўвага была звернута на правядзенне з выхаванцамі прафілактычных мерапрыемстваў, накіраваных на прадухіленне дзіцячага траўматызму, распаўсюджвання і ўжывання наркатычных і псіхатропных рэчываў, кібер-злачынстваў, выкарыстання электронных сістэм курэння і г.д. Таму такі адпачынак сапраўды будзе карысным.

Гутарыла Ірына Велясевіч
Фота Кацярыны масік