Вторник, 14 января 2025

Аб чым маўчаць помнікі: Іван Звераў і Аляксандра Казакова

1 360

Звераў Іван Ягоравіч
(12.04.1912-08.05.1993)
Казакова Аляксандра Васільеўна
(22.04.1920-21.02.1997)
Хачу расказаць яшчэ пра адну сямейную пару, якая прыбыла на працу ў наш райцэнтр пасля Вялікай Айчыннай вайны. Хаця, напэўна, у дадзеным выпадку будзе да месца ўжыць слова “квартэт”: да моманту пераезду ў сям‘і ўжо нарадзіліся двое дзяцей — Галіна і Уладзімір. Малодшы сын Генадзь з‘явіўся на свет у Пружанах.
Муж і жонка атрымалі свае “пуцёўкі ў жыццё” ў розны час, у розных мясцінах і пры розных абставінах. А лёсавызначальнай кропкай перасячэння іх шляхоў сталі… вайна і Дняпроўская флатылія.
Мы сядзім на ўтульнай кухні з Уладзімірам Іванавічам Зверавым і яго жонкай Марынай Валянцінаўнай і размаўляем “за жыццё”. Пра дзяцей і ўнукаў, якія не ведаюць і не разумеюць, як жылі папярэднія пакаленні. Пра тое, што і мы ў маладосці не вельмі цікавіліся мінулым, а калі надышоў “узрост розуму” і захацелася даведацца больш падрабязнасцей з жыцця продкаў, аказалася, што пытацца ўжо няма ў каго. І шкадуеш, што не запісаў для памяці аповеды бацькоў, бабуль і дзядуль. І забываеш нават тыя невялікія фрагменты, што яны расказвалі.
—Пра вайну Аляксандра Васільеўна цікава распавядала, — кажа яе нявестка. — Я так не ўмею. Напрыклад, быў у яе жыцці выпадак, калі дзяўчаты-сувязісткі спыніліся на начлег. Вартавалі па чарзе. Раптам сяброўка, якая стаяла на варце, штурхае яе ў плячо: “Шура, там нехта ходзіць!” Пайшлі глядзець, нарабілі пярэпалаху, а гэта, аказалася, коні падышлі.
—Яны ж маладзенькія зусім былі дзяўчаткі, — уступае ў размову Уладзімір Іванавіч. — Не магу ўявіць, як жанчынам цяжка даводзілася на вайне, а такім юным у шмат разоў цяжэй. І не толькі з-за страху, фізічных нагрузак, але нават бытавых умоў. Мама казала, кавалак гаспадарчага мыла ніткай суровай на брусочкі парэжуць – на ўсіх, гэтай драбязой і самой памыцца, і бялізну памыць…
—А вы ўяўляеце, што такое ваенныя сувязісты таго часу? Катушка з провадам на плячах ды яшчэ рэчмяшок, шынель у скатцы. Пешшу і праз лес, і праз балота, кірзавыя боты не па памеры…
—Моцныя яны былі, нашы мамы…

“Моцная” мама на фотаздымках ваеннага часу — кволая бялявая дзяўчынка, далікатнасць якой падкрэслівае мешкаватая ваенная форма. Толькі вочы сур‘ёзныя не па гадах, толькі ўсмешкі на вуснах няма.
Праз 40 гадоў мне давялося працаваць разам з А.В.Казаковай у рэдакцыі газеты “Зара камунізму”. І, гледзячы на гэтыя ваенныя фота, разумею нарэшце, чаму так строга ставілася старэйшая калега да смяшлівай і легкадумнай маладой журналісткі: наша пакаленне дазваляла сабе сталець павольна.
Але строгасць і патрабавальнасць вылучалі Аляксандру Васільеўну не толькі на працы.
—Я таксама пабойвалася свекрыві, калі мы разам жылі, — прызнаецца Марына Валянцінаўна. – Яна па характары суровай была. Распарадак жыцця ўстанаўлівала дакладна, напрыклад, калі на агародзе сёння не папрацавалі, значыць, дзень няправільна прайшоў. Але яна была вельмі справядлівай і ніколі ні пра каго дрэннага слова за спінай не сказала, не асудзіла. Вы ж ведаеце, як жанчыны ўмеюць нават міжволі паміж сабой “паразмаўляць”.
—Мама ў рэдакцыі працавала, бацька быў начальнікам вузла сувязі. Заробак стабільны атрымлівалі, — згадвае Уладзімір Іванавіч. – Тым не менш, агарод заўсёды садзілі, гаспадарку трымалі. На зіму квасілі ў бочкі капусту, салілі агуркі, памідоры, засыпалі бульбу ў склеп, сала салілі – усё сваё. Працаўнікі вялікія былі. І службовых аўтамабіляў не мелі — у двары стаялі веласіпеды. На іх бацькі ездзілі па ўсім раёне. Тата, напрыклад, па партыйнай лініі быў адказны за калгас у Лукомеры: сядае на веласіпед і наперад…
Мне цікава: чаму сям‘я апынулася ў Пружанах? Аказваецца, бацька Аляксандры Васільеўны быў накіраваны ў пасляваенныя гады ўзначальваць нарыхтоўчую арганізацыю ў Аранчыцах (правобраз цяперашняга збожжапрыёмнага прадпрыемства). Пасля дэмабілізацыі маладыя вырашылі ўладкавацца бліжэй да бацькоў. І засталіся ў Пружанах на доўгія дзесяцігоддзі: Іван Ягоравіч Звераў з 1947 па 1973 год узначальваў раённы вузел сувязі. Аляксандра Васільеўна Казакова некаторы час загадвала бібліятэкай, а потым звязала сваё жыццё з журналістыкай: рэдагавала газету палітаддзела МТС “Голас калгасніка” (была і такая), была рэдактарам радыёвяшчання, а з 1954 года працавала ў “раёнцы” на розных пасадах — з невялікімі перапынкамі ажно да 1985-га. Яе грунтоўныя артыкулы, прынцыповую пазіцыю, напэўна, памятаюць чытачы таго часу.
Але ж я імкнулася пачаць размову з вайны і Дняпроўскай флатыліі, а пераскокнула вунь куды. Не дарма Аляксандра Васільеўна казала ў свой час: “Толку з цябе пры такім падыходзе да справы не будзе!” Так што папраўляюся, пачынаю спачатку.

Іван нарадзіўся ў Архангельскай вобласці, працаваў “на гаспадарцы” разам з бацькамі-сялянамі, а ў 1930 годзе пайшоў вучыцца ў лесагаспадарчую вучэльню: у багатым на лясы Паўночным краі было нямала вытворчасцей, дзе патрабаваліся рабочыя рукі. Працаваў на лесапункце ў родным Верхнятоемскім раёне, потым паехаў у Кандалакшу, дзе разгарнулася буйное індустрыяльнае будаўніцтва.
У кастрычніку 1934 года юнак становіцца курсантам ваенна-марской школы. Так пачаўся новы этап яго жыцця. Чырванафлоцец асвоіў тэлеграфную справу, а ў хуткім часе ўзначаліў групу тэлеграфістаў Кольскага раёна, якая ўваходзіла ў склад навастворанай Паўночнай флатыліі.
У ліпені 1940 года І.Я.Звераў быў прызначаны начальнікам тэлеграфа вузла сувязі штаба Паўночнага флоту. На гэтай пасадзе заставаўся і ў гады Вялікай Айчыннай вайны – да красавіка 1944 года. Сувязісты забяспечвалі кіраванне падводнымі лодкамі, надводнымі караблямі і авіяцыяй падчас баявых дзеянняў, арганізацыю дэсантных аперацый на Кольскім узбярэжжы. Як памяць аб гэтых падзеях застаўся медаль “За абарону Савецкага Запаляр‘я”.
Лейтэнант Звераў быў переведзены на пасаду начальніка тэлефонна-тэлеграфнага цэнтра вузла сувязі Дняпроўскай ваеннай флатыліі. Вясной 1944 года Савецкая армія пачала актыўныя наступальныя аперацыі, і сухапутным часцям патрабавалася дапамога пры фарсіраванні буйных рэк, у тактычных дэсантных аперацыях.

Менавіта ў гэты час на шляху афіцэра сустрэлася будучая “палавінка”. Аляксандра Казакова служыла тэлефаністкай пад яго кіраўніцтвам.
Вайну дзяўчына сустрэла ў Аранбургскіх стэпах, дзе поўным ходам ішло жніво. Незадоўга да гэтага настаўніцу вясковай школы выбралі першым сакратаром Цёплаўскага райкама камсамола. І калгасная ўборачная кампанія ніяк не магла абысціся без удзелу камсамольскага лідара. Нарачны на ўзмыленым кані прынёс страшную навіну — і ў гэты ж день юнакі атрымалі павесткі з ваенкамата. З абозам прызыўнікоў вярнулася ў райцэнтр і Аляксандра. Але яе імкненне пайсці на фронт спачатку не падтрымалі: толькі праз год у райваенкамат прыйшла разнарадка на флоцкіх сувязістаў, і з раёна адабралі 12 дзяўчат для навучання ва Ульянаўскай аб‘яднанай ваенна-марской школе.
Аляксандра Казакова аказалася ў ліку лепшых курсантаў, і пасля выпуску яе спачатку пакінулі ў школе працаваць інструктарам. А ў чэрвені 1943 года накіравалі на ўчастак службы назірання і сувязі — камандзірам роты сігнальшчыкаў. Пасля вызвалення Сталінграда перад Волжскай ваеннай флатыліяй стаяла задача забяспечваць бесперабойны рух па Волзе караванаў і барж з Каспія. Калі пачалося нямецкае адступленне, на базе Волжскай і была створана Дняпроўская флатылія.
Нялёгкай была служба: аперацыі ў Беларусі і Польшчы (баявы шлях І.Я. Зверава і А.Я.Казаковай праходзіў зусім недалёка ад Пружан, яны ўдзельнічалі ў вызваленні Мазыра, Бабруйска, Лунінца, Пінска), фарсіраванне рэк Одэр і Шпрэе, баі за Берлін… Так-так, паўглісеры Дняпроўскай флатыліі – адзінае флоцкае падраздзяленне, якое ўдзельнічала ў Берлінскай аперацыі.
Аб ступені сумленнасці і адказнасці вайскоўцаў сведчаць іх узнагароды. “Высокадысцыплінаваны, выканаўчы, валявы афіцэр, майстар сваёй тэлеграфнай справы, добра кіруе асабовым саставам, мабілізуе яго на выкананне баявых задач” – гэта радкі з загада аб узнагароджанні І.Я.Зверава. Медалі муж і жонка атрымалі аднолькавыя: “За баявыя заслугі”, “За вызваленне Варшавы”, “За ўзяцце Берліна”, “За перамогу над Германіяй”, а Іван Ягоравіч яшчэ быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. У мірны час да ўзнагарод на яго грудзях дабавіўся працоўны ордэн “Знак Пашаны”. І, зразумела, у 1985-м абодва атрымалі ордэны Айчыннай вайны II ступені.
Вайна для іх скончылася ў нямецкім Фюрстэнбергу, дзе быў створаны флагманскі камандны пункт. Аляксандра з задавальненнем скінула вайсковую форму і на нейкі час стала “проста” жонкай пры мужу-афіцэру. У складзе групы савецкіх войскаў яны прабылі ў Германіі два гады. А калі Дняпроўская ваенная флатылія была расфарміравана, І.Я.Звераў выйшаў у запас, і сям‘я пасля гадавога “прыпынку” ў Камянцы назаўсёды асела ў Пружанах.

Яны пражылі разам доўгае і зусім не бязвоблачнае жыццё, выпусцілі з-пад бацькоўскага крыла такіх жа, як самі, адказных, працавітых, сумленных дзяцей. І пакінулі добрую памяць, працяг сябе не толькі ў нашчадках, але і ў былых калегах і вучнях. Светлую памяць.
Між іншым
Калі сёння кажаш слова “сувязь”, уяўляеш сабе сучасны камп‘ютар або мабільны тэлефон з функцыямі viber, whatsapp або, у горшым выпадку, skype. І нават людзям майго пакалення ўжо даводзіцца напружвацца, каб успомніць, што не заўсёды мы мелі такое шчасце. Першы тэлеграфны апарат СТ (з клавіятурай, як у друкавальнай машынкі) з‘явіўся ў Пружанах прыкладна ў 1953-м, а да гэтага тэлеграмы перадавалі-прымалі “марзянкай”. Яшчэ ў 1950-х — 60-х гадах тэлефаністкам раённага вузла сувязі даводзілася кругласутачна дзяжурыць на камутатары і ўручную “злучаць” міжгародніх абанентаў. Што тут казаць пра перыяд станаўлення службы назірання і сувязі Паўночнага флоту ў сярэдзіне 1930-х?! Гэта была сапраўдная “рамантыка Поўначы”, якую вытрымлівалі толькі моцныя духам і загартаваныя фізічна людзі. Ваенным сувязістам даводзілася ставіць вышкі на халодных бязлюдных берагах Кольскага паўвострава, разгортваць часовыя пасты на маяках і нават дахах рыбацкіх халуп, цягнуць сотні кіламетраў правадоў… Але пра гэта, як і пра ваенныя гады, Іван Ягоравіч не любіў успамінаць.
Ірына СЯДОВА.
Фота з сямейнага архіва У.І.Зверава.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *