Суббота, 12 октября 2024

ААТ «Жураўлінае» з ліку першых у раёне распачала сяўбу ячменю

320
На здымку: трактарыст-машыніст Віталь Сахарук і вадзіцель Аляксандр Крэйдзіч, які задзейнічаны на падвозе зерня.

Калі пачынае прыграваць сакавіцкае сонейка, ахутваючы цябе сваімі пяшчотнымі прамянямі, адразу хораша становіцца на душы. А як жа, гэта ж першая прыкмета таго, што прырода абуджаецца, пачынаючы чарговы жыццёвы цыкл. Калі, у дадатак, трапіць сонечным днём на палетак, дзе нашы аграрыі заняты веснавой сяўбой, радуешся за нашых хлебаробаў, такіх працавітых, адказных і незаменных. Яны то ведаюць цану стваральнай справы, кожнаму зярнятку і ўпэўнены ў тым, што жыццё ў любым яго разуменні трэба даваць, а не нішчыць.

Вось і цяпер, выкарыстоўваючы кожную пагодную гадзіну, працаўнікі сельгаставарыстваў раёна займаюцца сяўбой ранніх яравых збожжавых і зернебабовых. Паціхеньку, памаленьку, але ўпэўнена, з веданнем справы сеюць зерне, робяць заклад на новы ўраджай, моцна стараюцца. Дарэчы, на Пружаншчыне пад раннія яравыя адведзена 10800 га, з іх на панядзелак бягучага тыдня засеялі 2558 га. Напрыклад, з аўсом пяць гаспадарак — філіял «Аграэнерга Зеляневічы», ААТ «Роўбіцкі», ААТ «Ружаны-Агра», ААТ «Аранчыцкая птушкафабрыка» і ААТ «Жураўлінае» — справіліся на 100%.

Апошняя гаспадарка з ліку першых у раёне распачала сяўбу ячменю, зерне якога трэба пакласці ў зямлю на плошчы ў 540 га ( агульны план сельгаставарыства — 1140 га). На 25.03.2024 года лічба па гэтай сельгаскультуры наступная — 245 га. Дарэчы, усе землі ААТ «Жураўлінае» на сто працэнтаў гатовы да веснавой сяўбы. А гэта значыць, загадзя пастараліся прывесці ў парадак палеткі, унесці патрэбныя ўгнаенні. Навідавоку згуртаваная работа кіраўніцтва гаспадаркі і непасрэдна працаўнікоў, сапраўдных і шчырых.

Такім і з’яўляецца механізатар Віталь Сахарук, імя якога ўжо згадвалася ў «раёнцы». Але калі чалавек заслугоўвае сваёй працай увагі, то чаму б і яшчэ раз пра яго не нагадаць?! З 2018 года трактарыст-машыніст па вясне задзейнічаны на сяўбе ранніх яравых. А такую работу даручаюць не абы-каму, гэта ўжо пэўна. На мінулым тыдні Віталь Сахарук на новым энерганасычаным трактары «John Deere» з сеялкай «HORSCH Pronto 8 DC» на 127 га сеяў яравы ячмень каля в. Казлы. Тэхніка камп’ютарызавана, сядзі сабе за рулём ды назірай за працэсам сяўбы. А калі дадаць, што пасяўны комплекс дазваляе засяваць плошчы на высокай хуткасці, нязменна захоў-ваючы пры гэтым высокую якасць закрывання насення, то гэта ўжо наогул не работа, а проста задавальненне.

Канечне, радасць ад працы і яе выніку павінна быць у кожнага. Гэтае пачуццё дае табе магчымасць адчуваць сябе шчаслівым чалавекам, які мае дачыненне да самага важнага — жыцця сваёй краіны.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік