Понедельник, 2 октября 2023

ААТ «Велікасельскае Агра»: кожны «плюсік» у зводцы — імпульс для росту

827

Сельская гаспадарка адвеку была асновай дабрабыту не толькі асобнага чалавека, але і любой краіны ў цэлым. Немагчыма ўявіць, што на нашым стале хоць адзін дзень не будзе хлеба, з прылаўкаў магазінаў знікнуць малако, мяса і іншыя прадукты харчавання. Мы прывыклі, што ўсё маем. І мала хто задумваецца, што за дастаткам стаіць часам нябачная для старонняга вока, але такая важная праца людзей, якія шчыра выконваюць свае абавязкі ў якасці аграномаў, жывёлаводаў, механізатараў, аператараў машыннага даення і многіх іншых. Менавіта яны, адданыя зямлі людзі, і адзначаюць у лістападзе сваё прафесійнае свята.

Дырэктар ААТ «Велікасельскае Агра» Васілій Севасцьянчык.

Што значыць працаваць на зямлі, якія задаткі для гэтага трэба мець — сваё бачанне мы папрасілі раскрыць дырэктара ААТ «Велікасельскае Агра» Васілія Севасцьянчыка.

— Васілій Лявонцьевіч, якія перспектывы Вы бачыце сёння ў развіцці сельскай гаспадаркі?

На ферме трэба працай жыць, каровак усёй душой любіць. Начальнік малочнатаварнага комплексу «Вялікае Сяло» Юрый Богуш, аператар машыннага даення Святлана Валашэнка, ветурач Барыс Гутырчык, ветфельчар Ксенія Барыла, слесар Дзмітрый Радзівончык, аператар машыннага даення Алена Бегаль, жывёлавод Вадзім Гарбачоў, ветсанітар Сяргей Лукашэвіч.

— Перспектывы ёсць. І галоўнае ў руху наперад — гэта кадры і правільна выбраная палітыка развіцця. Але калі апошняя прызначана накіроўваць, то нехта ж павінен выконваць дырэктывы. І тут без працавітых работнікаў ніяк не абысціся, бо менавіта яны з’яўляюцца закладам росквіту любога сельгаставарыства. Цяжка нават уявіць выпадак, калі аграрыі хоць адзін дзень не выйдуць на работу. Наступствы будуць вельмі сур’ёзныя.

Вясёлыя, працавітыя і плячыстыя, хто гэта? Ну, вядома ж, трактарысты. Трактарысты-машыністы Вадзім Кісялевіч, Аляксей Калашнікаў, Андрэй Юркевіч і Віктар Мелеш.

— А як Вы лічыце, якімі якасцямі павінен валодаць працаўнік сельскай гаспадаркі?

— Разумееце, тут хацелася б правесці паралель: калі на заводзе, напрыклад, ты адпрацаваў пяць дзён на тыдзень, то на зямлі так не атрымаецца. Яна не будзе чакаць, пакуль ты адпачнеш у выхадныя дні, асабліва падчас пасяўной і ўборачнай кампаній. Ды і сапраўдны хлебароб гэтага сабе не дазволіць.

Цяляці патрэбны душа і цяпло, здаровым і дужым яно каб расло, бо ласка патрэбна малым усім на свеце, а нашы падапечныя — як дзеці. Калектыў МТК «Стараволя» — электрык Дзмітрый Сямашка, начальнік комплексу Ірына Шчарбук, ветурач Вадзім Вакульчык, цялятніцы Ганна Карняйчук, Алена Сямашка, Раіса Злотнік.

Тое ж можам сказаць і пра жывёлагадоўлю: калі ж гэта можа быць, каб гаспадыня ці гаспадар у час не падаілі сваю рагатую карміцельку ці не падкінулі свежага сенца? І так на працягу года.

З вышэйсказанага вынікае, што гультаям не месца на зямлі, а яшчэ на любым працоўным месцы павінна быць адказнасць і шчырасць у рабоце.

У добрага бухгалтара не прападзе і капейка. Усё тут надзейна, як у сейфе. Які сакрэт: работу, кажуць, трэба любіць і па жыцці аптымістамі быць. Бухгалтар Алеся Кабрынец, галоўны бухгалтар Вераніка Шумак, касір Галіна Каравай і бухгалтары Наталля Майсейчык, Ірына Лапука і Анастасія Шульга.

— Васілій Лявонцьевіч, ці задаволены Вы калектывам, які склаўся ў ААТ «Велікасельскае Агра»?

— У цэлым задаволены, людзі працуюць аддана, ведаюць, што ў крыўду іх не дадуць. Таму і вынік не прымушае сябе чакаць. Напрыклад, тэмп росту валавой прадукцыі ў супастаўных цэнах да папярэдняга года склаў 109,2% (+14 да 2021 года), у разрэзе раслінаводства — 119,5% (+34,9), жывёлагадоўлі — 103,7% (+2). Сёлета і ўраджай парадаваў: збожжавых і зернебабовых разам з кукурузай вырасцілі 130% да мінулага года, рапсу — 140%. Ураджайнасць збожжавых і зернебабовых на высокім узроўні — 56,5 ц/га (+9,4 да перыяду мінулага года), рапсу — 43,7 ц/га (+7,7). А кожны «плюсік» — гэта імпульс для далейшага росту.

А як у гаспадарцы без эканаміста, які пра яе эфектыўнасць раскажа ўсё чыста, пакажа затраты, усё вам сплануе, рэалізацыю бюджэту пракантралюе? Эканаміст Яна Сямашка, галоўны эканаміст Уладзіслаў Ярошка, эканаміст Вольга Вакульчык.
Свой камбікорм у таварыстве маем, як прыгатаваць яго, таксама добра знаем. Вадзіцель Міхаіл Вабішчэвіч, аператары Віталій Ходак і Дзмітрый Ходак.

— А якая дынаміка назіраецца ў жывёлагадоўлі?

— І тут справы ідуць нядрэнна: падрыхтавана кармавая база, і, зноў жа, людзі не падводзяць. Па валавой вытворчасці малака з пачатку года выйшлі на 104,7% (23 393 643 кг), надоі на карову плюсуюць на 412 кг (7984 кг). Па сярэднясутачных прывагах выйшлі на 782 г (+11).

Калі штосьці не свеціць, а нешта зламалася, гэта, таварышы, наша работа. Вытачыць трэба дэтальку-другую? Не праблема, скажыце, якую. Электрык Андрэй Яроцкі, слесары Яўген Крук і Уладзімір Волчык, зваршчык Фёдар Пасталюк, токар Віктар Каравай і газаэлектразваршчык Віталій Міхальчук.

І тут таксама галоўнае — бачыць у рабоце кожнага, не дзяліць работу на больш важную і другасную. Бо займаемся мы адной справай — даём магчымасць кожнаму грамадзяніну нашай краіны адчуваць сябе спакойна наконт хлеба надзённага, які і з’яўляецца закладам спакойнага і размеранага жыцця.

Пра рагатую жывёлу расказаць мы многа можам, з вырошчваннем і доглядам заўсёды дапаможам. Намеснік дырэктара па жывёлагадоўлі Андрэй Іваноў, заатэхнік-селекцыянер Вольга Мардань і спецыяліст па ідэнтыфікацыі буйной рагатай жывёлы Наталля Учарашняя.

Што ж, няхай і далей ААТ «Велікасельскае Агра» спадарожнічае ўдача ва ўсіх пачынаннях!

Калі страўнік пачынае каўбасы патрабаваць, як нам з гэтым працаваць? Каб абышлі такія беды, гатуе повар смачныя абеды. Кухонныя работніцы Святлана Рудкоўская і Ірына Ходак, повар Ганна Карымава, кухонная работніца Дыяна Юркевіч.

Вадзим Раўнейка. Фота Кацярыны Масік


Ніхто не стане спрачацца, што без сельскай гаспадаркі мы не пражывём. Хлеб, малако, мяса і іншае — толькі самыя натуральныя і свежыя прадукты ў нас на стале дораць нам працаўнікі зямлі. За гэта нізкі вам паклон і самыя цудоўныя пажаданні ў ваша прафесійнае свята — Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу.

Гэта свята — добрая нагода, каб сказаць шчырыя словы людзям, якія сваёй працай рашаюць важныя задачы: умацаванне харчовай бяспекі краіны, павышэнне канкурэнтаздольнасці айчыннай сельскагаспадарчай прадукцыі. Дзякуй за вашу цяжкую, але такую неабходную, стваральную працу, за ваш прафесіяналізм і цярпенне, за любоў да зямлі.

Няхай ваша жыццё будзе такім жа плённым на любоў, удачу і шчасце, як ваша работа плённая на дары зямлі. Жывіце доўга і ў дастатку! Са святам, шаноўныя аграрыі!

Васілій Севасцьянчык, дырэктар ААТ «Велікасельскае Агра»