Среда, 13 ноября 2024

ААТ «Ружаны-Агра». Уборка збожжавых скончана, але да адпачынку яшчэ далёка…

264

Здаецца, толькі вось-вось скончылі ўборку збожжавых, дарэчы, наш раён намалаціў 137026 тон зерня. Падзякавалі непасрэдным удзельнікам жніва за іх цяжкую, але такую важную для ўсіх беларусаў працу. Можна было б даць ім адпачынак, каб хлебаробы аднавілі сілы, якіх было патрачана падчас уборкі ой як многа. Але спакой нам толькі сніўся — прыкладна так могуць на гэта адказаць сельскія працаўнікі. А хто ж тады будзе займацца ўзворваннем, падрыхтоўкай глебы, непасрэдна азімай сяўбой, так сказаць, закладваць будучы ўраджай?

Вось і атрымліваецца: не паспеў змыць пот ад сёлетняга жніва, як пачынаецца падрыхтоўка да будучага. Кругазварот, якога хлебаробам не пазбавіцца ніколі, іншага выйсця ў іх няма, таго патрабуе родная зямелька. Заўзята ўзяліся за азімую сяўбу і ў ААТ «Ружаны-Агра». Па раёне поўнасцю справіліся з узворваннем, падрыхтоўкай глебы і сяўбой азімага рапсу. Па дадзенай сельгаскультуры ў нашым рэгіёне план — 6050 га, з якіх 1100 га размяшчаецца на Ружаншчыне.
На панядзелак бягучага тыдня ружанскія хлебаробы пасеялі азімы рапс на ўсіх вызначаных плошчах. Спякотнае надвор’е ніяк не спрыяе гэтай рабоце, на палетках за клубамі пылу і тэхнікі не відаць, што ўжо гаварыць пра саміх механізатараў, якія ў гэтыя дні працуюць з сямі гадзін раніцы да сямі вечара на палетку ў 118 га каля вёскі Далкі. Як расказаў трактарыст-машыніст ААТ «Ружаны-Агра» Аляксандр Власко, за дзень засяваюць да 130 га, канечне, з перапынкамі на абеды і вячэры, якімі працаўнікоў забяспечвае непасрэдна сельгастварыства (у ім механізатар адпрацаваў 27 гадоў). Немалаважным з’яўляецца і тое, што сяўба праводзіцца энерганасычаным трактарам «Фэндт» з камбінаваным пасяўным агрэгатам аўстрыйскай вытворчасці «Поцінгер», які адразу дыскуе глебу, а ўслед сее.

Трактарыст-машыніст Аляксандр Власко падчас сяўбы азімага рапсу каля вёскі Далкі.

Што да сартоў азімага рапсу, то, па словах намесніка дырэктара гаспадаркі па раслінаводстве Руслана Атуляна, у ААТ «Ружаны-Агра» пастаянна знаходзяцца ў пошуку лепшых відаў сельгаскультуры, якія даюць высокія ўраджаі. Вышэйназваны палетак засяваўся гібрыдам «тэхнік», а яшчэ выкарыстоўваюцца «анабэла», «сіквел», «капэла», «прынц». І тут, канечне, яшчэ раз хочацца ўспомніць пра пагодныя ўмовы апошняга часу: нясцерпна пячэ сонца, зямля перасохлая. Пад уплывам гэтага заробліванне насення нераўнамернае, доўгія ўсходы і не па ўсім палетку. Вось і ўгадай, які гатунак сябе лепш пакажа ў дадзеным выпадку.

Але рукі ў сельгаставарыстве не апускаюць: калі прыроду нельга перамагчы, значыць, з ёй трэба знайсці кампраміс. Які — гэта ўжо другая справа. Галоўнае — не адчайвацца, і тады ўсё атрымаецца.

Вадзім Раўнейка. Кацярына Масік (фота)