Новы год мы сустракаем з надзеяй, што ў нас спраўдзяцца ўсе мары, зможам ажыццявіць запланаванае, знайсці сваё шчасце. І гэта зразумела, бо чалавеку характэрна жыць днём будучым.
Своеасаблівым Дзедам Марозам напрыканцы бягучага года стала ААТ «Ружаны-Агра», якое паднесла вельмі каштоўны падарунак УАЗ «Ружанская гарадская бальніца».
Справа ў тым, што медыцынскай установе патрэбна была машына хуткай дапамогі. Аўтамабіль, які мела бальніца, яшчэ спраўны, але ўсё роўна гады бяруць сваё. Ды і аснашчанасць яго ніяк не адпавядала часу. А ўсе мы разумеем, што ад хуткасці і своечасовасці аказанай медыцынскай дапамогі вельмі часта залежыць жыццё чалавека. Вырашыць гэтую праблему і дапамагло сельгаставарыства, набыўшы для ўстановы аховы здароўя новую машыну хуткай дапамогі «Газель Next», якая на фоне старой выдзяляецца і памерам, і камфортам. Забягаючы наперад, адзначым, што ў фельчараў вочы свяціліся непадробнай радасцю, бо ім цяпер будзе значна прасцей выконваць свае абавязкі.
У мінулую пятніцу адбылася ўрачыстая перадача аўтамабіля, упрыгожанага паветранымі шарыкамі, Ружанскай бальніцы. З гэтай нагоды сабралася шмат гасцей. Са слоў дырэктара ААТ «Ружаны-Агра» Андрэя Бурдука, загадваць пад Новы год жаданні – рэч звычайная. Галоўнае – спадзявацца, што яны збудуцца. Для бальніцы машына хуткай дапамогі – гэта ўжо не мара, а ява. Андрэй Міхайлавіч дадаў, што гэты падарунак дапаможа выратаваць не адно чалавечае жыццё.
Не пакінулі па-за ўвагай мерапрыемства старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч са сваім намеснікам Русланам Супрыновічам. Міхаіл Міхайлавіч падзякаваў гаспадарцы за тое, што не адмовіла ў дапамозе і пайшла насустрач у вырашэнні вельмі важнай праблемы. Таксама павіншаваў прысутных з наступаючым Новым годам і пажадаў міру, дабра і моцнага-моцнага здароўя. Пасля ўручыў ключы ад «Газелі» шчасліваму вадзіцелю новенькай хуткай дапамогі.
Асвяціў аўтамабіль настаяцель Свята-Пятрапаўлаўскай царквы г.п. Ружаны айцец Аляксандр, які падзякаваў за запрашэнне на ўрачыстасць і пажадаў прысутным заўсёды заставацца людзьмі, дапамагаць адзін аднаму.
Ад імя ўстаноў аховы здароўя дзякаваў сельгаставарыству за цудоўны падарунак намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы УАЗ «Пружанская ЦРБ» Віктар Шаўчэня.
Добра, калі ў цяжкі час ты не застаешся сам-насам са сваёй бядой, сваімі праблемамі. Гэта надае табе ўпэўненасці, што свет, сапраўды, не без добрых людзей і ў той жа час натхняе на тое, каб і самому пры выпадку працягнуць руку дапамогі. Няхай жа дабро і спагада заўсёды крочаць побач у жыцці кожнага.
Вадзім Раўнейка, фота Кацярыны Масік