Суббота, 18 января 2025

ААТ «Ружаны-Агра» — 60! З якімі вынікамі прыйшлі да юбілею — у інтэрв’ю з дырэктарам Андрэем Босакам

650

Юбілей можа адзначаць чалавек, дасягнуўшы ў жыцці круглай даты, гэта можа быць гадавіна са дня вяселля. Ды што тут гаварыць, усё ў нашым жыцці мае пачатак, значыць, з цягам часу будзе і юбілейная дата. Сваё 60-годдзе сёння, 24 чэрвеня, адзначае і наша сельгаставарыства «Ружаны-Агра». Салідны ўзрост і новая важная вяха для таварыства — магчымасць падвесці вынікі пройдзенага шляху, ацаніць маштаб зробленага.

З чым прыйшлі да юбілею, што запланавалі на будучае, карэспандэнтам «раёнкі» расказаў дырэктар ААТ «Ружаны-Агра» Андрэй Босак.

Як сцвярджаюць трактарыст Віталь Федзькін і электрагазазваршчык Генадзь Янковіч, любая тэхніка патрабуе належнага догляду і своечасовага рамонту.

— Андрэй Іванавіч, што для Вас уяўляе праца на зямлі?

— Не больш і не менш, гэта святая і адказная справа, бо яна нясе ў прамым сэнсе жыццё. Ёсць жа і адпаведная пагаворка: быў бы хлеб, а ў хлеба людзі будуць. Гэта самая важная праца, якая забяспечвае харчовую бяспеку нашага народа, краіны. Што можа быць прыемней, чым бачыць вынік сваёй работы літаральна ўсюды: на сталах у кожным доме, на прылаўках магазінаў, на рознага роду прадуктовых выставах. Асаблівай любоўю да зямлі прасякнуты нашы ветэраны, якія закладвалі традыцыі калектыўнай працы, умацоўвалі матэрыяльна-тэхнічную базу гаспадаркі. Нізкі паклон ім ад усіх работнікаў ААТ «Ружаны-Агра» і шчырая ўдзячнасць за тое, што мы маем на дзень сённяшні.

Без моладзі няма і будучыні, з гэтым згодна кіраўніцтва ААТ «Ружаны-Агра». У сваю чаргу, задаволены ўмовамі працы, дадзенымі гаспадаркай, і маладыя спецыялісты — эканамісты Вольга Роўгач і Юлія Чыжык, бухгалтары Юлія Палубок і Хрысціна Гушча, эканаміст Алеся Масло і бухгалтары Кацярына Сімончык, Ганна Васілевіч і Юлія Сёмка.

— А калі ў лічбах расказаць пра сельгаставарыства?

— Па плошчы гаспадарка ў ліку самых буйных у Беларусі: аб’ём зямель, якія апрацоўваюцца, перавышае 18000 га. На іх мы вырошчваем збожжавыя і кармавыя культуры, садавіну і агародніну. У 2022 годзе дасягнулі ўраджайнасці ў 49,6 ц/га, валавы збор склаў больш за 31 тыс. тон. Таксама было сабрана звыш 2,5 тыс. тон яблыкаў, амаль 4 тыс. тон бульбы.

ААТ «Ружаны-Агра» на працягу многіх гадоў утрымлівае верхнія радкі рэйтынгу па вытворчасці малака і іншай прадукцыі жывёлагадоўлі. На пачатак 2023 года на 7 комплексах знаходзілася амаль 18 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 7100 галоў дойнага статка. За мінулы год надаілі 51860 тон малака. Дарэчы, гэтага штодзённа хапала кожнаму восьмаму жыхару нашай краіны. І паказчык гэты штогод нарошчваецца. Калі 20 гадоў таму планка ў 6 тысяч кг малака ад каровы здавалася недасягальнай, то сёння атрымліваем больш за 7 тысяч кг.

Што да вырошчвання мясных парод буйной рагатай жывёлы, то павялічыліся сярэднясутачныя прывагі на 47 грамаў, дзякуючы чаму на рэалізацыю было пастаўлена звыш 3200 тон мяса.

Вы не ведаеце, як прыгатаваць камбікорм? Пра гэта з задавальненнем раскажуць аператар Святлана Макарэвіч, начальнік цэха Мікалай Чаргейка, аператары Аляксандр Пракаповіч і Віктар Алізаровіч, аператар кацельні Уладзімір Маразевіч з камбікормавага завода ААТ «Ружаны-Агра».

— І ўсё ж галоўны рухавік прагрэсу гаспадаркі людзі?

— Без іх, працавітых і сумленных, у нашай справе нікуды. Стараемся ствараць камфортныя ўмовы працы і жыцця для работнікаў. Дзякуючы пералічаным вынікам, ААТ «Ружаны-Агра» сёння мае магчымасць забяспечыць занятасць 740 чалавек, або кожнага дзясятага жыхара раёна. І не проста працаўладкаваць, а гарантаваць годную аплату працы: сярэднямесячны яе рост у мінулым годзе склаў +18,5 %. А яшчэ паралельна гарантуем жыллё, максімальны сацыяльны і аздараўленчы пакет.

Усё павінна быць па норме і патрабуе праверкі, сцвярджаюць лабарант Лілія Глонці і загадчыца лабараторыі Таццяна Дарафей камбікормавага завода ААТ «Ружаны-Агра».

— А якія адметнасці ў ААТ «Ружаны-Агра» можаце назваць?

— Наша гісторыя мае пачатак, але фінал яе з пазіцый сённяшняга дня нават не праглядаецца. І гэта дзякуючы асаблівасці структурнай пабудовы акцыянернага таварыства. Нягледзячы на маштабнасць ружанскіх зямельных угоддзяў, апошнія сабраны дастаткова кампактна, у чым адчуваецца гаспадарчы падыход. Палі сабраны ў адзінае цэлае ад 100 да 700 га, каб аптымізаваць выкарыстанне энерганасычанай тэхнікі. Таксама маюцца буйныя жывёлагадоўчыя аб’екты, створана пад іх адпаведная вытворчая база, у неабходнай колькасці аснашчаны тэхнікай. Вось такое прадпрыемства мы атрымалі ў спадчыну для таго, каб прымнажаць яго дабрабыт штодзённай працай.

— Падзяліцеся, калі ласка, Андрэй Іванавіч, задумкамі на будучае.

— Адразу адзначу, што з такім зладжаным калектывам гаспадарка можа дасягнуць многага, асабліва калі работнікі на сваім месцы, перажываюць за вынік сваёй працы, часта ахвяруюць асабістым часам. Не менш важнымі з’яўляюцца ўзаемавыручка і разуменне паміж людзьмі ў калектыве «Ружаны-Агра». Вось гэта і дае падставу паказаць яшчэ большыя вынікі ў жывёлагадоўчым падраздзяленні. Плануем па штодзённых надоях выйсці да 200 тон малака. Будзем займацца нарошчваннем пагалоўя, паляпшаць забяспечанасць кармамі, адначасова павышаючы рэнтабельнасць адпаведных работ. У цэлым ёсць перспектывы павялічыць выручку на 2-3 мільёны рублёў у год, тым самым папаўняючы фонд заработнай платы.

У наступныя гады мы павінны звярнуць увагу на вырошчванне травяністых кармоў павышанай аддачы, напрыклад, падлічыць эканамічную эфектыўнасць ад работы з культурамі, якія даюць па 4-5 укосаў у год. Далей патрэбна актывізаваць работу з комплексамі: у прыватнасці, патрабуецца ўкараненне новых тэхналогій па ўтрыманні цялят.

У ААТ «Ружаны-Агра» вельмі духмяныя і цудоўныя на смак яблыкі. На падвязцы саджанцаў да апоры задзейнічаны садаводы Святлана Валашэнка і Любоў Касцюк.

Маштабных работ чакае і наш сад. У планах ушчыльніць пасадкі, тым самым павышаючы ўраджайнасць кожнага гектара, і адначасова замяніць некаторыя гатункі на больш пладаносныя.

У 2023 годзе запусцім каўбасную вытворчасць з больш паглыбленай перапрацоўкай. Узбагачэнне асартыменту прывядзе да таго, што будзем пашыраць уласную гандлёвую сетку з адкрыццём фірменнага магазіна ў Пружанах.

Хто з жыхароў раёна не спрабаваў мясную прадукцыю ад ААТ «Ружаны-Агра»? Рэцэпты каўбасак, карэйкі і іншых прысмакаў ведаюць абвальшчык-жылоўшчык Артур Кузьміч, вытворцы паўфабрыкатаў Ірына Варона і Ніна Макарэвіч, абвальшчык-жылоўшчык Андрэй Краўчук, якія працуюць у мясанарыхтоўчым цэху ў вёсцы Далкі.

Усё вышэйпералічанае прынясе адчувальную аддачу пры разумнай, падлічанай рэалізацыі планаў. Таму не трэба нават задумвацца аб фінале, яшчэ не адно пакаленне работнікаў ААТ «Ружаны-Агра» будзе ўносіць значны ўклад у харчовую бяспеку Беларусі.

Не за гарамі і чарговая ўборка ўраджаю, таму і рыхтуюць камбайны да агляду ў ААТ «Ружаны-Агра» слесары Дзяніс Бойдзіч і Віталь Бароўскі.

— Вашы пажаданні калектыву гаспадаркі з нагоды юбілею.

— Віншую ўсіх работнікаў ААТ «Ружаны-Агра» са знамянальнай датай — 60-годдзем роднай гаспадаркі! Зроблена многае, каб дасягнуць усяго таго, што ёсць цяпер. Шчыра жадаю развіцця, стабільнасці, фінансавага дабрабыту, каб усе пастаўленыя мэты і задачы былі выкананы ў тэрмін. Няхай не будзе перашкод на вашым шляху, калегі. Хай вам заўсёды хапае сіл для пачэснай працы на роднай зямельцы, дзеля дабрабыту нашай квітнеючай Беларусі. Шчасця вам, дарагія працаўнікі, здароўя непамернага і веры ў тое, што заўтра абавязкова будзе яшчэ лепш, чым сёння. З юбілеем!


Крышачку гісторыі

Датай заснавання ААТ «Ружаны-Агра» лічыцца 23 чэрвеня 1963 года, калі на ружанскіх землях узнік саўгас «Светлы шлях», які выдзеліўся са складу саўгаса «Ружанскі». Апошні ў свой час займаў 2/3 зямель Ружаншчыны. У зону адказнасці «Светлага шляху» былі адведзены землі паўночна- і паўднёва-заходніх частак ружанскага краю.

Праз 12 гадоў саўгас «Светлы шлях» быў перайменаваны ў эксперыментальную базу «Светлы шлях» па загадзе Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР ад 18 жніўня 1975 г. № 378.

З пачатку 2000-х гадоў адбываліся рэарганізацыі формы ўласнасці і кіраўніцкіх схем непасрэдна на самім прадпрыемстве. У выніку 11.05.2001 г. арганізацыя пачала называцца рэспубліканскім сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемствам «Эксперыментальная база «Светлы шлях». А праз год, 11 лістапада 2002 г., — дзяржаўным унітарным сельскагаспадарчым прадпрыемствам «Эксперыментальная база «Светлы шлях».

У 2004 годзе 14 чэрвеня арганізацыя набыла выніковую «шыльду», пад якой дзейнічае і па сённяшні дзень, — адкрытае акцыянернае таварыства «Ружаны-Агра». Менавіта гэта прадпрыемства стала «збіральнікам» ружанскіх зямель, якія ў свой час былі раздзелены паміж іншымі карыстальнікамі.

Першым у альянс увайшоў саўгас «Ружанскі», які да гэта паспеў «пабываць» племсаўгасам (1973-1982 гг.), а таксама камунальным унітарным сельскагаспадарчым прадпрыемствам, якое захоўвала «незалежнасць» да 24 кастрычніка 2008 года. У гэтым жа годзе да «Ружан-Агра» было далучана ААТ «Маеўскае», якое на той момант ужо стала правапераемнікам рэарганізаваных шляхам аб’яднання калгасаў «1 Мая» (Калазубы) і «Кавалі». А праз год уліліся плошчы ААТ «Варанілавічы» (3 лістапада 2009 года). У чэрвені 2011 года кіраўніцкія кадры пераехалі ў новы будынак канторы, які быў узведзены на вул. Урбановіча ў г.п. Ружаны.

Як сцвярджаюць цяперашнія работнікі ААТ «Ружаны-Агра», усе пературбацыі са зменамі формы ўласнасці або ўзбуйнення, як і сучасныя дасягненні, нельга лічыць пачаткам новай гісторыі. Гэта працяг слаўнага шляху ружанскіх аграрыяў да будучых дасягненняў і вяршынь, які суправаджаецца захаваннем памяці аб тых, хто сваёй працай закладваў цяперашні вытворчы падмурак, узгадоўваў новую змену хлебаробаў.


Гутарыў Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік