Наша прафесія займае асаблівае месца сярод іншых. Будаўнік — гэта, згадзіцеся, прызванне, якое становіцца справай жыцця тых людзей, хто больш за ўсё цэніць мір і стабільнасць, гатовы дарыць іншым вынікі сваёй нялёгкай працы. І сапраўды, самаадданая праца будаўнікоў дапамагае зрабіць нашы гарады і вёскі добраўпарадкаванымі і квітнеючымі.

Будаўніцтва — мірная дзейнасць, і менавіта на гэта скіравана наша арганізацыя, — ААТ «Рамбуд» г. Пружаны. Розныя часы перажывалі «рамбудаўцы», як і розныя нагоды весяліцца або сумаваць. Сёння мы маем зладжаны калектыў, які аснашчаны сучаснымі сродкамі вытворчасці і тэхнікай. Варта ўспомніць, што вялікі ўклад у сённяшні дабрабыт уклалі былыя кіраўнікі Іван Паўлавіч Вітко і Васілій Лявонцьевіч Кунінец. А таксама нашы паважаныя ветэраны — Тамара Мікалаеўна Крылова, Мікалай Аляксандравіч Чатырбок, Валянціна Іванаўна Грыцюк, Марыя Іосіфаўна Бучылка, Уладзімір Васільевіч Лімонін, Яўген Міхайлавіч Самусевіч, вынікамі пачэснай працы якіх мы карыстаемся і зараз, памнажаючы зробленае.

І трэба прызнаць, што запаветы і традыцыі старэйшых безумоўна выконваюцца. Гэта прасочваецца нават праз статыстычныя дадзеныя. У параўнанні з мінулагоднім адпаведным перыядам мы «падраслі» ў аб’ёмах падрадных работ амаль на 143%. Рост адзначаецца і ў атрыманай выручцы — крыху больш за 112%, дзякуючы чаму на сённяшні дзень наша будаўнічая арганізацыя працуе з «плюсавай» рэнтабельнасцю. Гэтыя лічбы тычацца самога прадпрыемства, але яны адбіваюцца і на дабрабыце кожнага «рамбудаўца». Напрыклад, у параўнанні з 2022 годам сёлета заработная плата будаўнікоў вырасла амаль на 115%. «Падрос» на 13 новых работнікаў і наш штат, які зараз складае 127 чалавек.
І кожны наш работнік, спецыяліст не сядзіць без справы. Толькі ў бягучым годзе «рамбудаўцы» працавалі і працуюць на шэрагу аб’ектаў горада і раёна. Сярод найбольш знакавых адзначу водазабор «Паўночна-заходні» ў райцэнтры.

Працяглы час у гэтай частцы горада існавалі праблемы з водазабеспячэннем, асабліва скардзіліся гараджане на слабы ціск вады ў магістралях у летні перыяд. Цяпер праблему вырашаць чатыры новыя свідравіны, аснашчаныя сучасным абсталяваннем. Гэты аб’ект даволі складаны, што стала пэўным выпрабаваннем для нашай арганізацыі. Справа ў тым, што работа прыбораў будзе кантралявацца дыстанцыйна з дапамогай адпаведнай тэлеметрыі. І неабходна было зрабіць усё бездакорна, каб дамагчыся безаварыйнай працы водазабору.

Таксама ў бягучым годзе наша арганізацыя ўдзельнічала ў капітальным рамонце з элементамі мадэрнізацыі лабараторнага корпуса цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Мы працягваем узводзіць яшчэ адзін шматпавярховы дом па вул. Майскай, дзе ў дадатак усе камунікацыі таксама пракладзены нашымі работнікамі. Дадаткова сёлета здалі ў эксплуатацыю дамы прысядзібнага тыпу ў вёсках Аранчыцы і Мокрае, выконвалі работы па ўладкаванні сістэмы арашэння кароўнікаў на МТФ у Вялікім Сяле. Зусім хутка закончым работы па рэканструкцыі аддзялення кругласутачнага знаходжання грамадзян састарэлага ўзросту і інвалідаў у аг. Лыскава. А яшчэ працягваем работы па ўзвядзенні шэрага сельскагаспадарчых аб’ектаў як у раёне (рэканструкцыя МТФ у аг. Стараволя), так і ў суседняй вобласці (будаўніцтва кароўнікаў і даільнай залы ў УСП «Новы Двор-Агра»).
Гэта пацвярджае, што нам хапае вопыту і сіл рухацца наперад. У калектыве «Рамбуда» ёсць нямала сапраўдных прафесіяналаў, сярод якіх адзначу муляраў Аляксандра Рупеку, Дзмітрыя Шапавалава, Сяргея Бардасевіча, Мікалая Гульковіча, Мікалая Губарыка, майстра будаўнічых і мантажных работ Рамана Шапавалава, мантажніка сантэхабсталявання Андрэя Невяровіча, машыніста экскаватара Мікалая Каравая, вадзіцеляў Аляксандра Коверзнева, Паўла Віцько, Мікалая Валчка, прараба Міхаіла Каралюка, электрагазазваршчыка Віктара Койпіша, слесара Андрэя Астанкава, матарыста Аляксандра Аліфера.
Усіх «рамбудаўцаў», а таксама калег з іншых будаўнічых арганізацый віншуем з прафесійным святам — Днём будаўніка! Жадаем годных праектаў і творчых рашэнняў, удачы ў рэалізацыі ўсяго запланаванага, смелага пакарэння намечаных вышынь. І, безумоўна, моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту вашым сем’ям!
Аляксандр Апаляйчук, дырэктар ААТ «Рамбуд» г. Пружаны. Фота Кацярыны Масік