Среда, 17 декабря 2025

ААТ «Радзіма» гатова стаць малой айчынай! Чым сельгаставарыства прываблівае сваіх работнікаў

720

Сельгаставарыствы раёна пастаянна запрашаюць да сябе на працу, у тым ліку і маладых людзей. Ёсць немалая колькасць вакансій, пачынаючы ад галоўных спецыялістаў і заканчваючы жывёлаводамі і паляводамі. Паспрабуем разабрацца, што трэба зрабіць кіраўніцтву любой гаспадаркі, каб прыцягнуць да сябе адказных і працавітых работнікаў.

На цяперашні момант проста гучных слоў ужо мала, каб завабіць тых жа маладых хлопцаў і дзяўчат у сельскую гаспадарку. Яны абавязкова і пра жыллё пацікавяцца, і пра заработную плату. А ў дадатак, якая інфраструктура на тэрыторыі таварыства? Ці маецца месца для правядзення вольнага часу? І гэта справядліва, бо вёска і горад не павінны мець вялікага размежавання ў даступнасці розных жыццёвых даброт.

Вось таму ў тым жа ААТ «Радзіма» ўвесь час стараюцца прымаць усе магчымыя меры, каб паказаць: жыццё ў сельскай мясцовасці — гэта не толькі свежае паветра, але і магчымасць праявіць свае працоўныя здольнасці, якія ў любым выпадку будуць па вартасці ацэнены.

Стэла «Радзіма», гаспадарка шчыра запрашае да сябе на працу.

Стэла «Радзіма» на пад’ездзе да таварыства. Што яна можа сказаць? Але ж тэатр пачынаецца з вешалкі, пра гаспадара можна сказаць, толькі зайшоўшы на падворак. Так і тут. Стэла мае прыгожы эстэтычны выгляд, прыцягвае позірк, калі едзеш па аб’язной дарозе ў напрамку аг. Лыскава. Згадзіцеся, калі б яна была абшарпанай, першае ўяўленне аб гаспадарцы ўзнікла б не самае лепшае, маўляў, нават на абнаўленне ўязнога знака і тое грошай не хапае. Але ж гэта толькі эстэтыка, скажуць скептыкі, таму едзем углыб сельгаставарыства.

Дырэктар сельгаставарыства Дзяніс Кулеша, бацька чатырох дзяцей, добра ведае, што клопат пра малых — святы абавязак дарослых.

Аграгарадок Лыскава, прыгожы і ўтульны. Канечне, адлегласць ад Пружан у 44 км можа і напужаць моладзь. Але ж населены пункт мае ўсё для паўнацэннага жыцця: амбулаторыю агульнай практыкі, прадуктовыя магазіны, кафэ, бібліятэку і інш. Уладкоўваемся на працу ў ААТ «Радзіма» і з упэўненасцю глядзім у будучыню, будзе і жыллё, і заработная плата. Стварылі сям’ю? Смела дарыце новае жыццё! Як пісала «раёнка» раней, у гаспадарцы стала традыцыяй адзначаць падарункамі дні нараджэння дзетак сваіх работнікаў. З нядаўняга часу ў цэнтры населенага пункта сельгаставарыства за 8000 рублёў усталявала дзіцячую пляцоўку, якая карыстаецца попытам у хлопчыкаў і дзяўчынак. У хуткім часе яна будзе перададзена на баланс Зеляневіцкага сельвыканкама. Ці чакаць яшчэ ўвагі ад гаспадаркі малым гарэзам? Не будзем раскрываць усе сакрэты, пакінем што-небудзь і на дэсерт.

Якая прыгожая і рыбная гэтая водная прастора!

А які беларус не любіць рыбалку? І тут пастаралася кіраўніцтва ААТ «Радзіма». Сажалка каля в. Магілёўцы ў арэндзе сельгаставарыства знаходзіцца з 2015 года. Апошнія гады вадаём быў прадстаўлены сам сабе, што не спрыяла іміджу гаспадаркі. Цяперашні кіраўнік Дзяніс Кулеша вырашыў сур’ёзна заняцца гэтым пытаннем — і справа зрушылася з мёртвай кропкі. У бягучым годзе зарыбілі сажалку малькамі амура, карпа ў агульнай вазе 400 кг. Правялі добраўпарадкаванне прыбярэжнай зоны, усталяванне масткоў для рыбнай лоўлі. А вада ж у вадаёме праточная і чыстая, таму і ўлоў мае быць у будучым шыкоўным. Плаці невялікія грошы — і атрымлівай асалоду ад зносін з прыродай. Дарэчы, у купальны сезон можна не толькі пазагараць каля сажалкі на пляжы, але і пакупацца, а за вашай бяспекай будуць пільна сачыць матросы-выратавальнікі.

Канечне, адразу ўсё давесці да толку проста немагчыма. Грошы ў любым сельгаставарыстве патрэбны і на закупку гаруча-змазачных матэрыялаў, і на запчасткі, і на заработную плату. Ды мала яшчэ на што! Але калі мець моцнае жаданне зрабіць жыццё сельскіх працаўнікоў хоць крышачку лепшым, тады, няма сумнення, усё атрымаецца. А калі яшчэ разам узяцца…

Вадзім Раўнейка

Фота Кацярыны Масік