
На мінулым тыдні работнікі прадпрыемства прынялі ўдзел у Міжнароднай выставе «ПРАДЭКСПА-2023», куды
адправіліся адразу пасля паездкі ў Кітай.
Каб быць паспяховым, сёння важна не проста выдзяляцца на рынку, але і ўмець канкурыраваць і, прапаноўваючы новы прадукт, не забываць пра якасць ужо любімых спажыўцом тавараў. Такога тэзісу на працягу многіх гадоў прытрымліваецца ААТ «Пружанскі малочны камбінат».

Пляцоўка штогадовага прэстыжнага мерапрыемства ўжо добра вядома пружанцам. Кожны раз, адпраўляючыся на «ПРАДЭКСПА» і выбіраючы, што прадэманстраваць гасцям выставы і прадставіць на суд экспертаў, работнікі камбіната нібыта здаюць залік самім сабе: што новага з’явілася ў вытворчай лінейцы і ці будуць задаволены патрабавальныя крытыкі.
Сёлета гэты залік здадзены на «выдатна», пацвярджэннем чаму сталі дыпломы Міжнароднага дэгустацыйнага конкурсу якасці харчовай прадукцыі «ПРАДЭКСПА-2023. Традыцыі. Якасць. Інавацыя».
Пружанскі малочны камбінат вярнуўся адразу з двума дыпломамі лаўрэата.
Першы — у намінацыі «Адкрыццё года». Такім конкурсная камісія вызначыла масла сметанковае закусачнае салёнае, з часнаком і кропам, з масавай доляй тлустасці 62%, якое на паліцах магазінаў можна ўбачыць пад гандлёвай маркай «Шчодрыя Пружаны». Навінку, нагадаем, прэзентавалі акурат напярэдадні важнай для райцэнтра даты — 590-гадовага юбілею. Трэба сказаць, што за гэты час атрымалі масу станоўчых водгукаў ад спажыўцоў. Усё таму, што да дня нараджэння Пружан салёнага масла ў лінейцы не было. Зараз жа — адразу два найменні. Яшчэ не каштавалі салодкавяршковае «Сялянскае» салёнае? Камбінат запрашае ў фірменныя магазіны!

Любы прадукт, якім бы смачным ён ні быў, важна ўмела прэзентаваць спажыўцу. А ён, як вядома, выбірае вачыма. Таму і прывабная ўпакоўка — калі не палова справы, то дакладна адыгрывае не апошнюю ролю. У гэтым плане прыемна выдзяляюцца сырныя галовы вытворчасці пружанскай «малочкі». Прыцягвалі ўвагу яны на вітрыне падчас самой выставы «ПРАДЭКСПА», робяць гэта і ў магазінах «Верас». Дызайн з густам аформленай упакоўкі журы ацаніла.
Другі дыплом сёлета — за лаўрэацтва ў намінацыі «Лепшая ўпакоўка» за сыр «VAN GOLD MAASDAM» з масавай доляй тлустасці 46%.

Што ж было падчас самой выставы? На працягу чатырох дзён на сталічным футбольным манежы можна было азнаёміцца з прадукцыяй больш як 130 вытворцаў. Акрамя вядомых у краіне кампаній, былі прадстаўлены расійскія, туркменскія, в’етнамскія і ўзбекскія вытворцы. І, канечне, не абышлося без шматлікіх дэгустацый. Пружанскае прадпрыемства на іх прадстаўляла розныя віды цвёрдых і плаўленых сыроў, ужо любімых як у нашым раёне, так і за яго межамі. За актыўны ўдзел у 29-й Міжнароднай спецыялізаванай аптовай выставе-кірмашы малочны камбінат адзначаны дыпломам і статуэткай у форме яблычка — ужо шматгадовага сімвала «ПРАДЭКСПА».

Новыя ўзнагароды занялі сваё месца сярод іншых, заваяваных работнікамі прадпрыемства. Наперадзе — новы год, а значыць, новыя ідэі, прадукты, выставы і, канечне, узнагароды!
Уладзіслаў Шпарла. Фота Іны ІВАНОВАЙ