Четверг, 5 декабря 2024

ААТ «Пружанскае»: мы ганарымся жаночай паловай калектыву

618

Вясна. Час пачатку новага кругазвароту жыцця ў прыродзе, абуджэнне ад зімовай спячкі. З якім задавальненнем мы назіраем за з’яўленнем першай кветачкі, першага лісточка на дрэве! Якім пяшчотным здаецца вясновае сонейка, якія трэлі выдаюць птушкі, што вярнуліся з выраю! Нібы гімн усяму жывому спяваюць! Жыць хочацца, тварыць, дарыць любоў і пяшчоту.

Прыгожыя і абаяльныя жанчыны, якім да пары толькі сур’ёзныя мужчыны. Да такіх падысці — толькі з вялікім букетам ружаў.

На здымку: бухгалтар Святлана Палішук, намеснік галоўнага бухгалтара Вольга Дзмітрэнка, бухгалтары Святлана Нячаева, Юлія Макаед, Кацярына Трус і галоўны бухгалтар Марыя Ахрамчук.

І для гэтага ёсць цудоўная нагода — свята нашых самых лепшых і любімых жанчын, Дзень 8 Сакавіка.

Першае вясновае свята, якое дае нам, мужчынам, магчымасць у чарговы раз даказаць нашым любым сваю адданасць, шчырасць у адносінах, праявіць сваю галантнасць і паказаць, што яны — гэта наша надзея на ўсё самае лепшае і спакой у сям’і. Канечне, насіць на руках нашых жанчын патрэбна кожны дзень, як і дарыць кветкі. Але 8 Сакавіка нашы любімыя бабулі, мамы, сястрычкі, канечне, жонкі чакаюць нечага большага, светлага, непаўторнага.

Можна толькі пазайздросціць садоўніку, які працуе ў такім цудоўным і духмяным кветніку. Праўда, яму трэба быць пільным, каб якую архідэю не ўкралі! Ды хто ж падорыць яшчэ столькі пазітыву і натхнення, як ні гэтая чароўная, бясцэнная палова чалавецтва? Галоўнае для мужчын, быць для іх апорай і надзейнай аховай.

На здымку: галоўны эканаміст Таццяна Бушук, спецыяліст аддзела кадраў Вольга Гарус, юрысконсульт Святлана Шыпуль.

І тут ужо справа за моцнай паловай чалавецтва. Гэта можа быць і святочны стол, і незабыўныя паездка, і нечаканы падарунак. Галоўнае, каб адчувалася атмасфера шчырасці, любові, кахання, каб хоць адзін дзень любімыя адчулі сябе каралевамі балю. Паверце, ім вельмі гэта патрэбна! Яны заслугоўваюць таго, каб іх абагаўлялі, абаранялі, каб нашы любімыя былі ў цэнтры ўвагі.

Звычайна так і бывае: на працы жанчыны — адказныя і сумленныя работніцы, а дома з’яўляюцца прыкладам пяшчоты, дабрыні, спагады і ласкі.

На здымку: спецыялісты МТК «Гарадняны» — лабарант Людміла Шышко, заатэхнік-селекцыянер Алена Апановіч і памочнік начальніка комплексу Людміла Раманчук.

Сапраўды, куды мы без нашых непаўторных і адзіных? Яны ж часам не проста любімыя, але і апора, і надзейны тыл, і дарадчыцы, і памочніцы. А ў рабоце могуць паказваць куды больш значныя вынікі, чым мужчыны. Гэта ўжо неаспрэчны факт. Напрыклад, ААТ «Пружанскае» па праве ганарыцца жаночай паловай калектыву, на якой трымаецца і эканоміка гаспадаркі, і надоі малака, і іншыя сферы дзейнасці таварыства. Нашым паважаным і любімым жанчынам можна давяраць любы фронт работ і быць упэўненым, што ўсё будзе зроблена на вышэйшым узроўні, бездакорна. Вось такія яны ў нас малайцы!

Ды і ў паўсядзённым жыцці цяжка любімым знайсці замену. Хто, як не яна, даглядае і выхоўвае дзяцей, робіць дом утульным, каб заўсёды прыемна было туды вяртацца? А смачныя стравы, якімі балуюць сваіх мужчын?.. Ды што тут гаварыць, калі менавіта жанчыны даюць пачатак новаму жыццю, працяг роду, як і вясна кожны год прыносіць ажыўленне ў прыродзе. Таму 8 Сакавіка — светлае свята ў светлую пару года.

Цяляты таксама, нібы дзеці малыя, адчуваюць стаўленне да сябе, адгукаюцца на клопат і ласку, патрабуюць увагі. І атрымліваюць яе не толькі ў будзённыя дні, але і ў святы: такая ўжо тут спецыфіка працы.

На здымку: цялятніцы МТК «Гарадняны» Кацярына Разіна і Таццяна Гуга.

Няхай вясенняе сонейка растопіць увесь смутак, сагрэе сваімі прамянямі і падорыць цудоўны настрой. Жадаю бязмежнага шанцавання, цудоўнай любові, бездакорнага здароўя і абсалютнага шчасця!

Аляксандр Кот, дырэктар ААТ «Пружанскае»


Самыя прыгожыя, абаяльныя, чароўныя, самыя асляпляльныя нашы жанчыны! Прыміце гэтае віншаванне з нагоды 8 Сакавіка – самага пяшчотнага і сонечнага свята!

Са святам, мілыя жанчыны!
Ад сэрца — усяго, чаго душа жадае,
Каб сумаваць ніколі не было прычыны.
Хай кожна кветка чмеліка ды мае.
І жыць заўсёды ў спакоі.
Не ведаць бедаў вам ніколі.

Каб гумар усіх суправаджаў.
Здароўя Божа каб усім даў.
Яшчэ нам хочацца сказаць:
Заўсёды так вось выглядаць.
Каб усе мужчыны перад вамі
Адразу падалі снапамі.

А ў свята мы ўсім жадаем
Вам дабрабыту, шчасця, грошай.
Мы вас моцна ўсіх кахаем!
Хай не будзе цяжкай жыцця ноша.

З вялікай павагай да вас, усе мужчыны ААТ «Пружанскае».